Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кебіч: «20 гадоў таму народ галасаваў супраць кампартыі, якая ўсім надакучыла»


Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў і Вячаслаў Кебіч у часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, 31 траўня 1994 г. Фота з газэты "Свабода"
Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў і Вячаслаў Кебіч у часе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, 31 траўня 1994 г. Фота з газэты "Свабода"


20 гадоў таму, 23 чэрвеня 1994 году, у Беларусі прайшоў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў, у выніку якіх да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. У бюлетэнях для галасаваньня тады было шэсьць прозьвішчаў. Як склаўся лёс кандыдатаў у прэзыдэнты, якім тады не ўдалося адолець Лукашэнку.

Афіцыйныя вынікі выбараў 23 чэрвеня 1994 году расставілі патэнцыйных кандыдатаў у наступным парадку: Аляксандар Лукашэнка, Вячаслаў Кебіч, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Дубко і Васіль Новікаў.

З гэтай шасьцёркі прозьвішчы трох — Лукашэнка, Пазьняк і Шушкевіч — і цяпер на слыху.

А яшчэ трое? Многія палітыкі, якія памятаюць той час, кажуць: ідэя ўвесьці прэзыдэнцтва ішла ад паплечнікаў тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча. Яны ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня пераконвалі дэпутатаў: як жа гэта будзе няёмка, калі іншыя рэспублікі былога СССР будуць прадстаўляць прэзыдэнты, а Беларусь — толькі сьпікер. Генадзь Данілаў, Міхаіл Мясьніковіч, Генадзь Казлоў, Валеры Паўлаў, Мікалай Скарынін ды іншыя набліжаныя запэўнівалі кіраўніка ўраду ў несумненнай перамозе.
Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч
За два тыдні да выбараў Вячаславу Францавічу споўнілася 58 гадоў. І ён ужо марыў бачыць сябе кіраўніком дзяржавы. Тым больш, што падтрымаць Кебіча спэцыяльна прыехаў у Менск ягоны расейскі калега і сябрук — Віктар Чарнамырдзін.

Аднак усе надзеі рухнулі ўжо ў першым туры. За Кебіча галасавалі толькі 757 195 чалавек, альбо 17,33% выбарцаў, што стала другім вынікам. А ўжо 10 ліпеня, у другім туры, кіраўнік ураду канчаткова саступіў Лукашэнку.

У афіцыйныя структуры Кебіч пасьля выбараў спачатку не ўваходзіў. Засяродзіўся на Гандлёва-фінансавым саюзе, які быў створаны ў тым жа 1994 годзе. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Аднак у адрозьненьне ад часткі парлямэнтароў прызнаў вынікі рэфэрэндуму 1996 году і перайшоў у Палату прадстаўнікоў першага, а затым і другога скліканьня. За тыя 8 гадоў нічым асаблівым экс-прэм’ер тут не адзначыўся. Ня быў нават ні старшынём, ні намесьнікам старшыні якой камісіі — абмежаваўся роляй шараговага дэпутата.

Сёньня Вячаслаў Кебіч распавёў Свабодзе:

«Я па-ранейшаму ачольваю Гандлёва-фінансавы саюз. Займаемся тым, што садзейнічаем прамысловым прадпрыемствам і арганізацыям, у тым ліку прыцягваем фінансавыя сродкі для рэспублікі. Вось і ўсё».

Вяртацца да мінулага спадар Кебіч ня хоча:

«Я не хачу болей вяртацца ў мінулае. І не хачу быць болей ні прэм’ерам, ні прэзыдэнтам. Я задаволены сваім жыцьцём і сёньняшнім днём. Нарэшце зразумеў, што можна жыць інакш і ня мець тых вялікіх клопатаў, якія былі ў мяне раней.

Тады народ галасаваў супраць камуністычнай партыі, якая ўжо надакучыла людзям. Гэта — раз. З развалам Савецкага Саюзу народ стаў жыць значна горш, чым раней. Гэта — два».
Аляксандар Дубко
Аляксандар Дубко
Аляксандра Дубко вылучылі кандыдатам ад Аграрнай партыі Беларусі. На час выбараў яму было 56 гадоў. Ён меў высокую рэпутацыю старшыні знакамітага ордэна Леніна аграпрамысловага калгасу-камбінату «Прагрэс» у Верцялішках. Герой Сацыялістычнай працы, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР двух скліканьняў, народны дэпутат СССР і чалец Вярхоўнага Савету СССР.

Аднак такая багатая анкета не спрацавала. За Дубко прагаласавалі толькі 353 119 чалавек, альбо 6% выбарцаў.

Генэрал Валеры Фралоў сябраваў з Аляксандрам Дубко:

«Мне вельмі пашанцавала вельмі блізка сябраваць з гэтым чалавекам. Гэта — сапраўдная глыба, шырачэзны кругагляд, надзвычайная прыстойнасьць. Вельмі сымпатычны чалавек, зь якім мы пасьля ў Горадні сталі суседзямі і хадзілі адзін да аднаго ў госьці.

І калі б Дубко абралі прэзыдэнтам, то Беларусі б вельмі моцна пашанцавала. І Беларусь была б па-сапраўднаму квітнеючай краінай, а не на словах, бо цяпер яна так „квітнее“, што невядома, куды яна квітнее».

У сьнежні 1994 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў Дубко старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму — кіраўніком вобласьці.

4 лютага 2001 году Аляксандар Ёсіфавіч Дубко раптоўна памёр.

«Напярэдадні ягонай раптоўнай сьмерці мы прыехалі з рыбалкі. Я яму кажу: „Дзеда (так я яго звычайна зваў), я заўтра зайду“. Ён кажа: ня трэба, у нас паседжаньне Саўміну. Я ўжо не магу глядзець на гэты ідыятызм у краіне.

На той час я ўжо быў дэпутатам і трохі ведаў сытуацыю ў краіне. І я яму раіў не выступаць, прамаўчаць. А ён кажа: больш не магу. На наступны дзень я да яго не заходзіў, ён рыхтаваўся да выступленьня. Перажываў, мабыць, вельмі моцна. Ён жа разумеў, куды лезе. Тая сыстэма, якая склалася ў нашай краіне, яму надзвычай не падабалася. Ён хацеў выступіць. І, думаю, вельмі моцна перажываў.

У той дзень да яго прыяжджалі два чалавекі з Рады бясьпекі. Так мне казалі. А ўвечары ён раптоўна памёр».
Васіль Новікаў
Васіль Новікаў
Васіль Новікаў меў на час выбараў 47 гадоў і вылучаўся ў прэзыдэнты ад партыі камуністаў Беларусі. Сяргей Калякін, тады адзін з сакратароў ЦК, кажа, што акрамя Новікава ў партыі былі і іншыя прэтэндэнты: Чыкін, Лашкевіч, Калякін, Антановіч, Сямёнаў. Абралі Новікава, бо ён выглядаў найбольш кампраміснай фігурай:

«Усе гэтыя кандыдатуры ня вылучыліся афіцыйна. Іх проста абмяркоўвалі ўнутры партыі, падчас гутарак, дыскусіяў. А калі назвалі Васіля Новікава, то ўсе астатнія і не вылучаліся. І нейкай барацьбы ўжо не было.

Быў пленум ЦК. І тады прагучала прапанова Антановіча не вылучаць свайго кандыдата, а падтрымаць кандыдатуру Кебіча. Вось гэтая прапанова больш абмяркоўвалася: ці нам патрэбны свой кандыдат, ці далучыцца да Кебіча?

Мы разглядалі гэтыя выбары як ня тыя, дзе можам перамагчы. Партыя зарэгістравалася праз суд у траўні 1992 году, толькі-толькі стварылі структуры па Беларусі. І таму прэзыдэнцкія выбары разглядалі як такі старт да парлямэнцкіх выбараў 1995 году. Тактыка выявілася правільнай, на выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня мы атрымалі чвэрць усіх мандатаў».

Сярод шасьці прэтэндэнтаў прадстаўнік камуністаў заняў апошняе месца. Яму аддалі галасы 253 009 чалавек, альбо 4,44% выбарцаў.

У ВС 13 скліканьня Васіль Новікаў быў першым віцэ-сьпікерам. І падчас канстытуцыйнага крызісу 1996 году актыўна супрацьстаяў рэфэрэндуму. А пасьля роспуску Вярхоўнага Савету застаўся ў апазыцыі.

Два гады Новікаў быў бяз працы. У 1998 годзе ён раптоўна спыняе апазыцыйную дзейнасьць. Праз пэўны час яго прызначаюць дарадцам амбасады Беларусі ў Малдове.

Пасьля працы ў структурах МЗС Васіль Новікаў, на той час ужо доктар філязофскіх навук, кіраваў Інстытутам філязофіі ў АНБ. Цяпер Васіль Мікалаевіч — загадчык катэдры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у турызьме і гасьціннасьці Інстытуту турызму Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры.

Сёньня я размаўляў з былым кандыдатам у прэзыдэнты. Пачуў ад яго наступнае:

«А што гаварыць?! Жыцьцё гаворыць само за сябе. Тут жа ўсё зразумела. Усё добра ў Беларусі, усё нармальна. Няхай і далей так будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG