Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ вітае вызваленьне Алеся Бяляцкага


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы вітае вызваленьне выбітнага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ПАРЭ.

«Шмат гадоў Алесь Бяляцкі быў адданым партнэрам ПАРЭ, які нястомна змагаўся за правы чалавека ў Беларусі, — заявіла прэзыдэнт асамблеі Ан Брасэр. — Яго арышт у 2011 годзе стаў для нас шокам, і мы ніколі не прапускалі магчымасьці, каб запатрабаваць яго безумоўнага вызваленьня. Я шчасьлівая, што Алесь Бяляцкі на волі. Ад усяго сэрца я віншую яго сям’ю і калегаў зь „Вясны“ і Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека».

Брасэр падкрэсьліла: «Я сапраўды веру, што настане дзень, калі ня будзе ніякіх палітвязьняў — у Беларусі ці дзе яшчэ. І мы ўсе будзем узмоцнена працаваць над тым, каб наблізіць гэты дзень».

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня па амністыі, у зьняволеньні ён правёў 1050 дзён. Лідэр ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году і асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці нібыта за ўтойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры.
XS
SM
MD
LG