Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяніну Грузіі прад’явілі абвінавачаньне за ўгон самалёта


Сьледчы камітэт прад’явіў абвінавачаньне грамадзяніну Грузіі 1973 году нараджэньня па крымінальнай справе аб замаху на захоп з мэтай угону паветранага судна авіякампаніі «Белавія».

Самалёт рабіў рэйс Кутаісі — Менск 10 чэрвеня.

Дзеяньні абвінавачанага кваліфікаваныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 311 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Абвінавачаны пад вартай, працягваецца расьсьледаваньне, паведамляе прэсавая служба Сьледчага камітэту.

Прызначаныя судова-псыхіятрычная і почырказнаўчая экспэртызы.

10 чэрвеня КДБ Беларусі распаўсюдзіў інфармацыю пра затрыманьне грамадзяніна Грузіі, які спрабаваў пры дапамозе цыдулкі з пагрозамі ўгнаць самалёт, які рухаўся рэйсам Кутаісі — Менск. Пасажыр быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорту.

Паводле Сьледчага камітэту, «гэты інцыдэнт зьяўляецца першым у гісторыі сучаснай Беларусі».

Кампанія «Аб’яднаньне аэрапортаў Грузіі» тым часам заявіла, што грамадзянін Грузіі сапраўды затрыманы супрацоўнікамі КДБ, аднак «ніякай спробы ўгону самалёта не было», перадаюць «Новости-Грузия».
XS
SM
MD
LG