Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы тыдзень футбольнага чэмпіянату сьвету ў Бразыліі адзначыўся сваёй непрадказальнасьцю. Бляклую гульню дэманструюць гаспадары мундыялю; пакуюць чамаданы пакуль яшчэ дзейныя ўладальнікі ўсясьветнай кароны гішпанцы, а сьледам за імі, выглядае, і ангельцы. Зусім кволыя партугальцы на чале зь лепшым гульцом сьвету Раналду. Не ідуць справы далей за гучныя заявы і ў адзінага постсавецкага прадстаўніка — каманды Расеі. Якая зборная на юбілейным, 20-м чэмпіянаце, выклікае сымпатыі ў беларусаў?

Беларусаў на футбольных першынствах кшталту чэмпіянатаў сьвету і Эўропы прадстаўляюць збольшага спартовыя функцыянэры — вось і цяпер на трыбунах бразыльскіх стадыёнаў бавяцца прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі футболу на чале зь Сяргеем Румасам. Шараговых заўзятараў з-за дарагоўлі пералёту за акіянам адзінкі. Гэтая ж прычына не дала камандзіраваць на месца падзеяў сваіх супрацоўнікаў і Беларускаму тэлебачаньню. Фактычна аматары футболу і камэнтатары зраўнаныя ў магчымасьці атрымліваць адну і тую ж карцінку.

Заўзятар зь вялікім стажам, палітык і грамадзкі дзеяч Павал Знавец канстатуе: з усіх спартовых тэлежурналістаў толькі адзін здольны даходліва і абгрунтавана данесьці інфармацыю — Павал Баранаў. А галоўнае — яшчэ і на роднай мове:

« Павал Знавец

Павал Знавец

На Tut.by, дзе Павал Баранаў вядзе свой блог, я вяду зь ім ліставаньне і ўвогуле маю добрыя дачыненьні. І лічу яго найлепшым беларускім тэлекамэнтатарам. Ну, а ўсе астатнія залежаць ад каньюнктуры. На менскім чэмпіянаце сьвету па хакеі, нягледзячы на шматлікія звароты, у вельмі дрэнным сьвятле выставілі нашу краіну, не зрабіўшы ніводнага рэпартажу на мове. Таму на гэтым тле безальтэрнатыўна выдзяляецца ў лепшы бок менавіта Павал Баранаў — і веданьнем справы, і прафэсіяналізмам. Усе іншыя нават блізка не стаяць. Ён якраз вядзе рэпартажы бліжэй да ночы, і асабіста я гляджу іх, у тым ліку і з-за вядоўцы. І гэта ня толькі маё ўражаньне, а нават і тых людзей, далёкіх ад беларушчыны, якія проста робяць стаўкі, самі гуляюць у футбол. Выдзяляюць яго і па эмоцыях, і па падыходзе да справы. Як мае быць вядзе рэпартажы, на галаву вышэй за астатніх. І плюс яшчэ мовай добра валодае і такім чынам адначасова яе прапагандуе».

Павал Знавец на сёлетнім чэмпіянаце заўзее за зборную Галяндыі, якая пакуль што дэманструе фэерычны футбол. Адметна, што на баку галяндцаў і многія іншыя беларусы, каго я распытваў пра футбольныя прыярытэты. У іх ліку і спартовы аглядальнік Алесь Сівы:

«Мае сымпатыі даўно на баку галяндцаў, і мяне радуе, што зборная гэтай краіны пакуль дэманструе ня толькі прыгожы футбол, але і наагул паказвае, якім шляхам трэба рухацца, у які бок глядзець і што браць за прыклад. Асабіста мне галяндцы ў гэтым сэнсе імпануюць».

Карэспандэнт: «Днямі экс-настаўнік зборнай Беларусі Анатоль Байдачны шчыра зьдзівіўся, што чамусьці ня ўсе беларусы падтрымліваюць Расею...»

«
Ня той футбол паказвае Расея, які вабіць заўзятара і які варта падтрымліваць
За расейцаў па інэрцыі заўзеюць таму, што гэта краіна былога Саюзу. Але гэта зусім не азначае, што ўсе павінны падтрымліваць Расею. Калі, прыкладам, мне не падабаюцца боты айчыннай вытворчасьці, то я куплю заходнія, правераных марак. Так і ў гэтым выпадку: калі падзяліць палітыку і спорт, то глядзець, у прынцыпе, няма на што. Матч паміж зборнымі Расеі і Паўднёвай Карэі — адзін з самых сумных на чэмпіянаце. Вядомы расейскі тэнісіст Яўген Кафельнікаў, які цяпер займаецца гольфам, нават сказаў, што Расея выйдзе з групы гэтаксама, як ён стане алімпійскім чэмпіёнам у гольфе. І калі ўжо самі расейцы не заўзеюць за сваю каманду, то пра што ўжо казаць? Няма за што перажываць, ня той футбол паказвае Расея, які вабіць заўзятара і які варта падтрымліваць».

Аляксандар Пуціла доўгі час практыкаваўся ў футбольных рэпартажах на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё, цяпер рыхтуе спартовыя агляды для тэлеканалу «Белсат». Лічыць крытыку заўзятараў на адрас калегаў цалкам апраўданай — бальшыні не хапае ні куражу, ні нацыянальнай адметнасьці:

« Аляксандар Пуціла

Аляксандар Пуціла

Вось куражу сапраўды не хапае, але гэта, ведаеце, збольшага залежыць ад чалавека. Хіба што ў Навіцкага ды ў Новікава хапае энэргіі ўвесь матч, усю трансьляцыю правесьці на адным дыханьні, як кажуць, на адным узроўні. А ў асноўным пачынаецца як быццам нармальна, а потым, калі гульня прыядаецца, пад канец трансьляцыі імпэт крыху ўжо спадае і пачынаеш стамляцца і ад самога футболу, і ад свайго рэпартажу. Сам па сабе ведаю, бо вёў не адзін рэпартаж. Тым больш што з нашым футболам, хакеем асабліва не разыдзесься, гэта не міжнародны турнір. Вось гэтага стрыжня няма, але яго і ня будзе, як ты вучы, не вучы. Асабліва калі справа тычыцца мовы. Таму трэба мэтанакіравана шукаць энэргічнага чалавека, хто ўжо шмат разумее, шмат ведае ў той жа беларускай мове. Бо каб мы хацелі адрозьнівацца ад расейцаў, у першую чаргу трэба камэнтаваць на сваёй мове. Як камэнтуюць украінцы — на ўкраінскай, азэрбайджанцы — на азэрбайджанскай і г.д. Усё ж прапісныя ісьціны».

Тым часам на футбольных палях Бразыліі пачынаюцца вырашальныя матчы. Па дзьве горшыя каманды з васьмі квартэтаў неўзабаве будуць зьбіраць пакункі, ня трапіўшы ў лік 16-ці мацнейшых. Грымнулі і першыя сэнсацыі — бясслаўна заканчваецца чэмпіянат сьвету для Гішпаніі, Англіі. Каб трапіць у 1/8, давядзецца напружыцца Партугаліі, Расеі, Харватыі ды іншым.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG