Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дача Быкава як салдацкі шынель сярод генэральскіх кіцеляў


Лецішча Васіля Быкава

Лецішча Васіля Быкава

Да дачнага пасёлку Ждановічы-6, дзе было лецішча Васіля Быкава, у якім адкрываецца музэй пісьменьніка, дабрацца ня так лёгка. Пасёлак схаваўся ў лесе каля Менскай кальцавой дарогі і вадасховішча Дразды. У лесе высечаныя тры паляны, на якіх з канца 50-х гадоў атрымлівалі дачныя ўчасткі спачатку перадавікі аднаго зь менскіх заводаў, а пасьля творчая і партыйная эліта краіны. Роўна 30 гадоў таму, на сваё 60-годзьдзе, атрымаў тут участак і Васіль Быкаў. Тут жывуць і адпачываюць кампазытар Ігар Лучанок, славутая лёгкаатлетка Марыя Іткіна. І таму я зусім не зьдзівіўся, калі пабачыў, як тут шпацыруе Мечыслаў Грыб. Былы кіраўнік Беларусі правёў мяне да быкаўскага дому.

— Ён быў чалавек спакойны. Але малагаваркі. Ён не любіў гаварыць па розных пытаньнях. Доўга разважаць пра што-небудзь. Спрачацца. Ён быў шчыры беларус. Сьціплы чалавек. Вось яна, дача яго. Бачылі? Вось гэтая пабудова. Замкі павесілі новыя. Зьнешне прывялі ў парадак. Вокны паставілі новыя. У яго былі старыя вокны. Нешта робяць. Зямлю ён тут не абрабляў. Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб



Сярод сёньняшніх палацыкаў і катэджаў, якія павырасталі на месцы колішніх драўляных дач, дом Быкава выглядае як салдацкі шынель сярод генэральскіх кіцеляў. Нетынкаваная, з шэрай цэглы будыніна пад плоскім дахам. Нават два паверхі не дадаюць выгляду гэтага дому нейкай шыкоўнасьці. Сусед Быкава, што жыве насупраць, знакаміты піяніст Аляксандар Мільто, памятае, як будаваўся гэты дом. Аляксандар Мільто

Аляксандар Мільто


— Дом, канечне, ня вельмі ўдалы зрабілі. Ён у гэтым амаль ня ўдзельнічаў. Ён грошы даў, нехта спраектаваў. Там вельмі цёмна, там усяго адзін пакой. Яму спраектавалі, напэўна, для таго, каб ён там прыёмы ладзіў. Здаравенны стол быў. Ён і цяпер там. Усё аднавілі. Малайцы. Стол і вакол 12 крэслаў.

— Канфэрэнц-заля такая.

— Так. Ад гэтай залі да самага даху — адна прастора. Вядома, уражвае. Пяць мэтраў вышыня! Хтосьці ж яму так спраектаваў. Прычым ня толькі гэта. Яны зрабілі яму плоскі дах, і там увесь час па краях цякло. А самі яны там, здаецца, ні разу не начавалі. Раніцай прыяжджалі і вечарам ад’яжджалі. Яму вельмі падабалася, што там бярэзьнік. І ён, калі там адну бярозу падрапалі, калі будавалі, ён яе хадзіў і замазваў. Першая бяроза ад уваходу. Мы з гэтага бярэзьніку маем навар. Бо там кожную восень падбярозавікаў поўна. Ня трэба нікуды хадзіць. Цяпер туды ўжо ня пройдзеш. Закрыта ўсё. Дваццаць гадоў мы зь імі добра жылі. Ён быў вельмі ўважлівы, калі ад’яжджаў. Заўжды пытаўся, ці трэба падвезьці. Вядома, хадзілі адзін да аднаго ў госьці. Ён нават у кнізе сваёй напісаў пра маю маці, што яна яму паведаміла пра Чарнобыль. Вельмі любіў яе стравы. Галубцы, бліны.

— А чаму ён там амаль ня жыў?

— Мы самі зьдзіўляліся. Ён прыяжджаў. Ён там працаваў. У яго быў свой кабінэт. Вялікі пакой амаль увесь дом займае. А наверсе два пакойчыкі. Адзін — ягоны кабінэт. Там, уласна кажучы, і паспаць няма дзе. Там вельмі цёмна. Вакол жа бярозы. І мы ім параілі на гаражы зрабіць вэранду. Яму больш за ўсё падабалася там быць.

Гэтая вэранда над гаражом, праз вакно якой бачны быкаўскі таршэр, і сёньня выглядае адзіным утульным, абжытым і цёплым месцам у доме. Я бы параіў будучым музэйшчыкам абавязкова ўключыць гэты таршэр. Эфэкт будзе неверагодны. Зрэшты, уключыць трэба ня толькі таршэр.

— У яго стаяў прыёмнік у куце. Калі трапіце, убачыце. Я ня ведаю, стаіць ён ці не. Я калі да яго прыходзіў, ён сядзеў і слухаў радыё. Свабоду, «Нямецкую хвалю» і Бі-бі-сі. Я зьдзіўляюся, чаму ён пайшоў у народ. Дзіўная рэч. Хварэў за гэтую справу. Яшчэ магу сказаць, што я зь ім за мяжой сустракаўся. У 2000-м годзе. У Франкфурце. Мы давалі там канцэрты. Яны з Ірынай Міхайлаўнай прыйшлі на вакзал. Ён мне пляшку гарэлкі на дарожку. Па-першае, пабачыцца. А па-другое, ён перадаў мне дыскету з тым тэкстам, які называецца «Доўгая дарога дадому».

— У вас была пачэсная місія.

— Так. Ён думаў, што наўрад ці мяне нехта будзе абшукваць. І тут яе апублікавалі.

А між тым суседзі пісьменьніка сустрэлі вестку пра будучы музэй без асаблівага энтузіязму. За стан дачнай дарогі хвалюецца былы галава мінскай вобласьці Альфонс Тышкевіч.

— Я сказаў кіраўніцтву рэспублікі: як вы будзеце музэй адкрываць, калі там ні пад’езду, ні вады, ніякіх камунальных умоваў для наведнікаў?
Я сказаў кіраўніцтву рэспублікі: як вы будзеце музэй адкрываць, калі там ні пад’езду, ні вады, ніякіх камунальных умоваў для наведнікаў?
Проста стаіць домік, і ўсё. Машыну паставіць няма дзе. Мы тут самі дарогу рабілі. Калдобіна на калдобіне была.

Вось сярэдняга веку спадар непакоіцца за санітарны стан лесу.

— Нас больш цікавіць, што сюды людзі будуць прыяжджаць. Стаянка, аўтобусы і туалеты. Музэй хочуць зрабіць, а стаянкі і туалета не зрабілі. Хай на здароўе езьдзяць. Хто супраць? Паважаны чалавек. Але не прадумалі пытаньня са стаянкай і туалетам. Усе людзі.

А іншы сусед Быкава, высокі пэнсіянэр, наадварот, нічога страшнага ня бачыць.

— Можа, ня вельмі добра, што тут аўтобусы будуць езьдзіць, людзі хадзіць. Але нічога страшнага. Ну, нічога страшнага. Адзінае, што яны там маглі зрабіць? Радуе тое, што пра яго памятаюць. Гэта радуе.

А вось кабета, якая зусім не разумее, чаму музэй Быкава павінен быць менавіта тут.

— Ня помнім Васіля Быкава? Вы што, звар’яцелі? А зь ім тут ніхто не кантачыў.

— А чаму? Ён быў чалавек...

— Замкнёны. І яны мала тут былі. Ён тут амаль ня быў.

Гэта ўсё людзі, зь якімі пісьменьнік амаль не кантактаваў. У адрозьненьне ад Марыі Маляўкі. Былой партызанскай сувязной, якая вайну ведала не па кнігах. Невысокую рухавую пані Марыю, якой пры ўсім жаданьні не дасі 91 год, можна назваць старажылкай гэтага пасёлку. Яна пабудавалася тут у далёкім 57-м.

— Звычайны натуральны беларус. У поўным сэнсе гэтага слова. Просты ў побыце. У стасунках зь людзьмі. Ніколі не фанабэрыўся. Я падчас вайны тут была, і ў нас часта ўзьнікала размова на такую тэму. «Вось вы пісалі пра тое, пра тое. Гэта з домыслам сваім? Ці гэта было канкрэтна?» Ён казаў: «Мае расказы, калі я непасрэдна кантактаваў падчас гэтых падзеяў, я пісаў з чалавека так, як яно ёсьць». У побыце проста сябе паводзіў. «Як справы?» «Як пачуваецеся?»

Цікава слухаць старую Марыю на тэму «сапраўднага беларуса». Яна мае на ўвазе ня мову і ня кроў. А стыль паводзін. І галоўная прыкмета беларускасьці ў вэрсіі Марыі, кажучы сёньняшнімі словамі, — адсутнасьць пантоў.

— Вы сказалі, што ён быў беларус.

— Я як сама беларуска... Калі гаворыш з рускімі людзьмі, натуральнымі рускімі, яны кічыліся сваёй... «Мы расіяне! Мы масквічы!» А ён паводзіў сябе як просты чалавек. Нічога асаблівага. Просты ў абыходжаньні, у размове. Палітыку мы закраналі мала. Я не магла зь ім — «А чаму ты вось так?», «А чаму з урадам не кантактуеш?», «А чаму ты за БНФ»? Такой размовы ў нас не было.

Такім чынам, можна сказаць, што месца для музэя вельмі апраўданае. Хоць заўсёднікам дачнага пасёлку Быкава не назавеш, але працаваць тут ён любіў. І бяз гэтай мясьціны партрэт Быкава будзе няпоўны.

Лецішча-музэй Васіля Быкава
Лецішча-музэй Васіля Быкава

XS
SM
MD
LG