Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Твар сайту «Патрыёт» Віталь Гуркоў: Спартоўцы паважаюць беларускую мову


Байцоўскі клюб «Патрыёт» пры падтрымцы грамадзка-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» запусьціў першы спартовы беларускамоўны сайт, на якім разьмяшчаецца інфармацыя пра гісторыю клюбу, яго трэнэраў, расклад трэніровак, фатаздымкі, а таксама мультымэдыйныя матэрыялы з удзелам спартоўцаў.

Зорка клюбу, 9-разовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, які ўжо ня раз выказваўся ў падтрымку беларускай мовы, гісторыі і культуры, стаў адным з твараў новага сайту.

Віталь Гуркоў заявіў Радыё Свабода, што тэхнічна да стварэньня сайту дачыненьня ён ня меў, аднак вельмі ўсьцешаны, што спартоўцы і тыя, каму цікавае жыцьцё байцоўскага клюбу, будуць карыстацца на сайце беларускай мовай.
Віталь Гуркоў

Віталь Гуркоў

«Сайт зроблены на беларускай мове, бо ёсьць патрэба аб’ядноўваць спартоўцаў праз культуру і сацыяльныя рэчы. Але тут беларуская мова ўжытая і проста дзеля таго, каб акрэсьліць, што яна ёсьць і што мы, спартоўцы, на ёй размаўляем і разумеем яе. Увогуле, калі я чую беларускую мову, то адразу спрацоўвае штамп — „гэта чалавек адукаваны“, гэта нейкая пазнака добрай адукацыі. І я хачу, каб так і было і ў дачыненьні да спартоўцаў. Асабліва прыкра чуць, калі кажуць, што беларуская мова калгасная, вясковая. А для мяне наадварот — беларуская мова заўсёды крочыць поруч з выдатнай адукацыяй, элітнасьцю, інтэлігентнасьцю. І мне б хацелася, каб так было для ўсіх», — сказаў Віталь Гуркоў.

Вядома, беларуская мова на сайце ня значыць, што байцы аўтаматычна будуць карыстацца толькі ёй падчас трэніровак. Але, лічыць Віталь Гуркоў, такім чынам баксэры акрэсьлілі свае моўныя прыярытэты і прадэманстравалі цягу да беларускага.

«Цяжка кагосьці прымусіць размаўляць на беларускай мове, тым больш у побыце. Але шмат у каго сярод спартоўцаў ёсьць унутраная цяга да таго, каб пачаць ведаць беларускую мову. Магу дакладна сказаць, што калі нехта з нас і не размаўляе на мове, то дакладна ўсе паважаюць і яе, і тых людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай. Ёсьць ня тое што мода, але цяга да беларускай мовы, да свайго. Вельмі шмат спартоўцаў ставяцца з павагай да беларусізацыі. Ня тое што мы імкнёмся прапагандаваць беларускую мову, але заахвочваем сябраў свайго клюбу, каб яны яе ведалі для таго, каб быць паўнавартаснымі людзьмі», — адзначыў Віталь Гуркоў.

Арт-студыя «Pras», якая зрабіла сайт байцоўскаму клюбу «Патрыёт», ужо распрацоўвала беларускамоўныя інтэрнэт-пляцоўкі — для музычнага парталу «Тузін гітоў», ініцыятывы «Арт-сядзіба», баскетбольнага клюбу «Цмокі». Але, як адзначыў дырэктар арт-студыі Мікалай Тамашэвіч, попыт на беларускамоўныя сайты павялічваецца і сярод іншых кампаніяў і ініцыятываў, аніяк не зьвязаных з культурніцкай дзейнасьцю ці беларусізацыяй.

«Сайты зь беларускім інтэрфэйсам, як і беларускамоўныя вэрсіі сайтаў, якія ўжо існуюць, цяпер даволі запатрабаваныя на рынку паслугаў такога кшталту. Разам з тым, калі мы дамаўляемся з кліентам, то часта самі прапаноўваем беларускую мову для сайту. Нават магу прызнацца, што часам арт-студыя прапаноўвае кліентам зрабіць пераклад бясплатна, абы беларуская мова зьявілася на сайце. І часта кліенты пагаджаюцца. Напрыклад, у нас замаўляла сайт радыёстанцыя „Мір“. Мы спачатку зрабілі сайт на расейскай мове, а пасьля прапанавалі і на беларускай. Такая ж гісторыя была з сайтам www.lazycard.by, на якім ёсьць абедзьве мовы. Ну, а калі распрацоўвалі сайты для „Тузіну гітоў“, клюбу „Цмокі“, ініцыятывы „Арт-сядзіба“, то там была толькі беларуская мова. Таму магу сказаць, што ў нас даволі часта замаўляюць ці беларускамоўную вэрсію, ці цалкам беларускі сайт».

Прычына запатрабаванасьці беларускай мовы ў сеціве — зьяўленьне беларускамоўнага карыстальніка, лічыць Мікалай Тамашэвіч:

«Нядаўна мы распрацоўвалі сайт для спартовага аб’яднаньня „Тэрыторыя футбола“. Сайт быў зроблены на расейскай мове, аднак карыстальнікі, а гэта маладыя беларускія футбалісты, калі заводзяць там сабе профілі, запаўняюць анкеты цалкам па-беларуску. Відавочна, што гэтаму сайту патрэбная і беларуская вэрсія інтэрфэйсу».
XS
SM
MD
LG