Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя прэзыдэнты Ўкраіны цяперашняму: правядзі датэрміновыя выбары і люстрацыю


Юшчанка, Кучма і Краўчук на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі
Юшчанка, Кучма і Краўчук на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі

Былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка сфармулявалі на паперы агульную пазыцыю адносна бягучай сытуацыі ва Ўкраіне і накіравалі сваё пасланьне цяперашняму кіраўніку дзяржавы, Пятру Парашэнку.

У звароце да Парашэнкі яны адзначаюць, што падтрымліваюць ягоную пазыцыю адносна правядзеньня сёлета датэрміновых парлямэнцкіх выбараў паводле партыйных сьпісаў ды заклікаюць яго падрыхтаваць праект новай канстытуцыі краіны, які ўсталёўваў бы парлямэнцка-прэзыдэнцкую мадэль кіраваньня.

У прыватнасьці, Краўчук, Кучма і Юшчанка пішуць:

"Украінская зямля мусіць быць ачышчаная ад дывэрсантаў і тэрарыстаў, якіх засылае расейскі бок, груба парушаючы пры гэтым дзяржаўную мяжу і нормы міжнароднага права.

Важна ў рамках канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзыдэнта Украіны П. Парашэнка і ўраду Ўкраіны неадкладна ўзмацніць бясьпеку ўкраінскай дзяржаўнай мяжы з Расеяй, каб гарантаваць Украіне спакой і выключыць пранікненьне на нашу зямлю ворагаў і зброі з суседняй дзяржавы. (...)

Абставіны вайны на ўсходзе Украіны павінны стаць не падставай для адтэрміноўкі, а каталізатарам для рэформаў ва ўсіх сфэрах жыцьця. Трэба ў корані зьмяніць судовую і праваахоўную сыстэму, узяўшы за аснову эўрапейскі досьвед. Чысьціня шэрагаў праваахоўных органаў — найважнейшая задача Прэзыдэнта Украіны.

Неадкладна патрэбная люстрацыя кадравага корпусу праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. У надзвычайных падзеях апошніх месяцаў стала відавочным, што на асобных участках непрафэсіяналізм і карумпаванасьць набылі пагрозьлівы для будучыні Ўкраіны характар. Ніякага кумаўства, ніякіх інтарэсаў сяброў не павінна быць у той час, калі вырашаецца лёс Украіны. Усе, хто ня змог забясьпечыць даручаны ўчастак працы, павінны добраахвотна сысьці ў адстаўку. Гэтага патрабуюць сёньня інтарэсы ўкраінскай справы. Усе, хто зьвязаны з карупцыяй, павінны паўстаць перад сумленным судом і атрымаць пажыцьцёвую забарону займаць пасады ў дзяржаўным кіраваньні. (...)

Мы падтрымліваем пазыцыю П. Парашэнкі адносна правядзеньня сёлета датэрміновых выбараў парлямэнту Ўкраіны паводле адкрытых партыйных сьпісаў. Дзейны склад Вярхоўнай Рады скампрамэтаваны глухатой да патрабаваньняў Майдану і мае ганебную гісторыю ўчыненьня буйных здрадаў. (...)

Назіраючы за далейшай эскаляцыяй сытуацыі з-за дзеяньняў Расіі, мы зьвяртаемся да ЗША, Эўразьвязу і ўсяго дэмакратычнага сьвету з просьбай прыняць больш рашучыя санкцыі супраць расейскай эканомікі. Аснова агрэсіўнай зьнешняй палітыкі і мілітарысцкіх намераў Расіі павінна быць разбураная, а магчымасьці для ўзмацненьня вайсковага комплексу сучаснымі распрацоўкамі — заблякаваныя як крыніца патэнцыйнай небясьпекі для ўсяго эўрапейскага кантынэнту. Улічваючы надзвычайныя рызыкі для мірнай будучыні ўкраінскага народу, Украіна павінна атрымаць гарантаваную абарону ў сыстэме эўрапейскай бясьпекі, а таксама атрымаць станоўчы адказ на запыт аб рэальнай апэратыўнай вайсковай і фінансавай дапамозе".

Цытаты паводле сайту UNN.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG