Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Харкаве ўдзельнікі антысэпаратысцкай акцыі пабіліся зь міліцыяй (ВІДЭА)


У Харкаве адбылося сутыкненьне паміж актывістамі Эўрамайдану і міліцыяй, якая ахоўвала прарасейскіх актывістаў і помнік Леніну, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Некалькі дэманстрантаў былі затрыманыя; прынамсі некаторых потым адпусьцілі. Яшчэ некалькі атрымалі дубінкамі па галаве ад праваахоўнікаў, якія перакрылі ім шлях. Відавочцы паведамляюць, што бачылі двух жанчын з траўмамі галавы. Таксама трапілі пад дубінкі некалькі журналістаў.

Удзельнікаў прарасейскага мітынгу і антымайданаўцаў, якія заставаліся пад помнікам Леніну, міліцыя пасадзіла ў аўтазакі — як мяркуюць, каб бясьпечна вывезьці зь месца здарэньня.

Сутыкненьне адбылося пасьля таго, як частка эўрамайданаўцаў, удзельнікаў Народнага веча, што адбывалася на плошчы Канстытуцыі, на заклік аднаго з актывістаў рушыла да плошчы Свабоды, дзе яшчэ заставаліся пасьля сваёй акцыі аўтамайданаўцы пад помнікам Леніну.

У нядзелю ўвечары на Народным вечы Эўрамайдану ў Харкаве сабралася каля тысячы чалавек. Яны выступілі супраць сэпаратызму, супраць палітыкаў, якія, на іх думку, патураюць сэпаратызму, а таксама супраць Камуністычнай партыі, якую ўдзельнікі абвінавацілі ў падтрымцы сэпаратызму і назвалі тэрарыстычнай арганізацыяй.

Раней у гэты дзень некалькі антымайданаўкаў правялі сваю акцыю, афіцыйна ў памяць загінулых, як яны кажуць, у Вялікай Айчыннай вайне. Пры гэтым іх акцыя прайшла пад лёзунгамі супраць антытэрарыстычнай апэрацыі, у падтрымку узброеных груповак, якія дзейнічаюць у Данецкай і Луганскай абласьцях, або з заклікамі змагацца супраць «Украіна-фашыстаў». Гэтая акцыя была забароненая судом, але адбылася пад аховай міліцыі.
XS
SM
MD
LG