Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт возьмуць пад дадатковы кантроль


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала пагадненьне аб супрацоўніцтве дзяржаў удзельнікаў СНД у галіне забесьпячэньня інфармацыйнай бясьпекі.

Гэтую дамову падпісалі толькі 6 з 11 краінаў СНД.

Неабходнасьць ратыфікацыі абгрунтоўваў перад дэпутатамі старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык.

Старшыня КДБ прывёў прыклад: падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў інтэрнэце было зафіксавана, што ў Менску знаходзіцца самаробнае выбуховае прыстасаваньне, і засталося толькі яго ўзарваць. Як высьветлілі супрацоўнікі спэцслужбаў, адзін адрасат гэтага паведамленьня знаходзіўся ў Беларусі, другі — у расейскім Санкт-Пецярбургу. Спэцслужбы здолелі даведацца, што хлопец зь дзяўчынай вырашылі такім чынам пажартаваць.

Вакульчык распавёў і пра іншы выпадак:

«Карыстальнік інтэрнэту з Паўночнага Каўказу на ўдачу набраў менскі нумар і паведаміў пра тое, што ў Менску рыхтуецца выбух. Калі б нашы спэцслужбы не адсочвалі такія паведамленьні, дык невядома, ці пасьпелі б мы мабільна адрэагаваць на такое паведамленьне, хоць яно было і несапраўдным».

Валерый Вакульчык таксама прывёў некалькі лічбаў:

«За мінулы год спэцслужбы Беларусі выявілі 102 інтэрнэт-рэсурсы, дзеяньні якіх носяць супрацьпраўны характар. Дзякуючы супрацоўніцтву спэцслужбаў у краінах СНД было заведзена больш за тысячу крымінальных спраў».

Вакульчык таксама сказаў, што амаль кожны месяц спэцслужбы Беларусі знаходзяць у інтэрнэце людзей, якія абменьваюцца досьведам прыгатаваньня выбуховых сродкаў. Адны робяць гэта з хуліганскіх мэтаў, іншыя — толькі зь цікаўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG