Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці рэканструявалі пачатак вайны: «немцы» нападалі, «чырвонаармейцы» абараняліся (ФОТА, ВІДЭА)


Некалькі тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на рэканструкцыю падзеяў 22 чэрвеня 1941 года ў Берасьцейскай крэпасьці.

У рэканструкцыі бралі ўдзел дзясяткі ваенна-гістарычных клюбаў зь некалькіх краінаў. У крэпасьці аднавілі побыт Чырвонай арміі напярэдадні вайны — стаялі намёты, рэтрааўтамабілі, у рэканструкцыі бралі ўдзел тагачасныя матацыклы, была пабудаваная памежная вышка.


Удзельнікі ваенна-гістарычных клюбаў былі ў адноўленай вайсковай вопратцы канца 30-х гадоў, стралялі з аўтэнтычнай (але небаявой) зброі.

Рэканструкцыя бою пачалася а 6-ай і доўжылася каля гадзіны. Як і ў 1941 годзе, «немцы» нападалі на крэпасьць а «чырвонаармейцы» абараняліся.


Паглядзець на рэканструкцыю прыехалі і шматлікія замежныя турысты, пераважна з Расеі. Час ад часу ў паветры луналі расейскія трыкалёры.


Як распавёў Свабодзе адзін з удзельнікаў рэканструкцыі Ільля Васільевіч, які «біўся» на баку «Чырвонай Арміі», ён прыехаў сюды з Масквы разам з жонкай і малым сынам. Спадар Ільля — вайсковец у адстаўцы і для яго рэканструкцыя адзеньня і зброі першай паловы мінулага стагодьдзя стала хобі, якім захапілася ўся сям’я. «Чырвонаармеец» распавёў, што, каб аднавіць больш-меньш аўтэнтычнае адзеньне, можа пайсьці да пяці гадоў.


Рэканструкцыя нападу немцаў на Берасьцейскую крэпасьць ладзіцца ўжо чацьвёрты год запар. Штогод у ёй прымаюць удзел усё больш рэканструктараў і гледачоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG