Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 чэрвеня: дзень памяці Васіля Быкава


Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У Менску сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ўскладуць кветкі да магілы Васіля Быкава на Ўсходніх могілках на Алеі ганаровых грамадзянаў у дзень сьмерці пісьменьніка. Пачатак у 12.00.

У Празе канцэрт беларускага музыкі Тодара Вайцюшкевіча. Песьні на словы Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Максіма Танка можна будзе пачуць ў Garden Café Taussig па адрасе Vlašská 25, Praha 1. Пачатак у 18.00.

У Мірскім замку канцэрт «Жывы рок». Пачатак у 21.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1919 — у Горадні выйшла газэта «Родны край» (выдавалася да 19 ліпеня 1919 г. і была забаронена на 6-ым нумары).

1941 — на беларускія землі ўвайшлі войскі фашыстоўскай Нямеччыны.

1943 — заснавана моладзевая патрыятычная арганізацыя — Саюз Беларускай Моладзі (СБМ, дзейнічала у Беларусі да ліпеня 1944 г.).

1950 — у Маладзечне адбыўся суд над удзельнікамі мядзельска-смаргонскага вучнёўскага антысавецкага падпольля. Большасьць удзельнікаў асуджана да 25 гадоў савецкіх канцлягераў, а кіраўнік групы Расьціслаў Лапіцкі — да расстрэлу. Валер Мазынскі зьняў дакумэнтальны фільм пра Расьціслава Лапіцкага.

«Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць легенды. Вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, да якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды»


2003 — памёр Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі. Пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.

«Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва? А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імпэрскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму. У пераможнай эўфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход да вайны ня выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах — інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць у Расеі, хоць у Беларусі. Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае».

Васіль Быкаў


У гэты дзень нарадзіліся:

1883 — Аляксандр Цьвікевіч, палітычны дзяяч, гісторык, філёзаф, публіцыст. З 1921 па 1923 год Аляксандар Цьвікевіч займаў пасаду міністра замежных справаў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынём І Усебеларускай канфэрэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасьні 1921 г. На гэтай канфэрэнцыі ў яго рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытаньні. У 1922 г. Цьвікевіч разам з Ластоўскім рабілі спробу ўключэньня беларускага пытаньня ў парадак дня Гэнуэскай канфэрэнцыі. На ІІ Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне ў 1925 г., пад узьдзеяньнем посьпехаў і дасягненьняў палітыкі беларусізацыі ў БССР, Аляксандар Цьвікевіч прыняў рашэньне аб спыненьні дзейнасьці Рады міністраў БНР. Вярнуўся ў Менск у 1925, расстраляны ў 1937-ым.

1896 — Браніслаў Туронак (фальв. Пестуны, цяпер Мёрскі раён), культурна-грамадзкі дзеяч, публіцыст.

1960 — Сяргей Кушняроў, амэрыканскі мультыплікатар беларускага паходжаньня.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

Вайна Нікога. 22 чэрвеня 1867 палонныя капітана Нэма ўцякаюць зь ягонай субмарыны
XS
SM
MD
LG