Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Бундэстагу запатрабавалі вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў


У сувязі з вызваленьнем праваабаронцы Алеся Бяляцкага дэпутаткі фракцыі зялёных у нямецкім Бундэстагу — кіраўніца партыі Катрын Гёрынг-Экарт і каардынатарка па зьнешнепалітычных пытаньнях Марылюіза Бэк — распаўсюдзілі праз СМІ адмысловую заяву.

Парлямэнтаркі адзначылі, што з палёгкай успрынялі вызваленьне лідэра беларускай «Вясны» пасьля больш як 1000 дзён зьняволеньня. Аднак заўважылі, што «пры ўсёй радасьці нельга схаваць той факт, што рэжым Лукашэнкі працягвае сыстэматычна душыць грамадзянскую супольнасьць і парушаць правы чалавека», што за кратамі сядзяць іншыя палітвязьні, іх рэпрэсуюць, ім пагражаюць, ад іх «вымагаюць прызнаньня віны і просьбаў аб памілаваньні».

Як гаворыцца ў заяве, «у Беларусі практычна няма свабоды слова і свабоды прэсы. Апазыцыя бязьлітасна перасьледуецца або мусіць знаходзіцца ў выгнаньні. Сумнай практыкай сталі пакараньні невінаватых, хутчэй за ўсё, людзей».

Паводле аўтарак заявы, Эўразьвяз ды нямецкі фэдэральны ўрад павінны выкарыстаць усе сродкі, каб падтрымаць палітвязьняў ды іх сем’яў. Трэба таксама падтрымліваць апазыцыю ды грамадзянскую супольнасьць, людзей Беларусі, каб тыя мелі свабоду перамяшчэньня:

«Дыктатар Лукашэнка павінен ведаць, што набліжэньне ягонай краіны да ЭЗ магчымае толькі, калі ўсе палітзьняволеныя неадкладна і безумоўна будуць выпушчаныя на волю», а таксама распачнуцца «дэмакратычныя рэформы».
XS
SM
MD
LG