Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі прапануе беларусам «выбірацца з балота»


Праваабаронца Алесь Бяляцкі зладзіў першую па выхадзе на волю з бабруйскай калёніі прэсавую канфэрэнцыю.

Журналісты цягам прэсавай канфэрэнцыі распытвалі Алеся Бяляцкага пра абставіны вызваленьня, прычыны арышту, умовы ўтрыманьня ў бабруйскай калёніі і нават пра магчымасьць беларускага майдану. А спачатку Алесь Бяляцкі выкрасьліў сваё прозьвішча са сьпісу беларускіх палітвязьняў на адмысловай майцы, што распаўсюджваюць праваабаронцы, і сказаў тое, што апярэдзіла некаторыя «нарыхтоўкі» журналістаў. У тым ліку — пытаньне, ці варта было сядзець амаль 3 гады:

«Скажу, што сядзець за Беларусь, за дэмакратычную Беларусь, незалежную — гэта нармальна, гэта можна. Я не ўпадаў ні ў якія стрэсавыя сытуацыі, не знаходзіўся ва ўнутраным нейкім заламаньні, таму што мэта, дзеля якой і актывісты грамадзянскай супольнасьці, і дэмакратычна настроеныя беларусы дамагаюцца зьмены сытуацыі ў лепшы бок у сваёй краіне, — гэта мэта высокая. І гэтая мэта патрабуе пэўных намаганьняў, а калі трэба, і пэўных такіх ахвяраў. Проста так нічога не даецца, і проста так у нас нічога ня будзе. Калі мы хочам, каб наша жыцьцё было лепшым, каб мы выбраліся з таго балота, у якім знаходзіцца Беларусь вось ужо 20 год, то мы павінны быць актыўнымі і не баяцца тых рэпрэсіяў і ціску, які аказваецца на грамадзянскую супольнасьць і канкрэтна на кожнага чалавека. Вось з гэтым пачуваньнем, за што я сяджу, мне сядзелася, трэба сказаць, вельмі лёгка — унутрана. І, безумоўна, другі момант — гэта вялізная падтрымка, ваша падтрымка. Я вельмі ўдзячны тысячам людзей, дзясяткам тысяч, якія падтрымлівалі мяне ў гэтай сытуацыі. Гэта была магутная абарона, браня, якую не маглі прабіць ніякія правакацыі, ніякі ўціск. Я адчуваў сябе вельмі ўпэўнена, дзякуючы вашай падтрымцы і актыўнасьці беларускіх журналістаў. Я ўдзячны і Алегу Грузьдзіловічу, і Алесю Ліпаю, і Жаньне Ліцьвіной ды шмат каму яшчэ, усіх пералічыць немагчыма, хто не забываўся пра нас».

Алесь Бяляцкі паведаміў, што вызвалілі яго паводле амністыі, якая пачала дзейнічаць з 21 чэрвеня. Такім чынам, да заканчэньня свайго тэрміну ён не дабыў год і 7 месяцаў. Пры гэтым сам ён на амністыю не разьлічваў, бо меў шмат пакараньняў і лічыўся злосным парушальнікам рэжыму. У калёніі пакараньне можна атрымаць вельмі проста, і гэта шырока выкарыстоўваецца, каб ціснуць на вязьняў, сказаў Бяляцкі і прывёў прыклады: за незашпілены гузік, за хвіліну спазьненьня ці проста нізавошта. Алесь Бяляцкі згадаў, як на яго склалі пратакол нават за тое, што меў у торбе больш пачак печыва, чым нібыта вызначае інструкцыя.

Свой арышт і вялікі тэрмін Алесь Бяляцкі назваў «цалкам палітычным рашэньнем». Паводле Алеся Бяляцкага, дзейнасьць праваабарончага цэнтру «Вясна» заўсёды цікавіла КДБ, і ў 2011 годзе яго асабіста паставілі перад выбарам: альбо ён зьедзе, альбо сядзе:

«Гэты выбар я зрабіў, застаўся і цягам гэтых гадоў спрабаваў даказаць, што не зьмяніў сваю пазыцыю. Мне здаецца, улады ставілі мэту дэзарганізаваць і запалохаць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. Усё гэта трэба глядзець у кантэксьце тых арыштаў, якія былі зробленыя падчас сьнежня 2010 году. У якой ступені яны дасягнулі сваёй мэты? Магчыма, у пэўнай ступені, але далёка не ўсяго, чаго хацелі. А сёньняшняе вызваленьне — ня вынік зьменаў у маёй пазыцыі, а вынік пэўнага ціску на беларускія ўлады. Што яны вымушаныя пайсьці на нейкія саступкі, каб, магчыма, на іх погляд, нармалізаваць сытуацыю. Хоць, па вялікім рахунку, маё вызваленьне нічога не вырашае. У краіне як быў, гэтак і застаецца татальны кантроль над грамадзтвам.
Па вялікім рахунку, маё вызваленьне нічога не вырашае. У краіне як быў, гэтак і застаецца татальны кантроль над грамадзтвам
Я ў курсе таго, што адбывалася падчас хакейнага чэмпіянату, у курсе таго, які ціск аказваецца на іншых палітычных зьняволеных. Нейкіх кардынальных зьменаў у грамадзтве ня бачна, і пазыцыя кіроўных колаў — утрыманьне ўлады любым коштам — застаецца. Тут, вядома, весялей, чым у калёніі, не такія ўва ўсіх твары і чорныя строі, але, па сутнасьці, мы знаходзімся ў несвабодным грамадзтве, і вялікага задавальненьня ў мяне ад таго, што я выйшаў на волю, няма. Бо адна справа, калі ты выходзіш у сытуацыі, якая зьмянілася да лепшага, а ў нас атрымліваецца, што я вяртаюся праз тры гады туды, адкуль я выйшаў. Бо што тут будзе праз год ці болей — незразумела, мэты, дзеля якіх ствараліся праваабарончыя арганізацыі, застаюцца. І нявырашанасьць сытуацыі, тое, што адбываецца ў краіне, пакідае пачуцьцё незадавальненьня.»

Алесь Бяляцкі мяркуе, што ў Беларусі таксама магчымы майдан. Пры гэтым былы палітвязень адзначае, што Беларусь апынулася пад моцным уплывам расейскай прапаганды, якую ён лічыць «часткай ваенных дзеяньняў супраць Украіны».

Алесь Бяляцкі — Саша Кулаева

Саша Кулаева

намесьнік старшыні Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека — арганізацыі, якая аб’ядноўвае праваабаронцаў больш як 140 краін. Пасьля прэсавай канфэрэнцыі перад журналістамі выступіла прадстаўніца гэтай арганізацыі Саша Кулаева, якая адмыслова прыляцела з Парыжу, каб павітаць Алеся Бяляцкага на волі.

«Мы лічым, што неабходна працягваць моцную кампанію за вызваленьне іншых палітвязьняў, і галоўнае — карэнную зьмену сыстэмы, якая дае магчымасьць такіх сытуацыяў, як палітычныя вязьні. Празь некалькі дзён у ААН будзе галасаваньне на тэму працягу мандату адмысловага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэта вельмі важны момант. Мы спадзяемся, што вызваленьне Алеся Бяляцкага, якое мы ўсе вітаем, ня стане сыгналам пра зьмену агульнай сытуацыі, як, верагодна, хочуць прадставіць беларускія ўлады. Мы спадзяемся на тое, што ААН будзе дамагацца карэнных зьменаў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG