Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька абвяргае супрацоўніцтва з ЛДПБ


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька на сваёй старонцы ў фэйсбуку называе інфармацыю пра супрацоўніцтва паміж АГП і ЛДПБ «мыльнай бурбалкай». У інтэрвію Радыё Свабода лідэр АГП запэўніў, што такое пагадненьне падпісанае ня будзе.

19 чэрвеня старшыня менскай абласной структуры АГП Аляксандар Валчанін заявіў Радыё Свабода, што падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з кіраўніком менскай абласной філіі ЛДПБ Аляксандрам Піліпчуком у такіх галінах, як спорт, барацьба з наркаманіяй і алькагалізмам.

20 чэрвеня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абверг інфармацыю, што АГП будзе супрацоўнічаць зь Лібэральна-дэмакратычнай партыяй Беларусі:

«Я як кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, на якога статут ускладае абавязак выступаць ад імя партыі і падпісваць пагадненьні ад імя партыі, заяўляю, што ня можа быць падпісана пагадненьне паміж АГП і ЛДПБ, таму што мы знаходзімся ў розных ідэалягічных нішах, мы — на супрацьлеглых баках беларускага палітычнага жыцьця. Партыя Гайдукевіча — гэта праўладная структура. АГП — гэта апазыцыйная структура. Таму ня можа быць паміж намі пагадненьня аб стратэгічным партнэрстве. У старшыні Менскай філіі АГП чалавечыя камунікацыі могуць быць з кім заўгодна. Але палітычных пагадненьняў быць ня можа. Гэта першае.

Другое, на чым мы робім акцэнт: АГП — гэта дэмакратычная партыя, і ўсе рашэньні, якая прымаюцца зь нізу да верху — яны прымаюцца калегіяльна. На вялікі жаль, кіраўнік рэгіянальнай структуры, дастаткова дасьведчаны чалавек, ня ведае пра элемэнтарныя працэдуры. Гэтае рашэньне павінна быць зацьверджана Радай абласной арганізацыі, а не спачатку яго падпісваць, а потым узгадняць з Радай. Такія элемэнтарныя рэчы павінен ведаць кіраўнік абласной арганізацыі.

І самае галоўнае, што мне вельмі непрыемна — што чалавек кажа, што меў са мной размову на гэтую тэму. А такой размовы ў мяне з Валчаніным не было».

Паводле словаў Лябедзькі, Менская абласная рада ў суботу ініцыюе сход, і гэтае пытаньне будзе на ім разглядацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG