Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне — шасьцёра ўкраінскіх уцекачоў


Украінец Алег, уцякач з Харкава

Украінец Алег, уцякач з Харкава

Апошнім часам на Гомельшчыне было багата размоваў пра шматлікіх уцекачоў з Украіны. Аднак рэальна ў Гомельскім гарадзкім пункце часовага разьмяшчэньня, псыхалягічнай і сацыяльнай адаптацыі ўцекачоў жывуць цяпер шасьцёра грамадзянаў Украіны, якія афіцыйна зьвярнуліся ў міграцыйную службу па статус уцекачоў.

У сярэдзіне чэрвеня па накіраваньні ўправы грамадзянства й міграцыі абласной міліцыі ў пункце часовага разьмяшчэньня пасяліліся дзьве жыхаркі Данецку зь дзецьмі. Раней тут пасяліўся таксама хлапец з Харкава.

Пра гэта паведаміў адзін з супрацоўнікаў гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і й дзяцей, дзе ёсьць і крызіснае аддзяленьне з пунктам прыёму ўцекачоў:

«Шэсьць чалавек — гэта тыя, хто быў да нас накіраваны. Алег, адзінокі хлапец, ён з Харкава. Астатнія пяць чалавек — гэта мама зь дзіцем і мама з двума дзеткамі, яны з самога Данецку. У цэнтры мы забясьпечваем іх пражываньне, выдаём прадметы першай неабходнасьці: пасьцельную бялізну, кухонныя прылады. Мы маем тут кухню з плітамі й лядоўнямі. Натуральна, абсталяваныя пакоі — ложкі, шафы, тумбачкі, лядоўні. Ёсьць у нас і пральня, дзе стаяць пральныя машыны й сушылкі для бялізны».

Суразмоўца кажа, што ў цэнтры бывалі ўцекачы з Афганістану, Пакістану, Іраку. Сёньня яны чакаюць з Украіны шматдзетную сям’ю, у якой, апрача бацькі і маці, пяцёра дзяцей.

25-гадовы Алег першым з украінцаў пасяліўся ў цэнтры. Ён знайшоў ужо нават працу па спэцыяльнасьці — на складзе бытавой хіміі адной гарадзкой фірмы. Кажа, што скончыў у свой час у Харкаве гандлёвую вучэльню й каледж. У Беларусь зьехаў сьвядома:

«
Усе тамтэйшыя падзеі — пастаянныя сутыкненьні, бойкі — паслужылі прычынай пераезду
Прывяла сюды палітычная сытуацыя ва Ўкраіне. Усе тамтэйшыя падзеі — пастаянныя сутыкненьні, бойкі — паслужылі прычынай пераезду. Такая сытуацыя склалася нэгатыўная ва Ўкраіне. У Кіеве загінула шмат людзей. Дый у Харкаве былі сутыкненьні, вялікія бойкі — людзі некаторыя загінулі, іншых пакалечылі».

Алег досыць нэгатыўна ставіцца да жаданьня сэпаратыстаў Данецку й Луганску разарваць Украіну на часткі:

«Украіна павінна быць адзінаю, і ніякіх рэспублік у прынцыпе быць не павінна. Дарэчы, ваш прэзыдэнт пра гэта таксама заяўляў — гэта было на інаўгурацыі Парашэнкі. Я таксама лічу, што ўсе гэтыя дзяленьні — гэта лухта, утопія, нават калі б яны і аддзяліліся».

Украінец кажа, што рэвалюцыйныя падзеі ва Ўкраіне адбыліся невыпадкова:

«Гэты адбылося не спантанна, гэта насьпявала. Карупцыя — гэта адна з асноўных прычынаў, што людзі ўзьняліся, скінулі гэтага карупцыянэра, бандзюка і злодзея прэзыдэнта Януковіча, які хаваецца цяпер у Расеі. Такія былі ўмовы, што людзі проста не маглі выжываць, асабліва ў каго сем’і. Я, напрыклад, безь сям’і. На тыя капейкі, што я атрымліваў, немагчыма было пражыць. Цярпець не было як, і людзі выйшлі. І правільна зрабілі».

Алег лічыць, што афіцыйны статус уцекача ён наўрад ці атрымае:

«Я ня буду расстройвацца. Буду шукаць іншыя шляхі, каб застацца тут жыць».

У Жлобіне некаторых украінцаў узяла пад сваю апеку сям’я валянтэраў Надзеі і Алега Крапіцкіх. У сацыяльных сетках яны далі абвестку, што гатовыя дапамагчы ўкраінцам.

Надзея: «Да нас прыехалі: першая сям’я — у іх двое дзяцей, дзьве дачкі. Другая — мама з адным дзіцем, трэцяя — бацька, маці і сын, чацьвёртая — маладая пара, пятая — бабуля з унучкай».

Адну з прыежджых украінскіх сям’яў удалося ўжо ўладкаваць на працу ў мясцовую гаспадарку ў вёсцы Касакоўка. Тут, дарэчы, у былой школе, цяпер зачыненай, валянтэры спрабуюць стварыць нешта накшталт пункту дапамогі ўкраінцам.

Вырашаецца пытаньне і з уладкаваньнем на працы ў Жлобіне маладой пары: гаспадыня — настаўніца францускай мовы.

Рэгіянальная ўправа грамадзянства й міграцыі з разуменьнем ставіцца да ініцыятывы жлобінскіх валянтэраў:

«Калі недзе ідзе вайна, то людзі адтуль зьяжджаюць. Людзі думаюць пра сваіх дзяцей і хочуць зрабіць іх жыцьцё бясьпечным. І гэта нармальна. Калі прыяжджаюць грамадзяне Ўкраіны, то гэта не абавязкова ўцекачы. Ёсьць нашы ўраджэнцы, якія сталі грамадзянамі Ўкраіны. У іншых ёсьць у нас блізкія сваякі — яны грамадзяне Беларусі: маці, бацька, родная сястра ці родны брат. Некаторыя прыяжджаюць уладкавацца на працу. Дык якія яны ўцекачы?! Пра нейкі паток уцекачоў гаворкі няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG