Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вучылі б беларускую, але з кім на ёй размаўляць?»


Надпіс на бюсьце Тараса Шаўчэнкі

Надпіс на бюсьце Тараса Шаўчэнкі

У Беларусі нацыянальныя дыяспары апошнім часам пачалі ўсталёўваць памятныя знакі сваім славутым героям-суайчыньнікам. Амаль усе яны зьвязаныя з падзеямі Другой усясьветнай вайны. У бальшыні сваёй надпісы на іх зробленыя па-расейску. Толькі на нешматлікіх прысутнічае беларушчына. Як ставяцца нацыянальныя грамады да нацыянальнай мовы беларусаў і чаму рэдка яе выкарыстоўваюць?

Магілёўскія ўкраінцы на беразе Дняпра ўсталявалі бюст Тараса Шаўчэнкі ў жніўні 2005 году. Надпіс на ім — на беларускай і ўкраінскай мовах, што выглядае нязвыкла.

Кіраўнік мясцовага культурна-асьветніцкага аб’яднаньня ўкраінцаў «Дніпро» Генадзь Гузій зазначае, што ўкраінцы паважліва ставяцца да культуры той краіны, у якой яны воляю лёсу апынуліся ды жывуць. Не выключэньне і Беларусь.

«Украінцы кажуць гэтак: „Беларусь і Ўкраіна вось і Русь — яна адзіная“. У нас дужа вялікая гісторыя супольная. У нас і культуры падобныя, — зазначае суразмоўца. — Таму гэта павага да беларускага народу і ягонай роднай мовы. Менавіта з роднай мовы пачынаецца нацыя». Бюст Тараса Шаўчэнкі

Бюст Тараса Шаўчэнкі


Паводле Генадзя Гузія, моўная сытуацыя ў Беларусі ня дужа адрозьніваецца ад моўнай сытуацыі ва Ўкраіне, дзе таксама распаўсюджаная расейская мова. Таму, зазначае ён, украінцаў, якія ўпершыню трапляюць у Беларусь, ня дужа дзівіць панаваньне тут расейшчыны. На думку суразмоўцы, апошнім часам з боку ўлады праяўляецца больш увагі да нацыянальнай мовы беларусаў, чым раней.

У Магілёве на Дзень гораду армянская грамада адкрывае памятны знак, дужа важны для армянаў у замежжы — хачкар. Паводле кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня «Масіс» Армена Хачатрана, у сьвеце такіх знакаў болей за дзесяць тысяч. Магілёўскі хачкар, выраблены, як і ўсе падобныя, з вульканічнага туфу, прывезенага з Армэніі, ужо стаіць на беразе Дняпра. На ім — імёны армянаў, якія ўдзельнічалі ў баях Айчынай вайны на тэрыторыі Магілёўшчыны. Мова на шыльдзе — толькі расейская. Армен Хачатран адзначае, што яе абралі з практычных меркаваньняў. Гэтую мову ведаюць і армяне, і беларусы, тлумачыць ён. Што да беларускай мовы, то суразмоўнік заўважае, што армяне паважаюць беларускую культуру: Армен Хачатран

Армен Хачатран


«Дзеці ў школе вучаць беларускую мову, але па беларуску не гавораць. Яны гавораць па-расейску і па-армянску. Але ўсё ж беларускую мову ведаюць. Я сам разумею, але не гавару. Памятаю час, калі зьбіраліся перавесьці ўсё на беларускую мову, дык я тады думаў, як быць. Але ж усё роўна давялося б вучыць. Нікуды не падзеўся б. Мо і на лепшае б было? Я ня ведаю».

На думку суразмоўцы, беларусам самім варта вырашыць моўную праблему. У Армэніі, зазначае ён, па-расейску таксама гавораць — ёсьць расейскамоўныя школы, але нацыянальнай мовай армян застаецца армянская. Хачкар

Хачкар


Сваю пашану праслаўленым у Магілёве азэрбайджанцам выказалі цяперашнія іхныя суайчыньнікі, якія аселі ў беларускім горадзе. Шыльдай на доме, узьведзеным на месцы зруйнаванага касьцёла Сьвятога Францішка Ксавэрыя і калегіюма езуітаў, магілёўскія азэрбайджанцы ўшанавалі памяць Героя Савецкага Саюзу Аслана Візырава. Яму ж у адным са сквэраў паставілі і бюст. Зьвесткі пра героя з далёкай закаўкаскай краіны пададзеныя толькі па-расейску. Лідэр азэрбайджанскай грамады «Азэры» Ільяс Ільясаў прызнаецца: калі ўсталёўвалі памятныя знакі, ня думалі пра беларускую мову. Ён не хавае, што моўная сытуацыя ў Беларусі для азэрбайджанца нязвыклая. Пры гэтым суразмоўца адзначае, што і ў ягонай краіне шмат людзей цяпер гавораць па-расейску. Некаторыя маладыя суайчыньнікі, заўважае магілёўскі азэрбайджанец, пажыўшы ў Беларусі, забываюць сваю мову: Памятная дошка Аслану Везіраву

Памятная дошка Аслану Везіраву


«Вось ім гаворыш па-азэрбайджанску „Салам алейкум“, а яны па-расейску адказваюць — „прывет“. Многія дзеці ўжо ня ведаюць мовы нашай. Гэта так. Гэта кепска. Народ, які не захоўвае свайго мінулага, у яго будучыні няма. Родную мову ведаць трэба!», — з дакорам прызнае Ільяс Ільясаў.

Што да веданьня азэрбайджанцамі беларускай мовы, то суразмоўнік зазначае: «Дзеці, якія нарадзіліся тут, то беларускую мову вывучаюць у школе і, відаць, могуць камунікаваць на ёй. Але тыя пакаленьні, якія нарадзіліся ў Азэрбайджане і прыехалі сюды, адназначна ня будуць гаварыць. Калі самі беларусы не гавораць па-беларуску, як мы будзем гаварыць па-беларуску?» Ільяс Ільясаў

Ільяс Ільясаў


А ці важна самім беларусам, каб іхную нацыянальную мову ведалі прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, якія стала аселі ў Беларусі? Пасьля доўгіх развагаў на гэтую тэму мінакі на магілёўскіх вуліцах свае высновы зводзілі да таго, што беларусам самім найперш варта было б ведаць сваю мову.

«Так, вядома ж, веданьне мовы замежнікамі было б павагаю да нашай культуры, — заўважае маладая спадарыня. — Але ж кожны выбірае сам, бо ў нас дзьве мовы дзяржаўныя. Адзінае пытаньне ў тым, што ўсё менш людзей беларускую мову ўжываюць. Важна памятаць пра гэта і з павагай самім да мовы ставіцца».

Гэткай жа пазыцыі трымаецца і яшчэ адзін суразмоўнік: «Гэта пытаньне больш у нас знаходзіцца. Калі нам гэта самім не патрэбна, то які сэнс ствараць прыгожую карцінку? Дзе закон пра абарону роднай мовы, калі яна ў заняпадзе? Я вось цяпер гавару не на сваёй роднай мове, і гэта шмат што паказвае. Дужа мала людзей, якія ўжываюць беларускую мову — сваю родную мову».

Сябра Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі

Таварыства беларускай мовы Міхась Булавацкі заўважае, што патрабаваць ад небеларусаў веданьня беларускай мовы ў цяперашняй сытуацыі не выпадае, аднак падказваць, каб яны выкарыстоўвалі нацыянальную мову беларусаў, варта:

«Каб яны хаця б на памятных сваіх знаках рабілі надпісы ў тым ліку па-беларуску. Калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, дык і паважай адразу дзьве. Тады напішы на трох мовах, і на сваёй таксама».
XS
SM
MD
LG