Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе мы ўкраінцы


Віталь Портнікаў

Гісторыя гэтая адбылася ў сонным прыморскім мястэчку, калі за выпадковым вячэрай я апынуўся за адным сталом з прыяцелямі прыяцеляў, малазнаёмымі мне людзьмі, якія, здавалася, увесь свой вольны час праводзіць не на ўзьбярэжжы, а ля тэлевізару — вядома, расейскага, якога ж яшчэ, іншых тэлевізараў не бывае.

Суразмоўцы распавядалі мне пра жахі ўкраінскага фашызму, «Правы сэктар», які выйшаў на паляваньне на габрэяў, і пра тое, што Ўкраіна скора рассыплецца і наогул гэта Расея, а ўкраінцаў выдумалі амэрыканцы, каб насаліць Пуціну. Спрачацца не хацелася, хацелася скончыць вячэру хутчэй. Я вяло заўважыў суразмоўцам, што сам жыву ў Кіеве, з фашыстамі не сутыкаўся, «Правы сэктар» на мяне не паляваў, хоць я і габрэй, а знакамітага Яраша я бачыў адзін раз у жыцьці, хоць быццам бы займаюся не рукадзельлем, а палітычнай журналістыкай.

Кіраўнік сямейства, пажылы тоўсты чалавек, які глядзеў на закат стомленым позіркам чалавека, які разумее ў гэтым жыцьці ўсё, што дазволіла зразумець начальства, таксама ня быў настроены на канфлікт. Ён пацягнуўся да мяне з куфлем.

— Ды добра табе заліваць, хахол! Давай лепш вып’ем!

Я аслупянеў. Упершыню амаль за пражытых мною паўстагодзьдзя мяне ўспрынялі як этнічнага ўкраінца — і гэта пры тым, што я толькі што растлумачыў гэтаму самаздаволенаму, які ня можа нічога ведаць ў жыцьці, акрамя колькасьці выкрадзеных грошай, чалавеку, што я — габрэй. Габрэй. Жыд, не хахол. Уласна, жыдам ён бы мяне вось так, за агульным сталом не назваў бы — так, тут палова магла быць антысэмітамі, але ў прыстойным грамадзтве неяк ня вельмі прынята, пра габрэяў у звыклых выразах зараз у нас кажуць толькі пасьля таго, як яны пакідаюць застольле. А вось хахлы — папросту.

Так я ўпершыню адчуў, што на самой справе адчувае ўкраінец, калі выпадковы — ці невыпадковы — знаёмы абражае яго, таму што нават ня здольны зразумець, што з пагардай ставіцца і да чалавека, і да цэлага народу. Гэтая пагарда, як атрута, разьлітая па Расеі — і ім хворыя амаль усе, ад Пуціна, які прылюдна, на Пецярбурскім эканамічным форуме называе «хахлом» свайго сябрука Цімчанку — і да майго прыморскага суразмоўцы. І гэтая атрута больш небясьпечная, чым любы антысэмітызм або нянавісьць у адносінах да каўказцаў, ці ксэнафобія да гастарбайтэраў з Цэнтральнай Азіі — нянавісьць і ксэнафобія, якая стала сутнасьцю існаваньня расейскага народу ў апошнія дзесяцігодзьдзі. Таму што калі расеец называе габрэя «жыдом» ці каўказца «чорным», ён ведае, што ён адмыслова абражае чалавека. А калі ён называе «хахлом» украінца — для яго гэта проста ласкавая мянушка, гэта ўсё роўна што назваць сваю сабаку Дзімонам. І на самай справе, не называць жа сабаку Дьзмітрыем Іванавічам, сабака ён для таго і сабака, каб мець мянушку.

Калі ўкраінец прапусьціць крыўдную мянушку міма вушэй — у карціне сьвету стыхійнага расейскага шавініста наогул нічога ня зьменіцца. Калі сам назаве сябе хахлом — выкліча ўсеагульнае замілаваньне і жаданьне прапанаваць прасьпяваць што-небудзь працяглае або станцаваць гапак. А калі абурыцца — што ж, тады яго назавуць «бандэраўцам» і захочуць сьцерці з твару зямлі.

Я абурыўся — у рэшце ў мяне не было выбару, я проста абавязаны быў абараніць гонар народу, сярод якога вырас і жыву. Я па магчымасьці спакойна патлумачыў суразмоўцу, што ён абразіў нават не мяне, а мільёны людзей. Што я не этнічны ўкраінец, але добра магу зразумець, што адчуваюць самі ўкраінцы, калі сутыкаюцца з падобным сьвінствам — таму што зьнішчэньне маіх суайчыньнікаў таксама пачыналася з немых крыкаў «бі жыдоў — ратуй Расею!». І таму, што зараз дзеля выратаваньня Расеі спатрэбілася зьнішчыць іншы народ, мой настрой не паляпшаецца.

Суразмоўца зьдзіўлена паглядзеў на мяне і спытаў, што такога крыўднага і антысэміцкага я ўбачыў у гэтым закліку. Хіба я не ведаю, што ёсьць габрэі, а ёсьць жыды? Жыды — гэта якія...

Вечар пераставаў быць млявым. Мой прыяцель, які ня бачыў сваіх знаёмых некалькі гадоў, глядзеў то на мяне, то на іх — і я разумеў, што мне трэба будзе выслухаць лекцыю пра тое, як дзейнічае расейская прапаганда на неакрэплыя розумы, і што дастаткова некалькіх гадоў прасьвятленьня і асьветы і мы не пазнаем Расею. Але я не хацеў слухаць лекцый. На самай справе, я быў шчасьлівы.

Шчасьлівы таму, што можна шматкроць паўтараць на мітынгах і ў артыкулах «усе мы ўкраінцы» — і самому сабе ня верыць. Таму што яны — і напраўду украінцы, а ты — жыдоўская морда. І нават калі самі ўкраінцы, якія прайшлі з габрэямі, армянамі, азэрбайджанцамі, крымскімі татарамі, рускімі і іншымі сваімі суграмадзянамі полымя і боль Майдана, ўбачаць, што палітычная нацыя — гэта ня кроў і глеба, а агульная любоў да радзімы і салідарнасьць, для ўсіх астатніх ты ўсё роўна будзеш не ўкраінцам, што б ты там не рабіў і не казаў. І гэтыя ўсе астатнія абавязкова аддзеляць мухі ад катлет, а «хахлоў» ад «жыдоў».

Чалавек, які назваў мяне «хахлом», міжвольна пацьвердзіў тое, пра што я мог толькі здагадвацца, — ўкраінская палітычная нацыя адбылася і гэта заўважаюць і тыя, хто да яе належыць, і тыя, хто яе любіць і спачувае, і тыя, хто яе ненавідзіць. Украінец на постсавецкай прасторы — гэта ўжо як сынонім вольнага чалавека, не жадаючага падстаўляць шыю пад панскае ярмо. Гімн Украіны — як «Марсэльеза». Кроў і глеба больш не цікавыя — ні нам, ні ім — тым, хто нас забівае...

Праз некалькі дзён я ўжо быў у Кіеве. У маленькім банкаўскім аддзяленьні супрацоўніца, пажылая інтэлігентная жанчына, распавядала калегам аб размове з сястрой з Кемерава.

— І вось яна мне кажа: вы там усё фашысты, «бандэровцы», вы за Амэрыку. Ды вы ногі павінны цалаваць Пуціну, што ён не скінуў на вас атамную бомбу, раз вы па-расейску казаць ня хочаце! А я ж яе, дуру, патэлефанавала зь днём нараджэньня павіншаваць! А яна — атамную бомбу!

І перавёўшы позірк на мяне, раптам спытала:

— А ці нельга адмовіцца ад рускай нацыянальнасьці? Я ж руская... Так сорамна!

— А навошта вам адмаўляцца? — зьдзівіўся я. — Вы і ёсьць сапраўдная руская проста таму, што вы — ўкраінка. Таму, што вы вольныя. Таму, што вы хацелі павіншаваць сваю сястру са сьвятам, а не скінуць на яе бомбу. Няхай ваша сястра адмаўляецца. Якая яна руская?

Бо для таго, каб быць рускім — як зрэшты, ўкраінцам, габрэем або яшчэ кім-небудзь, — трэба для пачатку быць чалавекам, а ня зьверам. Гэта і ёсьць самая вялікая дзяржаўная таямніца сучаснай Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG