Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква прадае беларускім дзецям расфарбоўкі пра расейскіх салдат


У адным зь менскіх праваслаўных храмаў прадаецца дзіцячая кніжка-расфарбоўка «Христианский подвиг нашего времени» з намаляванымі салдатамі ў расейскай форме і са зброяй у руках.

Кніжка выдадзена ў Маскве ў 2014 годзе і дапушчана да распаўсюду Выдавецкай радай Рускай праваслаўнай царквы. Расфарбоўка характарызуецца як рэлігійнае духоўна-асьветніцкае выданьне для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту.

Сяргей Лепін: Праваслаўная царква ўхваляе патрыятызм са зброяй у руках

Прэс-сакратар Менскага епархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін адзначыў, што ня бачыў менавіта гэтай расфарбоўкі і дапускае, што яна можа ўтрымліваць нешта заганнае. Але заявіў, што ў цэлым патрыятызм са зброяй у руках ухваляецца праваслаўнай царквой як адна з ідэяў выхаваньня дзяцей:

«Калі казаць пра дапушчальнае і недапушчальнае, што да выяўленьня ў дзіцячых кнігах салдатаў, то я думаю, што гэта больш чым дапушчальна. Таму што праваслаўнае выхаваньне ўтрымлівае ў сабе ідэю выхаваньня ў духу патрыятызму, які для хлопчыкаў, сярод іншага, падразумявае любоў да сваёй радзімы і гатоўнасьць яе абараняць. Таму я нічога кепскага тут ня бачу. Праваслаўе заўсёды, сярод іншага, акцэнтавала ідэю, згодна зь якой хлопчык — гэта будучы воін, які павінен умець абараняць Айчыну. І Царква ня супраць абароны сваёй краіны са зброяй у руках. Мы ж ня толькі языкамі павінны абараняць Айчыну. Увогуле, ні праваслаўная, ні каталіцкая, ні лютэранская цэрквы ня супраць магчымасьці і нават неабходнасьці абароны радзімы ў выпадку небясьпекі са зброяй у руках. Што тут кепскага можа быць?» — заявіў Свабодзе Сяргей Лепін.

На сайце праваслаўнай інтэрнэт-крамы «Зёрна» расфарбоўка прадстаўленая так: «Нашы продкі праславілі свае імёны дзівоснымі перамогамі над ворагамі Айчыны. Сярод іх — Ільля Мурамец, сьвятыя князі Аляксандар Неўскі і Дзьмітры Данскі, і многія іншыя. Незабыўныя ратныя подзьвігі ўдзельнікаў Айчыннай вайны 1812 году і Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў. Аднак і ў наш час ёсьць месца подзьвігу. Гэтая кніга-размалёўка распавядае юнаму чытачу пра герояў чачэнскай вайны, якія аддалі свае жыцьці дзеля славы Айчыны».

Аляксей Шэін: Трэба, каб такія расфарбоўкі былі зь беларускімі жаўнерамі

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і бацька траіх хлопчыкаў Аляксей Шэін лічыць, што такое дзіцячае выданьне было б апраўдана толькі ў выпадку, калі б у ім былі намаляваныя беларускія жаўнеры.

«Сапраўдны хрысьціянскі подзьвіг — гэта дапамога людзям. Дапамога справамі і словам падтрымкі, суцяшэньня.

Калі казаць пра гэтую расфарбоўку, то нельга адмаўляць, што ў нейкіх форс-мажорных абставінах хрысьціяне мусяць абараняць сваю зямлю. Гэта нармальна, калі хрысьціяне ідуць на вайну, абараняючы сваю зямлю. Але захопніцкая агрэсіўная вайна ня мае нічога супольнага з хрысьціянскім подзьвігам. Можна ўзгадаць выпадкі, калі імем Бога прыкрывалі экспансіянісцкія інтарэсы, жаданьне захапіць і зьнішчыць. Тут можна ўзгадаць Адольфа Гітлера і ягоную армію, салдаты якой на спражках мелі надпіс „Бог з намі“. Калі казаць пра захопніцкую ідэалёгію, то яна ня мае нічога супольнага з хрысьціянствам. Увогуле ў Бібліі напісана, што пракляты той, хто перасоўвае мяжу. А тое, што мы бачым у паводзінах Расейскай Фэдэрацыі, якая захоплівае чужыя тэрыторыі, — гэта антыхрысьціянскія паводзіны.

Увогуле, незразумела, чаму такая кніжка прадаецца ў нас. Было б някепска, калі б на такой расфарбоўцы былі беларускія жаўнеры, якія змагаліся з захопніцкімі войскамі ў 1514 годзе, зьдзяйсьняючы абарончы хрысьціянскі подзьвіг. Альбо калі б гэта былі беларускія рыцары ці жаўнеры Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты было б добра. А калі мы бачым на размалёўках, якія прадаюцца ў Менску, салдатаў у расейскай форме, гэта павінна як мінімум узбудзіць пытаньне ў тых, хто такія кніжкі бачыць. А тыя, хто іх прадае, мусіць разумець, што салдаты ў расейскай форме для беларускіх дзетак — поўны нонсэнс. Асабліва калі ўлічваць вайну, якая ідзе паміж Расеяй і Ўкраінай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG