Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Беларускія ўлады з усіх сілаў імкнуцца дэманстраваць аптымізм у сфэры эканомікі. Лукашэнка на нядаўнім паседжаньні Рады бясьпекі ўбачыў там «станоўчыя тэндэнцыі». А наведваючы «Беларуськалій», ён з радасьцю адзначыў, што аб’ёмы экспарту калію сёлета «мы чакаем гістарычныя»: «Мы столькі ніколі не прадавалі, колькі прададзім у гэтым годзе», — паведаміў прэзыдэнт. Праўда, асаблівага росту валютных паступленьняў чакаць не выпадае, бо ўсясьветныя цэны на калійныя ўгнаеньні рэзка ўпалі. І ўвогуле сам факт абмеркаваньня сытуацыі ў эканоміцы на Радзе бясьпекі вельмі паказальны.

Больш за тое, некаторыя падзеі эканамічнага жыцьця краіны даволі пераканаўча сьведчаць, што ў эканоміцы Беларусі «штосьці ня так». Найперш, узгадаем непаразуменьні з расейскім крэдытам. Нагадаю, што пасьля вяртаньня Лукашэнкі з Масквы 9 траўня ён радасна паведаміў журналістам пра дамову ў Маскве з Пуціным пра выдзяленьне Расеяй дзяржаўнай пазыкі ў памеры 2 млрд даляраў. Прычым, паводле ягоных словаў, прыйсьці грошы павінны цягам траўня. На календары ўжо другая палова чэрвеня, а расейскага дзяржаўнага крэдыту няма.

30 траўня кіраўнік Банку разьвіцьця Сяргей Румас паведаміў, што замест дзяржаўнай пазыкі, якая затрымліваецца, дасягнута дамоўленасьць пра выдзяленьне Беларусі крэдыту ў памеры 1 мільярд даляраў расейскім банкам ВТБ. Грошы павінны былі прыйсьці цягам 10–14 дзён.

Сёньня ўжо 20 чэрвеня, але няма і гэтых грошай. Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што расейскі дзяржаўны крэдыт павінен прыйсьці ў ліпені-жніўні. А намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што Мінфін Беларусі дамаўляецца з банкам ВТБ аб брыдж-крэдыце аб’ёмам да 2 мільярдаў даляраў.

Апошняя інфармацыя асабліва знамянальная. Можна зрабіць выснову, што сытуацыя на валютным рынку вельмі дрэнная, таму беларускія эканамічныя ўлады ня могуць чакаць да ліпеня-жніўня, дадатковы мільярд даляраў патрэбны тэрмінова. Нават і на вельмі нявыгадных умовах. Таму што брыдж-крэдыт прадугледжвае высокія працэнты.

Новая кампанія барацьбы зь імпартам грубымі адміністрацыйнымі мэтадамі — з той самай сэрыі. Спачатку прэзыдэнцкі ўказ № 222 стварае прыватным прадпрымальнікам, якія займаюцца імпартам, умовы, непрымальныя для эканамічнага выжываньня. Потым пад шумок хакейнага чэмпіянату выцесьнілі імпартнае піва. Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч завіў, што замежных тавараў на нашым рынку павінна быць ня больш за 15%. І вось, выконваючы загад, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі на нарадзе ў пятніцу з кіраўнікамі ды заснавальнікамі гандлёвых арганізацыяў Менску запатрабаваў, каб беларускія тавары складалі ў крамах ня менш за 85%.
Гаворка ідзе пра фактычнае ўвядзеньне манаполіі замежнага гандлю ў Беларусі


І як фінальны акорд — падрыхтаваны праект указу прэзыдэнта аб рэзкім абмежаваньні імпарту з дапамогай стварэньня інстытуту спэцымпартэра. Гаворка ідзе пра фактычнае ўвядзеньне манаполіі замежнага гандлю ў Беларусі. І гэта пасьля таго, як зусім нядаўна ў Астане прэзыдэнты Беларусі, Расеі і Казахстану ва ўрачыстай абстаноўцы падпісалі дамову аб стварэньні Эўраазіяцкага эканамічнага саюзу, які прадугледжвае свабодны рух капіталу, тавараў, паслугаў. Яшчэ чарніла ня высахла, а Беларусь у аднабаковым парадку, па сутнасьці, дэ-факта выходзіць з гэтага пагадненьня.

Выцісканьне імпарту, які вымывае валюту з краіны — гэта ў пэўным сэнсе замена дэвальвацыі. Бо апошняй народ баіцца, лічаць улады, а бязь імпартных тавараў неяк перажыве.

І яшчэ адзін цікавы факт. У Салігорску Лукашэнка абвясьціў, што ў Беларусі прыпыняецца будаўніцтва спартыўных і культурных аб’ектаў. Ня вер вачам сваім. Нават сьвятая карова — лядовыя палацы — стала ахвярай эканоміі бюджэту. І гэта пасьля трыюмфальнага завяршэньня Чэмпіянату сьвету па хакеі, дзе беларуская зборная паказала выдатны вынік. Звычайна такія падзеі спрыяюць бурліваму росту спартовых арэнаў. А тут усё наадварот. Відаць, моцна прыпякло.

Усякая казка рана ці позна заканчваецца. Гэта не пра фіяска зборнай Іспаніі — заканадаўцы футбольнай моды ў сьвеце апошняга дзесяцігодзьдзя. Гэта пра беларускую сацыяльную мадэль. Патрэбен толькі вонкавы аўдыт, накшталт спартовага спаборніцтва, які б паказаў, што кароль голы.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG