Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як студэнта Маханькова ў «стукачы» вербавалі


Студэнт Вышэйшага дзяржаўнага каледжу сувязі Максім Маханькоў
Студэнт Вышэйшага дзяржаўнага каледжу сувязі Максім Маханькоў

Студэнт Вышэйшага дзяржаўнага каледжу сувязі Максім Маханькоў паведаміў пра ціск на яго з боку КДБ пасьля таго, як ён пабываў у Польшчы па праграме грамадзкай арганізацыі з Украіны.

Максім Маханькоў вучыцца на інжынэра электрасувязі ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі, што ў Менску. Акрамя вучобы, ён цікавіцца грамадзкім жыцьцём, актыўна карыстаецца беларускай мовай. Праз інтэрнэт Максім знайшоў праграму «Майстэрня грамадзкай актыўнасьці», якая дапамагае знайсьці і рэалізаваць цікавую для грамадзтва ідэю. У траўні студэнт паехаў на сэмінар па гэтай праграме ў польскі горад Гдыню. Сэмінар праводзіла арганізацыя з Украіны пад назвай «Украінская сетка адукацыі дарослых і разьвіцьця інавацыяў» пры дапамозе польскіх ды эўрапейскіх структураў. На сэмінары Максім вызначыў для сябе тэму, якой будзе займацца, вярнуўся ў Менск, пачаў зьбіраць матэрыял для дасьледаваньня, як нечакана — тэлефонны званок. Незнаёмец, які патэлефанаваў, назваўся прадстаўніком КДБ і запатрабаваў сустрэчы. На сустрэчы ён паказаў пасьведчаньне супрацоўніка КДБ і паведаміў Максіму, што жанчына, якая была каардынатарам сэмінару, нібыта супрацоўніца спэцслужбаў Польшчы і ёй нават забаронены ўезд у Беларусь. Максім Маханькоў распавёў Свабодзе, як сустрэў гэтую навіну:
«Тады я сказаў, што ў такім разе не хачу ў такіх справах удзельнічаць і ўвогуле пайду. Але на гэта ён сказаў, каб, наадварот, я ў гэтай праграме абавязкова ўдзельнічаў, бо яна вельмі важная, і дакладваў, што адбываецца, бо наступны этап праграмы мае праходзіць у Беларусі. Я зноў адмовіўся ад супрацоўніцтва з гэтым чалавекам і з арганізацыяй, якую ён прадстаўляе. У адказ на мяне пачаўся ціск».

Паводле Максіма Маханькова, чалавек з КДБ пагражаў яму праблемамі з інтэрнатам, у якім ён пражывае як іншагародні студэнт. І сапраўды, як кажа Максім, такія праблемы неўзабаве пачаліся:
«Напрыклад, мяне выклікалі на раду інтэрнату па пытаньнях санітарыі. Хоць мой пакой заўсёды быў у добрым стане і меў добрыя адзнакі. Прычапіліся нават да таго, што ў мяне віселі календары да ўгодкаў Аршанскай бітвы ды палітычная мапа Эўропы, прычым простая мапа, без аніякіх рэчаў. Сказалі, што гэта нельга, гэта забаронена. Уражаньне, што шукалі любую падставу, каб ціснуць на мяне».

17 чэрвеня ў інтэрнаце, дзе жыве Максім, праходзіла рада інтэрнату па прафіляктыцы. Сёньня Максім паведаміў, што іншыя студэнты яго падтрымалі і аднагалосна прагаласавалі за тое, каб не прымаць да яго нейкіх адміністрацыйных мераў. Ці азначае гэта, што ціск на студэнта ня быў зьвязаны зь ягонай грамадзкай актыўнасьцю? Выхавацелька інтэрнату № 2 Ганна Антановіч, якая прысутнічала на Савеце, адмовілася гаварыць пра Максіма Маханькова з карэспандэнтам «Радыё Свабода».
«Разьбірайцеся зь ім самі», — сказала Ганна Антановіч і паклала слухаўку.

Максім Маханькоў паведаміў, што спачатку зьбіраўся спыніць удзел у праграме «Майстэрня грамадзкай актыўнасьці», але потым перадумаў. Другі этап праграмы пройдзе ў канцы чэрвеня. Да яго Максім рыхтуе свой даклад «Асаблівасьці адраджэньня славянскіх культураў у 19-м стагодзьдзі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG