Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мірны плян Парашэнкі спрацаваў толькі на міжнароднай арэне, — Кіеўскі палітоляг



Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас першай рабочай паездкі ў Данбас прадставіў мірны плян урэгуляваньня сытуацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. Плян складаецца з 15 крокаў і прадугледжвае гарантыі бясьпекі для ўсіх удзельнікаў перамоваў, вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці тых, хто склаў зброю і не зрабіў цяжкіх злачынстваў, вызваленьне закладнікаў.

Аднак той факт, што ўжо за першыя суткі так званага замірэньня адбыліся дзясяткі дывэрсіяў і нападаў з боку баевікоў на сілы антытэрарыстычнай апэрацыі пры адсутнасьці актыўных дзеяньняў украінскіх сілавікоў, дазваляе ваенным аналітыкам называць абвешчаны прэзыдэнтам Украіны плян «гульнёй у адны вароты». Маўляў, тэрарысты першапачаткова заяўлялі, што ня спыняць агню, і разьлічваць на адваротнае мог толькі адчайны аптыміст.
Віктар Каспрук
Віктар Каспрук
Пра мэтазгоднасьць пляну мірнага ўрэгуляваньня канфлікту Радыё Свабода пагаварыла з украінскім палітолягам Віктарам Каспруком.

— Спадар Віктар, ці можна сёньня казаць, што плян Пятра Парашэнкі не спрацаваў?

— Я думаю, што абвяшчэньне мірнага пляну Пятром Парашэнкам — гэта ў любым разе вельмі вялікі пазытыў. Проста мы павінны ўлічваць той фактар, што гэты плян прапаноўваецца падчас непрыкрытых вайсковых дзеяньняў Расеі на тэрыторыі Ўкраіны, таму падчас яго рэалізацыі ёсьць і будуць некаторыя адхіленьні. Справа ў тым, што замірэньне, якое абвешчана на тыдзень, з 20 да 27 чэрвеня, — крок Украіны ў бок навядзеньня мастоў зь нефармальнымі элітамі Данбасу. Зь іншага боку, дужа мала верыцца ў тое, што тэрарысты, якія сілаю з дапамогай Расеі захапілі тэрыторыю Ўкраіны, добраахвотна адмовяцца ад апэрацыі, на якую патрачана вельмі шмат грошай, а таксама эканамічных і вайсковых сілаў. Але на міжнароднай арэне Ўкраіна, якая абвясьціла пра мірны плян, атрымала вялікія бонусы, і гэта будзе ёй залічана. А ў сэнсе рэалізацыі тут ёсьць вялікія пытаньні, бо дамаўляцца можна з тымі, хто хоча дамаўляцца, а з тэрарыстамі дамаўляцца надзвычай складана.

— Дык атрымліваецца, што гэта такі жэст у бок Эўропы, і Парашэнка нават тэарэтычна не разьлічваў на рэальнае тыднёвае прыпыненьне нападаў?

— Украіна ўпершыню мае прэзыдэнта, які скончыў факультэт міжнародных адносін Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Гэта чалавек, які ня проста знаёмы з тым, як кожны крок дзяржавы адгукаецца на міжнароднай арэне, а які найбольш з усіх пяці ўкраінскіх прэзыдэнтаў падрыхтаваны да кіраваньня дзяржавай. Я перакананы, што Парашэнка выдатна разумее: не зрабіўшы гэтага кроку насустрач мірным перамовам, Украіна б выглядала на міжнароднай арэне нашмат горш. Вядома, Парашэнка не наіўны чалавек, які не разумее, што тэрарысты не пагодзяцца прыняць гэты плян. Зь іншага боку, спонсар тэрарыстаў — Расея — задумаецца над тым, што Ўкраіна робіць вельмі дакладныя палітычныя манэўры, атрымлівае за кошт гэтага дадатковую падтрымку ва ўсіх эўрапейскіх арганізацыях. Фактычна, гэтым крокам да міру Парашэнка зноў паказаў сьвету, што такое Расея, як яна ставіцца да Ўкраіны, і што нельга пакідаць Украіну сам-насам з такім тэрарыстычным монстрам, якім ёсьць Расея.

— Тое, што Парашэнка падтрыманы на Захадзе, вядома. Якім чынам міжнародная супольнасьць можа ўзмацніць ціск на Пуціна?

— Пятро Парашэнка грае доўгатэрміновую стратэгічную гульню з Уладзімерам Пуціным. Таму тая нематываваныя агрэсія Расеі да Ўкраіны пастаянна апускае аўтарытэт Расеі. Ужо цяпер ніхто ня верыць ні словам Пуціна, ні словам Лаўрова. Аднак Украіна ўсё роўна вымушаная манэўраваць. У яе проста няма іншага выйсьця, бо мы не атрымалі ніякай сур’ёзнай вайсковай дапамогі ад іншых краін, а абвешчаныя Захадам санкцыі супраць Расеі яшчэ практычна не ўступілі ў дзеяньне, у той час як эўрапейская грамадзкасьць яшчэ не гатовая ўводзіць трэці блёк санкцыяў. Але ўсё роўна ў гэтай складанай сытуацыі такой ініцыятывай Парашэнка стратэгічна выйграў магчымасьць перагледзець становішча сілаў АТО, хоць «замірэньне» адначасова дасьць магчымасьць і тэрарыстам перагрупавацца. Таксама варта дадаць, што ўкраінскі бок увесь час вучыцца падчас гэтай вайны, наша армія становіцца ўсё больш і больш дзеяздольнай. Я гэта кажу, аднак застаюся згодны з вайсковымі аналітыкамі, якія казалі, што Ўкраіне трэба ствараць армію «з нуля». Украіна манэўруе ў вельмі складаных умовах. Мы ня можам перамагчы монстра Расею ў ваенным сэнсе, але перамагчы яе палітычнымі ініцыятывамі і манэўрамі мы можам.

— На 27 чэрвеня Ўкраіна падпіша эканамічную частку дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Ці выпадкова гэтая дата супадае з крайнім тэрмінам «замірэньня»?

— Тэрмін замірэньня з 20 да 27 чэрвеня быў абраны прэзыдэнтам і яго атачэньнем невыпадкова. Украіна праявіла мірную ініцыятыву як мірная дзяржава, якая хоча доступу ў эўрапейскія структуры і якая ня можа быць кінутай сам-насам з агрэсіўнай Расеяй, якой кіруе неадэкватны чалавек. У сэнсе пэрспэктывы Пятро Парашэнка зрабіў абсалютна правільны крок: калі б мы падпісвалі гэтае пагадненьне падчас актыўнага праходжаньня АТО, нас можна было б папракнуць, што Ўкраіна, якая прэтэндуе на сяброўства ў эўрапейскіх структурах, не прытрымліваецца пэўных стандартаў. Таму мы паказваем, што Ўкраіна гатовая прытрымлівацца стандартаў, нават пад ваеннай навалай з боку Расеі, і што Ўкраіна выразна бачыць сваю эўрапейскую пэрспэктыву і гатовая граць паводле эўрапейскіх правілаў нават тады, калі яе літаральна заганяюць у кут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG