Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі дэпутат патрабуе разарваць адносіны зь Літвой


Расея павінна спыніць усе адносіны з Літвой, таксама ўключыць рэжым эканамічных санкцый у адказ на заяву прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, якая параўнала дзеяньні расейскага лідэра Уладзімера Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны з палітыкай Адольфа Гітлера і Іосіфа Сталіна, лічыць чалец камітэту Рады Фэдэрацыі па міжнародных справах Ігар Марозаў. Ён выказаў гэтае меркаваньне ў інтэрвію «РИА-Новости».
«Ён выкарыстоўвае нацыянальнасьць як зачэпку, каб захапіць зямлю вайсковай сілай. Гэта якраз тое, што рабілі Сталін і Гітлер. Гэткае параўнаньне абсалютна дакладнае» — так ахарактарызавала Даля Грыбаўскайце палітыку Пуціна ў інтэрвію нямецкаму тыднёвіку Focus.

«Гэта недапушчальная для кіраўніка любой дзяржавы заява, якая закрэсьлівае ўсе міждзяржаўныя адносіны Расеі і Літвы. На такое міжнароднае хамства трэба адказваць дастаткова жорсткімі эканамічнымі санкцыямі, у тым ліку спыненьнем транзыту нафтапрадуктаў і адменай наданьня рэжыму найбольшага спрыяньня для літоўскіх прадпрыемстваў на расейскім рынку», — заявіў Ігар Марозаў.

Дэпутат Рады Фэдэрацыі РФ адзначыў, што калі кіраўнік адной з дзяржаваў Эўразьвязу дазволіў сабе падобныя заявы, гэта азначае, што пазыцыя ўсяго ЭЗ у дачыненьні да Расеі будзе больш жорсткай. «За гэтым стаіць Вашынгтон, які цалкам утрымлівае узброеныя сілы прыбалтыйскіх дзяржаваў і ўключае іх у сьпіс праграм NATO», — дадаў Марозаў.

Усё гэта, прагназуе ён, азначае, што сытуацыя ў цэлым будзе пагаршацца з-за ціску ЗША на ЭЗ, каб той павялічыў выдаткі на NATO.
XS
SM
MD
LG