Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік НАТО: Расея «таемна працуе з эколягамі», каб захаваць газавую залежнасьць Эўропы


Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што Масква вядзе кампанію дэзінфармацыі, каб захаваць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу.

Паводле Расмусэна, Расея хоча падарваць эўрапейскія праекты зьвязаныя з выкарыстаньнем тэхналёгіі гідраўлічнага разрыву (fracking).

Расмусэн, былы прэм’ер-міністар Даніі, сказаў у чацьвер, выступаючы ў лёнданскім дасьледчым цэнтры Chatham House: «Я сустракаўся з саюзьнікамі, якія могуць паведаміць, што Расея, сярод іншых складаных інфармацыйных апэрацый і апэрацый дэзінфармацыі, актыўна супрацоўнічае з так званымі няўрадавымі арганізацыямі — экалягічнымі арганізацыямі, якія працуюць супраць сланцавага газу — для падтрыманьня залежнасьці Эўропы ад імпарту расейскага газу».

Ён адмовіўся паведаміць падрабязнасьці гэтых апэрацый, сказаўшы: «Гэта мая інтэрпрэтацыя». Расмусэн даў зразумець, што мэтад гідраўлічнага разрыву, на ягоную думку, варта выкарыстоўваць, каб атрымаць новыя крыніцы газу і нафты для павышэньня энэргетычнай бясьпекі Эўропы,

Прэсавая служба НАТО патлумачыла, што гэта асабістыя погляды Расмусэна, а не афіцыйная палітыка арганізацыі.

Гідраўлічны разрыў пласту — гэта мэтад, які ўжываецца, каб павялічыць здабычу на нафтавых і газавых сьвідравінах. У пласьце робіцца расколіна з дапамогай адмысловай вадкасьці пад вялікім ціскам. Шэраг экалягічных групаў пратэстуюць супраць гэтага мэтаду, папярэджваючы пра небясьпеку забруджваньня вады, а таксама тлумачачы, што гэта прывядзе да большага выкарыстаньня выкапнёвых відаў паліва і узмацніць глябальнае пацяпленьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG