Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пачытаць на пляжы? «Людзей на Балоце»!


Насуперак меркаваньню, што ў летнія падарожжы людзі імкнуцца браць з сабой лёгкае чытво, накшталт папулярных раманаў і дэтэктываў, а таксама кніг з апісаньнямі вандровак па розных краінах, апытаньне Радыё Свабода засьведчыла, што беларусы выбіраюць для адпачынку сур’ёзныя кнігі — маўляў, на дысанансе з разьняволенай абстаноўкай зьяўляецца магчымасьць глыбей і больш узважана асэнсаваць прачытанае.

Мы запыталіся ў дзясятка вядомых беларусаў, якую кнігу яны раяць узяць з сабой у летні адпачынак.

Адам Глёбус,
Адам Глёбус
Адам Глёбус
пісьменьнік — раіць вершы Максіма Багдановіча.

«Мы ў тым стане, калі трэба ня толькі чытаць, але і на памяць сёе-тое вывучыць. А Багдановіч, наш самы любімы паэт, у дарозе пойдзе лёгка і разам з тым вельмі зьмястоўна. Я наагул лічу, што паэзія вышэйшая за прозу, за бульварнае чытво і дэтэктывы».

Мікалай Халезін,
Мікалай Халезін
Мікалай Халезін
сцэнарыст — раіць «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча.

«Калі ты адпачываеш, ты можаш дастаткова бязбольна, але вельмі цьвяроза, абстрагаваўшыся, прачытаць кнігу пра тваю рэальнасьць, пра тое, што адбываецца ў тваім жыцьці. „Шабаны“ — гэта кніга, якая можа сваім дысанансам з тваім адпачынкам абвастрыць успрыманьне гэтай рэальнасьці. На адпачынку ня хочацца чытаць кнігі пра адпачынак. Хочацца падтрымліваць сябе нейкай мэнтальнай працай».

Алесь Мазанік,
Алесь Мазанік
Алесь Мазанік
прадпрымальнік — раіць «Пяты этап» і «Каханка вялікай мядзьведзіцы» Сяргея Пясэцкага.

«Творы гэтага пісьменьніка настолькі выбітныя, што мне, дамаседу, вельмі захацелася павандраваць. Менавіта пасьля прачытаньня гэтых твораў я адкрыў у сабе нетыповыя паводзіны што да вандровак і падарожжаў».

Зьміцер Галко,
Зьміцер Галко
Зьміцер Галко
журналіст — раіць «Людзей на балоце» Івана Мележа.

«Калі адпачынак ня вельмі актыўны, час дазваляе пасядзець ці паляжаць з кніжкай, я б рэкамэндаваў наш беларускі эпас — Мележавых „Людзей на балоце“. Калісьці гэты раман даў мне адчуць як беларусу глебу пад нагамі. Да прачытаньня гэтай кнігі Беларусь для мяне была нейкай абстрактнай ідэяй, пустой абалонкай, а пасьля „Людзей на балоце“ гэта ўжо была абжытая, населеная тэрыторыя».

Тацяна Беланогая,
Тацяна Беланогая
Тацяна Беланогая
бардэса — раіць паэзію ці гістарычную прозу.

«З паэзіі я б параіла вершы Максіма Багдановіча, а з прозы — творы Ўладзімера Арлова. У Багдановіча сьветлы вобраз Беларусі. А Арлова добра чытаць, бо ў яго творах Беларусь мае заўсёды такую аўру, якая правакуе сум па радзіме».

Антон Кашлікаў,
Антон Кашлікаў
Антон Кашлікаў
журналіст — раіць «Рома едзе» Ромы Сьвечнікава.

«На адпачынак я б параіў узяць кнігу падарожніка Ромы Сьвечнікава „Рома едзе“ — яна быццам бы адмыслова створана для таго, каб натхняць у дарозе. Вядома, „дарога“ ў разуменьні Ромы і „дарога“ ў разуменьні большасьці з нас — гэта крыху розныя рэчы. Але тым ня менш. Да таго ж гэтае чытво зьмяняе ўяўленьні пра краіны, людзей, зьявы. Дзякуючы кнізе „Рома едзе“ я, напрыклад, зусім па-іншаму стаў успрымаць Іран — і нават цяпер сымпатызую зборнай гэтай краіны на футбольным чэмпіянаце сьвету».

Паліна Рэспубліка,
Паліна Рэспубліка
Паліна Рэспубліка
сьпявачка — раіць «Рыбін горад» Наталкі Бабінай і «Хвілінку. Тры гісторыі» Ігара Бабкова.

«З таго, што я чытала апошнім часам, мне вельмі спадабалася „Хвілінка. Тры гісторыі“ Ігара Бабкова. Але мне падаецца, што беларуская літаратура ня вельмі пазытыўная, таму для адпачынку складана нешта параіць. Я памятаю, што аднойчы, менавіта ўлетку, я закахалася ў кніжку Наталкі Бабінай „Рыбін горад“, хоць і не магу сказаць, што гэта вельмі вясёлая кніга. Але дзякуючы цікаваму дэтэктыўнаму сюжэту я прачытала яе зь вялікім задавальненьнем. Тым больш што пасьля прачытаньня ёсьць над чым падумаць».

Віталь Гуркоў,
Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў
тай-баксёр — раіць кнігу «Бывший сын» Сашы Філіпенкі.

«Гэтая кніга вельмі лёгка і прыемна чытаецца, яна адлюстроўвае нашу рэчаіснасьць. Гэты твор мяне ўразіў. Кніга, праўда, збольшага на расейскай мове, але ёсьць кавалкі і па-беларуску. Гэта кніга пра нашу краіну, пра наш горад, пра падзеі, якія тут адбываліся. Аўтабіяграфічны раман, які тычыцца нашага горада і нашых людзей».

Наталка Бабіна,
Наталка Бабіна
Наталка Бабіна
пісьменьніца — раіць «Джульету і экстрасэнса» Тацяны Мушынскай і «Яніса» Фёдара Клімчука.

«Для жанчын я б параіла сваё адкрыцьцё гэтага году — Тацяну Мушынскую з кнігай „Джульета і экстрасэнс“. Гэта вельмі мілая, ціхая, празрыстая жаночая проза пра каханьне, пра адносіны паміж людзьмі. Калі параўнаць гэтую кнігу са стравай, то гэта была б вытанчаная кава з цынамонам альбо вытанчаная гарбата зь язьмінам. На дадатак сваім землякам зь Берасьцейшчыны рэкамэндую кнігу Фёдара Клімчука „Яніс“, якая, апроч арыгінальнага сюжэту пра грэка, які апынуўся ў Беларусі, цікавая яшчэ і тым, што напісаная на гаворцы сяла Сіманавічы Драгічынскага раёну».

Аляксандра Дорская,
Аляксандра Дорская
Аляксандра Дорская
рэдактарка «Bookster.by» — раіць «Камэнданцкі час для ластавак», «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча і «Сьцюдзёны вырай» Віктара Марціновіча.

«Калі чалавек кудысьці едзе, то чытво павінна быць захапляльным, каб чалавек настолькі заглыбіўся ў чытаньне, што не баяўся б палёту ў самалёце, ехаў бы цягніком, утаропіўшыся ў кнігу, а пасьля ляжаў бы на пляжы і таксама чытаў яе. Трэба, каб кніга яго не адпускала. Таму нешта эсэістычнае тут не параіш, тут трэба іншы настрой. Патрэбная фабула, якая захопіць і будзе трымаць усё падарожжа. „Камэнданцкі час для ластавак“ — гэта ня самая лёгкая кніга, ня самая сьмешная і аптымістычная, але захапляльная, і зь яе так проста ня вырвесься. У адпачынку я чытала „Шабаны“ Альгерда Бахарэвіча. Гэтая кніга захапляе, яна ўтрымлівае іронію. Разам з тым яна ня змрочная, таму добра пасуе для адпачынку, падчас якога чалавек звычайна настроены на адкрыцьці, прыгоды. Таксама рэкамэндую „Сьцюдзёны вырай“ Віктара Марціновіча».

Усевалад Сьцебурака,
Усевалад Сьцебурака
Усевалад Сьцебурака
пісьменьнік — раіць «Беларускую дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае» Міколы Ермаловіча, а таксама творы Людмілы Рублеўскай, Барыса Пятровіча і Ўладзімера Някляева.

«Калі я еду ў адпачынак, я бяру з сабой складаныя кнігі, да якіх у мяне не даходзілі рукі ў горадзе. На адпачынку няма іншых крыніц інфармацыі. Таму менавіта падчас адпачынку можна засяродзіцца на сур’ёзнай літаратуры. Добра будзе пасаваць гістарычная літаратура, напрыклад, Мікола Ермаловіч. Таксама дарэчы будуць прыгоды, тут прыдасца Людміла Рублеўская. Можна пачытаць сур’ёзнага Барыса Пятровіча. Таксама — прозу Ўладзімера Някляева. Разам з тым ёсьць людзі, якія ў адпачынку не чытаюць нічога, бо хочуць вызваліцца ад усіх момантаў, якія турбуюць чалавека ў горадзе падчас працы».

Арына Лісецкая,
Арына Лісецкая
Арына Лісецкая
культурніца — раіць «Падарунак для Адэлі» Севярына Квяткоўскага, вершы Вольгі Чайкоўскай і Марыі Шлык, а яшчэ цэлую нізку замежнай літаратуры.

«Калі адпачынак дазваляе шмат чытаць, то цяпер і назаўжды актуальная кніга Тымаці Снайдэра «Крывавыя землі. Эўропа паміж Гітлерам і Сталіным». Мне падаецца, што тут асабліва нічога тлумачыць ня трэба, бо назва добра раскрывае тэму. Калі ў вас ёсьць дзеці ці вы проста самі па сабе душэўны чалавек, які разьвівае ў сабе добрыя якасьці, то абавязкова раю «Мумі-троляў» Тувэ Янсан. У дзяцінстве ў мяне не было магчымасьці яе прачытаць, цяпер з захапленьнем чытаю разам з дачкой Элькай. Мне падаецца, што гэтую кнігу трэба ўводзіць у школьную праграму — там неверагодная мудрасьць і цеплыня. Зь беларускага раю «Падарунак для Адэлі» Севярына Квяткоўскага, кнігу, якая стала для мяне добрым раскрыцьцём успрыняцьця рэчаіснасьці гарадзкога беларуса, які няхай стомлена, але цікава распавядае пра свае прыгоды. І яшчэ вершы, як мага больш вершаў! Асабліва Вольгу Чайкоўскую і Марыю Шлык. Дзяўчатам яшчэ раю «Моцны Жбуць» Ірэны Доўскавай — чаго варта толькі фраза «У мяне таксама бываюць нягоды, больш за ўсё таму, што я тоўстая і зь мяне ўсе сьмяюцца. Але ўчора я вырашыла, што ня здамся».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG