Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Расея і Казахстан абмяркуюць санкцыі супраць Украіны


23 чэрвеня ў Сочы падчас пасяджэньня рады Эўразійскай эканамічнай камісіі віцэ-прэм’еры Беларусі, Казахстана і Расеі абмяркуюць супольныя захады, якія неабходна прыняць у сувязі з асацыяцыяй Украіны з Эўразьвязам.


Пра гэта паведамляе расейскі тэлеканал РБК.

У прэсавай службе Эўразійскай эканамічнай камісіі карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што ў пасяджэньні бяруць удзел віцэ-прэм’еры Сяргей Румас, Бакытжан Сагінтаеў і Ігар Шувалаў.

Аднак там не сталі камэнтаваць паведамленьні аб тым, што будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў сувязі з асацыяцый Украіны з ЭЗ.

«Без камэнтароў. Трэба дачакацца вынікаў пасяджэньня. Там будзе зробленая заява і мы там усё пачуем. Бо там даволі шырокі парадак дня і там ёсьць пытаньні зьвязаныя з Армэніяй І Кіргізстанам. Даволі вялікі аб’ём пытаньняў», — сказаў начальнік аддзела прэс-службы Эўразійскай эканамічнай камісіі Валеры Пятроў.

У прэс-службе беларускага ўраду паведамілі, што ў парадку дня праект дамовы аб далучэньні Армэніі да дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе, пытаньне пра далейшае далучэньне Кіргізстану, а таксама пытаньне пра зьмены ў адзіны мытны тарыф Мытнага саюза адносна асобных тавараў адпаведна з абавязаньнямі Расеі ў рамках УГА. Ці будзе ўнесена пытаньне адносна Ўкраіны асобна і ці будзе яно абмяркоўвацца, у прэс-службе карэспандэнту Свабоды не паведамілі.

Паводле РБК, захады, якія разглядаюць Беларусь, Казахстан і Расея могуць каштаваць Украіне ў 33 мільярды даляраў у год. Такую лічбу прыводзяць экспэрты расейскага Камітэта грамадзянскіх ініцыятываў Аляксея Кудрына.
Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка плянуе 27 чэрвеня падпісаць эканамічную частку пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. Гэта не задавальняе Расею, якая лічыць, што дамова супярэчыць аналягічнаму пагадненьню у рамках СНД. У Эўракамісіі лічаць, што гэтыя пагадненьні цалкам сумяшчальныя.
XS
SM
MD
LG