Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палітолягі шукаюць «Новыя ідэі для Беларусі»


Рыгор Астапеня

Рыгор Астапеня



25 і 30 чэрвеня ў Менску адбудуцца круглыя сталы, арганізаваныя інтэрнэт-часопісам «Ідэя». Мадэратарам абодвух форумаў выступіць галоўны рэдактар выданьня Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня нарадзіўся ў 1990 годзе ў Салігорску. Скончыў магістратуру Варшаўскага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны». Стала піша для «Нашай Нівы» і Belarus Digest. Лічыць, што ягоная праца журналіста-аналітыка і дзейнасьць часопіса «Ідэя» не павінны абмяжоўвацца інфармаваньнем, а маюць станавіцца часткай грамадзкага жыцьця краіны і спрыяць фармаваньню супольнасьцяў.

Ідэя сайту IdeaBY.org паўстала ў 2012 годзе і аб’яднала маладых людзей, якія навучаюцца ў Беларусі, ЗША і Заходняй Эўропе, а таксама выпускнікоў розных ВНУ.

«IdeaBY.org — гэта спроба беларускага мысьленьня ў глябальным сьвеце. Мы верым у тое, што СМІ, якім ёсьць сайт, не павінны абмяжоўвацца нейкімі рамкамі, яны павінны выходзіць далей за межы інтэрнэт-прасторы, фармаваць супольнасьці людзей. Вось цяпер для гэтага мы ладзім круглыя сталы», — тлумачыць Свабодзе Рыгор Астапеня.

Першы круглы стол, які пройдзе 25 чэрвеня, будзе прысьвечаны становішчу Беларусі ў сытуацыі ўкраінскага крызісу. Удзельнікі сустрэчы абмяркуюць урокі і наступствы канфлікту ва Ўкраіне для Беларусі. У якасьці экспэртаў запрошаныя шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько, доктар палітычных навук Сяргей Кізіма і намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец.

Рыгор Астапеня згодны, што ніводзін палітоляг пакуль ня можа прадказаць, як будуць разьвівацца падзеі ва Ўкраіне і чым скончыцца канфлікт, але перакананы, што падчас панэльнай дыскусіі прагучаць цікавыя меркаваньні пра тое, якім чынам далей будуць будавацца стасункі паміж Украінай і Расеяй і які эфэкт яны будуць аказваць на Беларусь.

«Тут важна тое, што і ў Расеі, і ва Ўкраіне, прынамсі, ёсьць дыскусія што да канфлікту, і яна сьведчыць пра ўсьведамленьне ў грамадзтве важнасьці тых ацэнак, якія будуць зробленыя. У Беларусі ёсьць недахоп такога абмену думкамі паміж прадстаўнікамі розных сфэраў, рознымі экспэртнымі групамі. У тым ліку і праз гэта мы вырашылі арганізаваць такі круглы стол», — кажа Рыгор Астапеня.

30 чэрвеня пройдзе дыскусія «Новыя ідэі для Беларусі». Сьпікерамі будуць кіраўнік ініцыятывы "Кінаконг«Андрэй Кім, каардынатар «Студэнцкай рады» Алесь Крот, намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец і грамадзкі актывіст Іван Шыла.

«Я спадзяюся, што ў нашай краіне мы прыйдзем да таго, што ня будзем дзяліць на „100 ідэяў для Беларусі“ (акцыя, якую штогод ладзіць БРСМ) і „Новыя ідэі для Беларусі“. Было б нават добра запрасіць прадстаўнікоў БРСМ. Калі ёсьць ідэя, якая ўмацуе грамадзтва, то няма розьніцы, ад каго яна паходзіць — ад актывіста БРСМ ці ад дэмакратычнага актывіста», — кажа Рыгор Астапеня.

Арганізатары круглых сталоў мяркуюць, што праект дасьць штуршок новай цыркуляцыі ідэяў у Беларусі і што канкрэтныя ідэі і праекты будуць прадстаўленыя ўжо падчас наступных мерапрыемстваў, якія адбудуцца ўвосень у Менску і іншых гарадах Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG