Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Захад узнагародзіць Менск за вызваленьне Бяляцкага?


Сустрэча Алеся Бяляцкага з жонкай Натальляй Пінчук

Сустрэча Алеся Бяляцкага з жонкай Натальляй Пінчук

Чаму вызвалілі Алеся Бяляцкага? Якіх палітычных мэтаў улады імкнуцца дасягнуць гэтым крокам? Якую рэакцыю Захаду на гэтае вызваленьне можна чакаць?

Над гэтымі пытаньнямі ў «Экспэртызе Свабоды» разважаюць намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение», палітоляг Валерыя Касьцюгова.

Дракахруст: Праваабаронца Алесь Бяляцкі на волі. У студзені сёлета Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі СМІ зрабіў намёк на тое, што Бяляцкі можа быць вызвалены: ён даў даручэньне сваёй адміністрацыі праверыць інфармацыю, што праваабаронца цалкам кампэнсаваў шкоду, якую, паводле меркаваньня суду, ён нанёс дзяржаве. Тады ж кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі інфармацыя пра кампэнсацыю шкоды пацьвердзіцца, да Бяляцкага можа быць ужытая амністыя.

Пры гэтым неаднаразова гаварылася, што без напісаньня прашэньняў аб памілаваньні тыя, каго Захад лічыць палітвязьнямі, з-за кратаў ня выйдуць. Але вось Бяляцкі выйшаў і, так выглядае, без прашэньня. Чаму, паводле якога юрыдычнага мэханізму?

Стэфановіч: Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Вызваленьню праз закон аб амністыі была пэўная праўная перашкода — Бяляцкі ў калёніі меў статус «злоснага парушальніка рэжыму», на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Хаця тэарэтычна адміністрацыя папраўчай установы магла зьняць зь яго спагнаньне, і тады ён мог быць амніставаны.

Дракахруст: І без прашэньня аб памілаваньні?

Стэфановіч: А тут прашэньне не патрэбнае. Калі вязень трапляе ў катэгорыю, якая амністуецца, ён выходзіць на волю. Прашэньне патрэбнае толькі для працэдуры памілаваньня.

Дракахруст: Вы, Валянцін, распавялі пра юрыдычны мэханізм. Але цяжка меркаваць, што ўлады, вызваляючы кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», кіраваліся выключна юрыдычнымі і тэхнічнымі меркаваньнямі. Вызваленьне палітвязьняў — галоўная ўмова паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам. Але калі казаць пра палітычныя чыньнікі, то які тут разьлік? Вызваляецца адзін з самых вядомых палітвязьняў, але іншыя, у тым ліку і былы кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч, застаюцца за кратамі.

Касьцюгова: Валерыя Касьцюгова

Валерыя Касьцюгова

Відавочна, што тут не ідзе гутарка пра тое, што беларуская ўлада карэнным чынам зьмянілася. Улада проста робіць крок даверу, паказвае, што гатовая да дыялёгу. Гэта такі папярэдні жэст.

Дракахруст: Валянцін, а якое вашае тлумачэньне? Ёсьць умова вызваленьня ўсіх палітвязьняў. У чым сэнс такога палітычнага пасланьня?

Стэфановіч: Я згодны зь меркаваньнем Валерыі, што гэты крокам нашы ўлады дэманструюць гатоўнасьць да наступных этапаў дыялёгу з ЭЗ, дэманструюць добрую волю. Ад Менску чакалі якіх-небудзь станоўчых крокаў, і ўвесь час гэта падкрэсьлівалася ў заявах Эўразьвязу. Менск такі крок і зрабіў. Пры гэтым улады, безумоўна, будуць імкнуцца захаваць твар і казаць, што гэта зьвязана з тэхнічнымі юрыдычнымі момантамі — трапіў пад амністыю і трапіў. Але будзем спадзявацца, што гэта не апошні крок і што і астатнія палітвязьні таксама ў хуткім часе будуць вызваленыя.

Дракахруст: Вызываленьне Бяляцкага адбылося на фоне беспрэцэдэнтнай дыпляматычнай актыўнасьці, надзвычай частых сустрэчаў прадстаўнікоў беларускай і заходняй дыпляматыі, а таксама на фоне драматычных падзеяў ва Ўкраіне.

Якой рэакцыі Захаду на вызваленьне Бяляцкага варта чакаць? Умова — вызваленьне ўсіх палітвязьняў — ня выкананая. Але адзін з самых вядомых вызвалены. Што ў адказ? Павітаць крок у правільным накірунку і гэтым абмежавацца? Аслабіць санкцыі, зрабіць нейкі крок у адказ насустрач Менску?

Стэфановіч: Я думаю, што будзе актывізацыя перамоўнага працэсу, я ня думаю, што гэта прывядзе да адмены санкцыяў. ЭЗ патрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а не аднаго. Гэта адно надасьць дынаміку перамоўнаму працэсу.
ЭЗ патрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а не аднаго


Дракахруст: Валерыя, ці можа Захад даць нейкую «морквачку» афіцыйнаму Менску ў адказ на вызваленьне Бяляцкага?

Касьцюгова: Мне здаецца, што няма нават спадзяваньня на нейкі канкрэтны крок у адказ. Дыялёг ужо ідзе ў тым кірунку, якога дамагаўся Менск — пра тэхнічнае супрацоўніцтва, у прыватнасьці, па праблемах мяжы.

Зараз Менск ня ставіць задачу зьняцьця санкцый і палітычнай супрацы з ЭЗ. Зараз размова ідзе аб нармалізацыі стасункаў і найперш у тых пытаньнях, якія цікавяць Менск. Вызваленьне Бяляцкага — гэта хутчэй крок у адказ на дыялёг, які ідзе, для стварэньня больш спрыяльнай атмасфэры.

Інстытут палітвязьняў захоўваецца як інструмэнт, які дазваляе не саступаць у больш сур’ёзных рэчах.

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка — чалавек даволі практычны. Вы хочаце сказаць, што ён вызваляе палітвязьня, у яго разуменьні страчвае каштоўны актыў, адно за стварэньне больш спрыяльнай атмасфэры дыялёгу? Яго гэта некалі цікавіла?

Касьцюгова: Цікавіла і цікавіць. Я яго не ідэалізую, гэта цікавіць яго менавіта з практычнага пункту гледжаньня. І рэжым у цэлым, але і яго, як пэрсаніфікацыю рэжыму.

Дракахруст: На фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне, ці магчыма, што Захад «зьнізіць планку» патрабаваньняў да афіцыйнага Менску?
Інстытут палітвязьняў захоўваецца як інструмэнт


Касьцюгова: Калі вы маеце на ўвазе аслабленьне ці зьняцьцё візавых санкцый і скасаваньне абмежаваньняў на дзейнасьць нашых прадпрыемстваў у краінах ЭЗ, то гэта малаімаверна, бо ўмовы ня выкананыя.

Дракахруст: Валянцін, а які ваш адказ?

Стэфановіч: Я мяркую, што нашыя ўлады будуць спрабаваць выкарыстаць украінскую сытуацыю ў дыялёгу з ЭЗ. І дзіўна было б, калі б яны гэтага не спрабавалі рабіць, бо на фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне, Лукашэнка выглядае чалавекам, які гарантуе стабільнасьць унутры краіны, і ўжо не выглядае апошнім «кепскім хлопчыкам» Эўропы, «апошнім дыктатарам Эўропы», як яго часта называлі.

Тое, што адбывалася ў Кіеве пры Януковічу, не ідзе ў параўнаньне з тым, што было ў нас 19 сьнежня 2010 году. Я ўжо не кажу пра сёньняшнія падзеі ва Ўкраіне.

Самы «кепскі хлопчык» у Эўропе сёньня Пуцін, а не Лукашэнка. Таму, напэўна, нашы ўлады будуць спрабаваць атрымаць з гэтага чыньніку нейкія дывідэнды. Але я не палітоляг і не дыплямат, я праваабаронца. Мой інтэрас — каб людзі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, былі вызваленыя як мага хутчэй. А ўжо як гэта адбудзецца — гэта ня так істотна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG