Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Менску не прызнаюць мандата спэцдакладчыка ААН па Беларусі


Міклаш Харасьці

Міклаш Харасьці

«Беларусь не прызнае мандата спэцдакладчыка ААН па сытуацыі ў Беларусі. Ён зьяўляецца выключна палітычным праектам Захаду, які ня мае нічога агульнага з правамі чалавека», — такую заяву зрабіў на брыфінгу ў Менску прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Так ён адрэагаваў на просьбу журналістаў пракамэнтаваць выступ спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі Рады ААН па правах чалавека Міклаша Харашці 18 чэрвеня ў Жэнэве. Прадстаўнік ААН заявіў там пра «сыстэматычны характар сур’ёзных парушэньняў усіх правоў чалавека ў Беларусі». У якасьці прыкладаў спадар Харашці назваў адсутнасьць апазыцыі ў парлямэнце, выконваньне сьмяротных прысудаў, падвышэньне роўню рэпрэсіяў перад хакейным чэмпіянатам сьвету і падчас яго.

Афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі таксама заявіў, што адзіны і ўнівэрсальна прымяняльны да ўсіх краінаў — сябраў ААН мэханізм ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека — гэта Ўнівэрсальны пэрыядычны агляд (УПА):

«Беларусь пасьпяхова прайшла УПА ў 2010 годзе і цяпер ажыцьцяўляе захады па рэалізацыі рэкамэндацыяў, якія выкладзеныя ў аглядзе».

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч сказаў Свабодзе, што вельмі зьдзіўлены выказваньнямі прэсавага сакратара МЗС Беларусі:

« Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Пачну з таго, што УПА — не адзіны мэханізм ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека. Адзіны прымальны ён, падобна, толькі для беларускага МЗС. А што тычыцца пасады спэцдакладчыка па Беларусі, то яна была ўсталяваная па выніках галасаваньня Рады па правах чалавека ААН. У гэтую структуру ўваходзяць краіны розных кантынэнтаў, і ня толькі Захаду. А паколькі Беларусь уваходзіць у ААН, а мандат спадар Харашці ўручылі пасьля адпаведнага галасаваньня, то наша краіна мусіць прызнаць ягоныя паўнамоцтвы.

Спасылка на пасьпяховае праходжаньне УПА для мяне заўжды гучыць сьмешна. Таму што яго праходзяць абсалютна ўсе краіны, нават Паўночная Карэя. І ніякага крытэру пасьпяховасьці альбо непасьпяховасьці наагул не існуе. На маю думку, крытэрам пасьпяховасьці якраз магло б стаць прыняцьце як мага большай колькасьці рэкамэндацыяў, якія выносіць Рада па правах чалавека ААН.

Пакуль жа ўлады прымаюць толькі тыя рэкамэндацыі, якія, на нашу думку, ня носяць прынцыповага характару. А галоўныя — ігнаруюць.

Рэкамэндацыі УПА можна прымаць, а можна ігнараваць. І ніякага тлумачэньня, чаму адно прымаецца, а другое адкідаецца, даваць не патрэбна. Таму мне зразумела, чаму для беларускага МЗС УПА — больш прымальны мэханізм, чым спэцдакладчык ААН. І гэта яшчэ раз дэманструе сэлектыўны падыход беларускіх уладаў да супрацы з ААН. Тое, што нам падабаецца, мы прымаем. Тое, што не падабаецца, не прымаем, бо гэта праект Захаду».
XS
SM
MD
LG