Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Калі сядзіць хоць адзін чалавек, паўторыцца сцэнар 2010 году



«Сядзець за дэмакратычную, незалежную Беларусь — гэта нармальна. Проста так нічога не будзе. Мы мусім быць актыўнымі і не баяцца рэпрэсіяў. З адчуваньнем за што я сяджу, мне было лёгка. Я адчуваў сябе абароненым, дзякуючы вашай падтрымцы і актыўнасьці беларускім журналістаў. Я ўдзячны і Алегу Грузьдзіловічу, і Алесю Ліпаю, і Жане Ліцьвіной, і многім іншым. У выніку вонкавага ціску і ўнутранай актыўнасьці ўрэшце я апынуўся на волі», — заявіў Алесь Бяляцкі на першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля вызваленьня з турмы.

«Я спадзяюся, што маё вызваленьне толькі пачатак і іншыя палітвязьня будуць таксама на волі. Я зьвяртаюся да ўладаў з патрабаваньнем не спыняцца на вызваленьні толькі Бяляцкага. Бо сытуацыя з маім вызваленьнем не паляпшаецца. Мы павінны быць краінай без палітвязьняў. І мы знаходзімся ад гэтага дастаткова блізка. Дастаткова выпусьціць гэтых 7 чалавек і абвясьціць мараторый, добрую волю адносна грамадзянскай супольнасьці, да людзей зь іншымі поглядамі».


«Мы знаходзімся ў несвабодным грамадзтве, і ў мяне няма вялікага задавальненьня, што я выйшаў на волю. Прайшлі тры гады — і вяртаюся туды, адкуль я выйшаў. І што будзе заўтра, незразумела. Мэты праваабарончых арганізацыяў застаюцца. Нявырашанасьць сытуацыі пакідае пачуцьцё незадавальненьня ад таго, што робіцца ў краіне».

На пытаньне пра пацяпленьне стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам Алесь Бяляцкі сказаў:

«Першае, чаго трэба дамагацца, — гэта вызваленьне палітвязьняў. Усялякія размовы пра пацяпленьне могуць ісьці толькі пасьля гэтага. Пакуль ёсьць палітвязьні, мы не павінны дапускаць такой сытуацыі падвойных стандартаў, як, напрыклад, у Азэрбайджане, дзе ёсьць палітвязьні — і таварыш Аліеў катае па Эўропах, і зь ім усе вітаюцца. Такога ў нас не павінна быць. І мы павінны рабіць тое, што і рабілі да маёй пасадкі, што было надзвычай важна — гэта стварэньне сытуацыі, накшталт таго як бывае „бязьядзерная зона“, то ў нас павінна быць зона без палітвязьняў. І калі мы даб’емся гэтага, і калі ўлады зразумеюць, што для іх гэта выгадна ў палітычным і эканамічным пляне — ня мець палітвязьняў у Беларусі, тады могуць ісьці і іншыя размовы і перамовы пра паляпшэньне іншай сытуацыі. Пакуль гэтага няма, гаварыць пра паляпшэньне сытуацыі не выпадае. Калі сядзіць хоць адзін чалавек, гэта азначае, што паўторыцца сцэнар, які быў у 2010 годзе. Зноў нейкі зрыў — і ў нас не адзін, а сто чалавек у турме. Зноў у нас чарговы чэмпіянат — і пачынаюцца незразумелыя затрыманьні, дэбільныя пратаколы за лаянку матам. Мы не павінны скочвацца да сытуацыі бяспраўя і беззаконьня, якое фактычна прыкрываецца ўладай. Калі мы спрабуем пабудаваць нешта на законных падставах, дык давайце гуляць больш-менш шчыра ў гэтай сытуацыі. Каб з боку ўладаў не было незразумелай гульні».

На пытаньне, ці зьбіраецца Алесь Бяляцкі зьяжджаць зь Беларусі, ён сказаў:

«Зьяжджаць я не зьбіраюся. Мне тут вельмі камфортна. Я нават на зоне, і пісаў пра гэта ў лістах, адчуваў сябе вельмі камфортна, бо вакол мяне свае людзі. Для мяне важная атмасфэра беларукага грамадзтва — такога, якое яно ёсьць».

На пытаньне, ці магчымы Майдан у Беларусі, Алесь Бяляцкі сказаў:

«У нас магчыма ўсё. Іншая справа — наколькі грамадзтва гатовае да тых зьменаў, якія патрэбныя. Вельмі шмат залежыць ад таго, наколькі ўлады гатовыя ісьці на зьмены. Каб трансфармаваць сытуацыю і грамадзтва і пасьпяваць за сьветам, які вакол нас. Мы не жывем на асобнай ізаляванай высьпе. Сьвет мяняецца, і мусім мяняцца мы. Мы ня можам жыць закансэрваванымі ў слоіку 20–30 гадоў. Хацелася б, каб гэтыя зьмены адбываліся павольным і эвалюцыйным чынам. Бо рэзкія зьмены і пераломы прыводзяць да вялікіх выдаткаў. Як праваабаронца я прынцыпова выступаю за тое, што нам патрэбна масавая грамадзянская пазыцыя, грамадзянскі мірны супраціў, які прывёў бы да нармальных зьменаў у грамадзтве. І гэта той шлях, які робіць гэтыя зьмены незваротнымі. Тады не адбываецца адкату назад. А дзеля гэтага трэба працаваць усім нам, і працаваць не адзін год і багата».

Гаворачы пра ўмовы ўтрыманьня ў турме, Алесь Бяляцкі сказаў:

«Умовы гэтыя ў палітвязьняў былі асобныя. Гэта тычыцца ня толькі мяне, але і ўсіх. Гэта ізаляцыя ад іншых асуджаных. Калі ты ў атрадзе, дзе больш за сто чалавек, ты жывеш у сэкцыі з 15 чалавек, але з табой ніхто ня мае кантактаў. Цябе абыходзяць за тры мэтры. Бо калі чалавек павітаецца, пагутарыць з табой пра надвор’е ці футбол, назаўтра яго ў атрадзе ўжо няма. Наогул, маё зьяўленьне ў Бабруйскай зоне пачалося з таго, што атрад ачысьцілі ад тых, хто падпісаны на „Народную Волю“. Гэтая сытуацыя вакуўму, ізаляцыі ад іншых вязьняў працягвалася да самай апошняй хвіліны».

Алесь Бяляцкі падзяліўся сваімі далейшымі плянамі:

«Безумоўна, я буду займацца і далей па меры сваіх невялікіх магчымасьцяў праваабарончай дзейнасьцю. У беларускіх праваабаронцаў магчымасьці абмежаваныя, мы знаходзімся ў пэўнай ізаляцыі, якую стварылі беларускія ўлады для праваабаронцаў і, у прыватнасьці, для „Вясны“, бо дагэтуль мы не зарэгістраваныя і пытаньне легальнай працы для нас вельмі вострае. Я зьяўляюся віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, я буду працаваць таксама і на міжнародным узроўні і па беларускім пытаньні, і па тых, якія ёсьць у рэгіёне. Тым больш што сытуацыя тут вельмі напружаная. Апошнія гады і месяцы наогул узарвалі сытуацыю ў рэгіёне. І трэба нам не забывацца на тое, што адбываецца побач з намі, бо гэта ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Гэта будзе мая асноўная праца. І буду працягваць сваё пісаньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG