Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт затрымаў старшыню івейскай вэртыкалі

абноўлена

Сьледчы камітэт затрымаў старшыню Івейскага райвыканкаму.

«Крымінальная справа аб злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі заведзеная Генэральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па матэрыялах Галоўнай управы ў справе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь», — паведаміла агенцтву Інтэрфакс Юлія Ганчарова, прадстаўніца СК.

«Сёньня гэтая службовая асоба затрыманая. Зь ёю працуюць сьледчыя», — заявіла Ганчарова, дадаўшы, што на маёмасьць затрыманага накладзены арышт.

Ганчарова дадала, што супрацоўнікі СК рыхтуюць абвінавачаньне і вызначаюць меру стрыманьня.

Старшынёй Івейскага райвыканкаму ёсьць Міхаіл Ваўчэцкі. У прыёмнай старшыні карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што нічога ня ведаюць пра арышт. «Да абеду ён быў на працы, паехаў па раёне», — сказала сакратарка каля 17 гадзінаў дня.

Паводле Генэральнай пракуратуры затрыманы нанёс стратаў на 125 мільёнаў рублёў. Праз службовыя злоўжываньні ён нібыта дамагаўся зьніжэньня выдаткаў на будаўніцтва двух дамоў.

Першыя паведамленьні пра крымінальную справу супраць кіраўніка раённай вэртыкалі зьявіліся сёлета ў траўні.

Тады прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў казалі, што чыноўнік за кошт мясцовых прадпрыемстваў будаваў сабе дамы.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Міхаіла Ваўчэцкага старшынём Івейскага райвыканкаму ў верасьні 2010 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG