Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слова «свабода» ў вуснах прапагандыстаў перастала нешта значыць, — Андрэй Хадановіч


Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Беларускі ПЭН-цэнтар салідарны з пісьменьнікамі Расеі, якія імкнуцца супрацьстаяць імпэрскай ваеннай антыўкраінскай гістэрыі, узьнятай уладнымі прапагандыстамі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі РФ. Пра гэта сказаў ягоны старшыня, знаны беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч з нагоды заявы міжнароднага ПЭН-клюбу, прынятай у Стакгольме на міжнароднай сустрэчы літаратараў.

«Беларускі ПЭН-цэнтар цалкам салідарны з калегамі з Украіны. Расеі, трэба дадаць, вельмі важна, з Польшчы.

Мне давялося ў Варшаве браць удзел у такіх сустрэчах, і мы прыйшлі да некалькіх ідэяў. Адна з ідэяў: «Слова — гэта тое, чым сёньня, як у найгоршыя часы гісторыі, навучыліся спэкуляваць у прапагандысцкіх мэтах. З аднаго боку — таталітарыі і аўтарытарыі, а зь іншага боку — проста цынічныя, беспрынцыповыя людзі навучыліся жангляваць тым, што мы традыцыйна ўспрымаем як дэмакратычныя, як лібэральныя каштоўнасьці. Прапагандысты, якія абслугоўваюць расейскую ўладу і іншыя ўлады, навучыліся размаўляць, мімікруючы пад лібэральны, пад дэмакратычны дыскурс. Празь іхнае горла цудоўна праходзяць словы, за якія, у прынцыпе, людзі колісь былі гатовыя і цяпер гатовыя рызыкаваць сваім здароўем, свабодай, часам жыцьцём.

Напрыклад, словы „свабода“ і „свабода слова“. Яны перастаюць што-небудзь акрэсьленае значыць у вуснах прапагандыстаў. Слова актыўна пачынае сеяць варажнечу і нянавісьць. Слова робіцца сродкам пошуку ворагаў.

Дадам другую думку, якую не стамлюся паўтараць. Сапраўдная задача інтэлектуалаў, інтэлігентаў у кожнай краіне — любымі сродкамі зьвяртаць увагу на балючыя кропкі, на тое, што нешта ня так робіцца ў дацкім, у расейскім, у беларускім, ва ўкраінскім каралеўстве.

Сёньня трэба мець мужнасьць казаць, што нешта ня так. Сёньня ў Расеі на фоне імпэрскай, ваеннай антыўкраінскай гістэрыі гэта робіцца асабліва цяжка».
XS
SM
MD
LG