Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чым Беларусь цікавая сьвету і ці варта раскрываць сакрэты


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Нядаўна я ўдзельнічаў у дыскусіі на тэму, якую для сябе назваў так: «Чым можна зацікавіць замежнага чытача, апроч чарговых «оджыгаў» Лукашэнкі?».

У дыскусіі бралі ўдзел як замежнікі, якія пішуць пра Беларусь, гэтак і беларусы, якія пішуць для замежных СМІ.

Прыгадалася, як у сярэдзіне 1990-х упершыню прачытаў вялікі тэкст на францускай мове. Я – замежнік у Францыі – не адрываючыся ад газэтнай паласы, чатаў матэрыял пра далёкае і для Францыі, і Беларусі замежжа – Кітай. А нават пра адну канкрэтную правінцыю – Уйгурстан.

Здавалася б – з чаго гэта, будучы першы раз у Парыжы, цікавіцца такой далёкай экзотыкай, няўжо пад бокам матэрыялу для ўражаньняў мала?

Дарэчы, пра Уйгурстан адносна нядаўна паведамлялі ўсе сусьветныя СМІ. Там адбыўся чарговы тэракт. Яны ў Уйгурстане бываюць пэрыядычна, раз-два на год. Можа я штосьці прапусьціў, але інфармацыю, атрыманую з «Le Figaro» ў далёкім 1996-м, я больш ніколі ў СМІ не сустракаў. Прынамсі, у тых, што вяшчаюць на тэрыторыі Беларусі.

А справа ў тым, што ўжо на момант 1990-х кітайскі ўрад правёў у Уйгурстан каля дзясятка дадатковых чыгуначных галінак, і пабудаваў пяць аэрапортаў. І туды штодня прыбывалі каляністы – каля васьмі тысяч за суткі.

Так Кітай вырашаў праблему няскоранага рэгіёну, заселенага цюркамоўнымі уйгурамі. Народам з традыцыямі качэўнікаў і мусульманскім веравызнаньнем. То бок, вельмі далёкім ад культуры ханьцаў, тых самых асноўных насельнікаў Кітаю, якіх мы клічам кітайцамі. Гэта як на Захадзе рускімі клікалі ўсіх з СССР: і эстонцаў, і таджыкаў.

Бачыце: гара нюансаў, акалічнасьцяў, таноў і паўтаноў. Ва ўсё гэта трэба ўключацца. Таму ад году на год ведаем каротка – адбываўся тэракт. Хоць самі уйгурцы, магчыма, лічаць, што адбыўся чарговы бой вайны за незалежнасьць. Хто ведае, зь імі ж, апроч кітайскіх паліцыянтаў, ніхто не размаўляў.

А нам усім кажуць – адбыўся тэракт, і ўсё. Што да чаго. Бо каб патлумачыць, трэба ўвесьці багата кантэкстуальнай інфармацыі.

Цяпер уявіце праблему асьвятленьня Беларусі. Напрыклад, уявім навіну: «Сяргей Міхалок сабраў поўную Менск-Арэну».

Для чытача ня тое што з Францыі, з бліжэйшай Польшчы гэта будзе ня проста нецікава, а незаўважна. Кожны дзень у Эўропе адбываецца канцэрт на некалькі тысяч гледачоў.

То бок, для беларуса навіна з тэкстам: «Сяргей Міхалок сабраў поўную Менск-Арэну» будзе роўная прыблізна стрэлу «Аўроры». Гэта будзе азначаць знак канца рэжыму, канца эпохі – бліжэйшых максымальных пераменаў.

Але каб патлумачыць навіну суседзям за Бугам, трэба пазначыць гару нюансаў і паўтаноў.

Колькі б мы ні спрабавалі ўдаваць, што ў Беларусі ёсьць нармальнасьць, якую варта асьвятляць ня менш, чым анамаліі, дэ-факта мы жывем па той бок нябачнага муру, які нас аддзяляе ад Эўропы.

Пакуль мы можам зацікавіць толькі замежнага чытача-сталкера, якога цягне блукаць сярод анамаліяў зоны пад назвай «былы СССР».

Ад нас унутры краіны залежыць толькі – чый бок мы абіраем: сталкера, мутанта, найміта, бандыта, служылага ці змагара за свабоду.

І калі ўсё нармалізуецца, пра нас зусім перастануць пісаць, бо самае цікавае ў нас толькі тое, што разумеем толькі мы.

А яшчэ у нас багата некранутай прыроды. Пра яе таксама пісаць ня трэба, бо інакш яна зробіцца кранутай :)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG