Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Быкава – пра брата


Валянціна Быкава

Валянціна Быкава

Родная сястра пісьменьніка амаль усё жыцьцё пражыла на Ўшаччыне. Іхнае з Васілём дзяцінства прайшло ў Бычках, а цяпер яна жыве ў вёсцы Ваўчо, за два кілямэтры ад райцэнтру.

Валянціна Ўладзімераўна жыве адна. У гэтыя чэрвеньскія дні ў палісадніку каля яе хаты – мноства кветак. Яна штовечар слухае Радыё Свабода і чытае «Нашу Ніву» ды ўсе кнігі, прысьвечаныя брату, якія цяпер выдаюцца. Іх ёй дасылаюць аўтары.

У гэтых кнігах – і яе ўспаміны пра Васіля Быкава. Успамінамі пра брата яна падзяліліся і зь беларускай Свабодай.

Адзін з самых балючых – успамін пра гады ваеннага ліхалецьця, калі Васіль Быкаў стаў франтавіком, а сям'я амаль чатыры гады нічога ня ведала пра ягоны лёс.

«Ён як паехаў вучыцца ў ФЗВ перад вайной, дык дахаты ўжо не вярнуўся…

Спачатку ж ён вучыўся ў мастацкай вучэльні ў Віцебску, а тады мастацкая вучэльня стала платная, і гэта ж вялікія грошы плаціць, а грошай у вёсцы перад вайной не было. Дык Васіль прыехаў дахаты, дужа расстроены, а потым паступіў у ФЗВ, там стыпэндыю давалі… Сястра пісьменьніка ў сваёй хаце ў вёсцы Ваўчо

Сястра пісьменьніка ў сваёй хаце ў вёсцы Ваўчо


Тады ж пачалася вайна. І дадому ўжо не вярнуўся. Усю вайну мы ня ведалі, дзе ён. Плакалі бацькі. Вайна пачалася, а ад яго водгуку няма. Ай, бацькі галасілі, ці жывы ён. Можа, загінуў. А ў нас тут бежанцы былі, і цыганы сярод іх. Дык маці хадзіла да цыганак варажыць на Васіля, ці жывы ён. І ні разу ёй не сказалі, што нежывы. Казалі ўсё, ён у цёмным, у цёмным, але што нежывы, не сказалі ні разу. І толькі калі Ўшацкі раён вызвалілі ад захопнікаў, фронт прайшоў, тады мы ліст ад Васіля атрымалі. Ён кароценька напісаў, што жывы, што ваюе. Але ня ведае, ці жывыя мы – можа, вёску спалілі немцы і сям'і не засталося. І прасіў: хто атрымае гэты ліст, каб паведамілі… Каля хаты Валянціны Ўладзімераўны

Каля хаты Валянціны Ўладзімераўны


Я яму адпісала, ён адрэсу палявой пошты пакінуў. А тады зноў паштальёнка прыносіць ліст, я была ў двары. Атрымала трохкутнік з друкаванымі літарамі. Я як зірнула на яго, адразу зразумела, што гэта «пахаронка». Адкрываю, ажно і праўда – напісана: «Ваш сын і брат, лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч, загінуў. Пахаваны ў Кіраваградзкай вобласьці, сяло Вялікая Севярынка». Але гляджу ж: даты не сыходзяцца, ягоны ліст датаваны пазьней за «пахаронку». Ну, думаю, у іх там атрымалася нейкая памылка…

А прыехаў ён у Бычкі ня хутка, у 1948 годзе, як дэмабілізаваўся». Месца пахаваньня бацькоў Васіля Быкава

Месца пахаваньня бацькоў Васіля Быкава


Яшчэ праз колькі гадоў, калі Васіль Быкаў вярнуўся ў Беларусь, пабываўшы ў Баўгарыі і ва Ўкраіне, ён стаў прыяжджаць на малую радзіму штогод. Асабліва любіў бываць у родных Бычках летам. Спадарыня Валянціна апавядае, што землякі дужа паважалі яго за праўдзівыя творы пра вайну, пра тых, каму давялося змагацца са зброяй у руках.

Але ў 1994 годзе стаўленьне да Быкава і ягоных твораў перамянілася – як да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка: У музэі брата ў Бычках

У музэі брата ў Бычках


«Тады ўсе шанавалі, маўляў, брат-пісьменьнік… Я пачула, што ягоная аповесьць – па радыё. Ён сам не прызнаваўся, не казаў пра гэта. А тады па радыё пачула, бацьку распавяла. І ён кажа: «Ай, мае дзеткі, я заўжды ведаў, што мой Васіль будзе разумны чалавек!» І вось так адна аповесьць, а потым яшчэ сталі выходзіць… А тады яму і прэмію далі, і дэпутатам яго абралі… Паважалі яго, добра людзі яго шанавалі! Больш яго тады паважалі, як пасьля – калі Лукашэнка прыйшоў. Тады ўжо пачалі па радыё на Васіля бруд вярнуць. Калі былі выбары прэзыдэнта, ён хацеў Пазьняка каб выбралі ў 1994 годзе, а тут – Лукашэнку. І кожнага дня па радыё, што БНФ – гэта ўсе фашысты, паліцаі… І нават на мяне казалі «бээнэфаўка».
Валянціна Ўладзімераўна кажа, што апошнія гады, як Васіля Быкава ўжо ня стала, дзяржаўных ідэалягічных выпадаў супраць яго стала менш. І мясцовыя ўшацкія ўлады добра ставяцца да яе асабіста: арганізавана дапамога па гаспадарцы, дагляд за мэмарыяльнай сядзібай-музэем – хатай у Бычках, адноўленай у тым самым выглядзе, як была тая, дзе прайшло іхнае з Васілём дзяцінства.

Але дзяржаўная прапагандысцкая машына ў Беларусі працуе тымі самымі мэтадамі, – кажа сястра пісьменьніка. Толькі цяпер у цэнтар увагі, асабліва па расейскіх тэлеканалах, трапіла Ўкраіна, дзе Васіль Быкаў таксама некалькі гадоў жыў і працаваў. Валянціна Ўладзімераўна пэўная: сёньня брат быў бы на баку тых украінцаў, хто хоча спакою, свабоды і справядлівасьці для сваёй краіны.
Напярэдадні 90-га дня народзінаў брата Валянціна Быкава зноў пабывала ў родных Бычках – на машыне падвезьлі знаёмыя. Дабрацца да роднай вёскі самой ужо не дазваляюць узрост і здароўе.

Валянціна Ўладзімераўна пабывала ў хаце-музэі, дзе заўжды чакаюць наведнікаў і дзе штогод на дзень народзінаў Васіля Быкава зьбіраецца шмат гасьцей. Наведала і могілкі на ўскрайку вёскі, дзе пахаваныя іхны з Васілём малодшы брат Мікола і бацькі, што далі Беларусі знакамітага пісьменьніка, якому было наканавана стацца гонарам Беларусі.
XS
SM
MD
LG