Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная плятформа: Эўразьвяз пераключыўся на ўлады, ігнаруючы грамадзянскую супольнасьць


У Менску прайшла Канфэрэнцыя Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Усходняе партнэрства». Заяўленая тэма — «Беларусь ва ўмовах рэгіянальнага крызісу і стагнацыі «Усходняга партнэрства».

На парадку дня стаяла справаздача дзейнасьці нацыянальнай плятформы, падрыхтоўка рэкамэндацый арганізацыям ад Беларусі на ўдзел у сустрэчы Форуму грамадзянскай супольнасці «Ўсходняга партнэрства» у лістападзе Тбілісі», а таксама абмеркаваньне актуальных геапалітычных умоваў для грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Нацыянальная плятформа апынулася па-за рамкамі эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі, а ўдзел грамадзянскай супольнасьці стаў хутчэй рытуальным

Падставай да размовы стаў як крызіс у рэгіёне, выкліканы падзеямі ва Ўкраіне, так і крызіс самой праграмы «Усходняга партнэрства».

Як зазначыў старшыня Каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай плятформы Ўлад Вялічка, на тле абвастрэньня становішча ва Ўкраіне Эўразьвяз стаў выяўляць большую зацікаўленасьць у супрацы з афіцыйным Менскам, што і дэманструе вызваленьне праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пры такім раскладзе нацыянальная плятформа апынулася па-за рамкамі эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі, а ўдзел грамадзянскай супольнасьці стаў хутчэй рытуальным.
Уладзімер Мацкевіч (справа)

Уладзімер Мацкевіч (справа)


Карціна са станам самой супольнасьці і праэўрапейскімі настроямі ў Беларусі таксама не дадае аптымізму. Згодна з сацыялягічнымі дадзенымі, у беларускім грамадзтве ўзрасьлі прарасейскія сымпатыі — больш за 60% беларусаў гатовыя ўступіць у саюз з Расеяй, 18% — тых, хто схіляецца да эўраінтэграцыі.


Такія ўмовы, на думку Ўлада Вялічкі, ствараюць сур’ёзныя выклікі для Нацыянальнай плятформы і ставяць яе перад неабходнасьцю пошукаў новых кірункаў свайго існаваньня: альбо далей служыць непатрэбным прыдаткам праграмы «Усходняга партнэрства», альбо пастарацца стаць цэнтрам кансалідацыі тых сілаў, якія адстойваюць эўрапейскія каштоўнасьці і зьвязваюць будучыню Беларусі з эўрапейскім вэктарам.
Эканаміст Уладзімер Карагін

Эканаміст Уладзімер Карагін



Гэтыя задачы давядзецца вырашаць новаму кіраўніцтву Каардынацыйнага камітэту, які па выніках галасаваньня ўзначаліў Андрэй Ягораў, сябра Рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь». У склад камітэту ўвайшлі прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, сярод якіх Аксана Шэлест, Ігар Рынкевіч, Натальля Васілевіч, Васілю Валасюк, Яраслаў Бекіш, Тацьцяна Пашавалава. Ганаровым сябрам абраны вызвалены сёньня з турмы Алесь Бяляцкі.
Мадэратары: Улад Вялічка, Яраслаў Бекіш, Андрэй Ягораў

Мадэратары: Улад Вялічка, Яраслаў Бекіш, Андрэй Ягораў


Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняе партнэрства» была заснавана ў ліпені 2010 году і стала агульнай пляцоўкай для кансалідацыі і каардынацыі дзеяньняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі дзеля дэмакратызацыі краіны і набліжэньня да эўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сфэрах жыцьця. На канфэрэнцыі ў 2011 годзе ўдзельнікамі быў прыняты Мэмарандум аб супрацы, які замацоўвае асноўныя прынцыпы, каштоўнасьці і мэты дзейнасьці нацыянальнай плятформы. Арганізацыі, якія падпісалі дакумэнт, атрымалі статус сталых удзельнікаў нацыянальнай плятформы Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнэрства». На канфэрэнцыях ў 2012 годзе быў абраны сталы Каардынацыйны камітэт, а таксама прынятая Канцэпцыя разьвіцьця і дзейнасьці нацыянальнай плятформы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG