Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі першыя пяць кніг Скарыны


Нацыянальная бібліятэка Беларусі і ААТ «Банк БелВЭБ» прэзэнтавалі 18 чэрвеня першыя 5 кніг з факсымільнага выданьня поўнага збору твораў Францыска Скарыны.

Прысутным прадстаўнікам амбасадаў Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Італіі і Расеі арганізатары імпрэзы ўручылі кнігі «Быцьцё», «Зыход», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон».

Наклад кожнай кнігі складае 1 тыс. асобнікаў, 100 зь якіх выпушчаныя ў скураной вокладцы.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што цяпер у сьвеце не існуе кніг Скарыны, якія захаваліся цалкам:

«З існуючых некалькіх асобнікаў выданьня мы зьбіраем ідэальны том. Акрамя таго, упершыню на сучасную беларускую мову перакладзены тэксты Скарыны — прадмовы да ўсяго выданьня і кожнай кнігі».

Поўны збор з 25 тамоў, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе (1517-1519 гады) і Вільні (1522-1525 гады), будзе сабраны ў 20-томным факсымільным выданьні. У яго аснову пакладзены электронныя копіі лепшых кніг беларускага першадрукара, якія захаваліся ў бібліятэках і музэях Беларусі, Расеі, Украіны, Германіі і іншых краін.

Гэты выдавецкі праект разьлічаны на 2013-2017 гады і прымеркаваны да 500-годзьдзя айчыннага кнігадрукаваньня, перадае БелТА.
XS
SM
MD
LG