Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: суд вярнуў мытні пратакол адносна Веранікі Сэбасьцяновіч


Вераніка Сэбасьцяновіч, архіўнае фота
Вераніка Сэбасьцяновіч, архіўнае фота

Матэрыялы справы на кіраўніцу арганізацыі вэтэранаў Арміі Краёвай Вераніку Сэбасьцяновіч накіраваныя «для ўхіленьня недахопаў» у Гарадзенскую рэгіянальную мытню.

2 красавіка супрацоўнікі аддзелу мытні па барацьбе з кантрабандай сканфіскавалі прадукты на 12 мільёнаў рублёў, дастаўленыя ў Скідзель Вераніцы Сэбасьцяновіч дзеля раздачы старым людзям на Вялікдзень.

Судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Горадні Тацяна Гергель зьвярнула ўвагу на тое, што, паводле матэрыялаў справы, пастанова аб гэтым была прынятая 27 сакавіка, аднак самі мытнікі ня здолелі патлумачыць у судзе, калі атрымалі санкцыю на вобшук у Сэбасьцяновіч — у той жа дзень ці толькі 2 красавіка.

Паводле вэрсіі мытні, на польскім баку нехта раздаў людзям на рукі бутэлькі з алеем, пачкі з макаронай, мукой, каб не плаціць мыта, а потым на беларускім баку забраў назад. Вераніку Сэбасьцяновіч судзілі за супрацьпраўнае дзеяньне, якое, згодна з пратаколам, мела неканкрэтную фармулёўку, але канкрэтную дату: «2 красавіка 2014 году неўстаноўленая асоба, знаходзячыся ў Рэспубліцы Польшча, набыла і раздавала неўстаноўленым грамадзянам прадукты харчаваньня».

У абвінавачаньні няма ніякіх прозьвішчаў, у тым ліку самой спадарыні Сэбасьцяновіч. Падчас судовага разбору не ўздымаліся пытаньні, хто каму раздаваў на польскім баку, а потым забіраў на беларускім харчы для старых людзей, якімі апякуецца вэтэранская арганізацыя незарэгістраванага Саюзу палякаў. Адзін са сьведак, шафёр генконсульства РП Андрэй Казукевіч, засьведчыў, што загрузіў у консульстве кардонныя скрынкі з прадуктамі і даставіў у Скідзель Вераніцы Сэбасьцяновіч. Паводле яе, прадукты ў Польшчы зьбіраюць добраахвотна людзі, якіх яна ня ведае, але якія хочуць праявіць дабрачыннасьць.

Судзьдзя Тацяна Гергель зазначыла, што вэтэранская арганізацыя АК у Беларусі ня мае рэгістрацыі. Вераніка Сэбасьцяновіч паведаміла, што пачаткова яна была зарэгістраваная, гэта адбылося ў 1993 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG