Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны: «Тыгры», магчыма, будуць, пра ТУ-160 ня ведаем


Міністэрства абароны Беларусі пацьвердзіла прыбыцьцё ў Беларусь расейскай вайсковай тэхнікі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня, але пра разьмяшчэньне ў Беларусі стратэгічных ядзерных бамбавікоў ТУ-160 зьвестак ня мае.

Украінскае выданьне «Эканамічныя весткі» са спасылкай на неназваныя крыніцы ў камандаваньні Ваенна-паветраных сіл Расеі паведаміла пра намер Расеі перавесьці на адзін з вайсковых аэрадромаў Беларусі стратэгічныя бамбавікі ТУ-160, якія здольныя несьці ядзерную зброю. Паводле выданьня, бамбавікі возьмуць удзел у вайсковым парадзе, які пройдзе 3 ліпеня з нагоды 70-х угодкаў вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Колькі самалётаў будзе пераведзена і куды дакладна, крыніцы не называюць. Сьцьвярджаецца, што цяпер ідзе падрыхтоўка экіпажаў да пералёту, які адбудзецца днямі.

У Мінабароны Беларусі наконт гэтай інфармацыі заявілі, што зьвесткі зь неназваных крыніц не камэнтуюць. Кіраўнік прэсавай службы Мінабароны Ўладзімер Мацьвееў сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Мы ня робім здагадак на гэты конт, бо афіцыйнай інфармацыяй не валодаем. Калі зьявіцца афіцыйная інфармацыя, яна будзе даведзеная да грамадзкасьці».

Палкоўнік Уладзімер Мацьвееў пацьвердзіў, што ў Беларусь для ўдзелу ў вайсковым парадзе 3 ліпеня прыбылі з Расеі пэўныя часьці, пра якія дакладна напісана на сайце Мінабароны. Гэта самаходныя пускавыя ўстаноўкі «Іскандэр», зэнітныя ракетныя комплексы С-400 «Трыюмф». Таксама прэсавая служба Мінабароны мяркуе, што ў парадзе возьмуць удзел браніраваныя шматмэтавыя аўтамабілі «Тыгр». Дакладных зьвестак пра ўдзел расейскіх «Тыграў» у парадзе ў Менску Мінабароны не дае.

Беларусь мае міжнародныя абавязаньні не разьмяшчаць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Ці верагодна, што ў Беларусі могуць трывала зьявіцца самалёты, здольныя несьці ядзерную зброю? Паводле незалежнага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, расейскія стратэгічныя бамбавікі ТУ-160, на борце якіх могуць быць крылатыя ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі, за апошнія гады ня раз зьдзяйсьнялі адзіночныя прылёты на вайсковыя аэрадромы Беларусі, але гэта праходзіла незаўважна для грамадзкасьці, у тым ліку міжнароднай. Што да пагрозы трывала разьмясьціць такія бамбавікі ў Беларусі, з вайсковага пункту гледжаньня гэта і раней было немэтазгодна, і цяпер у гэтым няма патрэбы, лічыць Аляксандар Алесін:
Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Хуткасьць гэтага самалёта можа дасягаць дзьвюх хуткасьцяў гуку. Калі ўлічыць, што ўся тэрыторыя краіны — 600–700 кілямэтраў, то яны нават не заўважаць, як праляцяць тую Беларусь, калі будуць узьлятаць адсюль. Сэнсу трымаць іх тут няма ніякага. Вакол, скажам так, краіны іншага вайсковага блёку, нават Украіна, таму яны змогуць лятаць зь Беларусі да сябе, туды, на ўсход. Навошта? А лётчыкам і самалётам трэба лятаць, практыкавацца. Цяпер такія самалёты базуюцца ў горадзе Энгельс на Волзе. Мяркую, гэта самае ідэальнае для іх месца. Таму трымаць тут такія самалёты з вайсковага пункту гледжаньня ня мае сэнсу. Калі гэта і адбудзецца, дык толькі як элемэнт прапагандысцкай вайны».

Паводле Аляксандра Алесіна, у савецкія часы ў Беларусі базаваліся стратэгічныя бамбавікі «ТУ-95», якія праз тэрыторыю Ўкраіны ці прыбалтыйскіх савецкіх рэспублік маглі ляцець у нэўтральныя воды і адтуль рабіць доўгія трэніровачныя ды іншыя палёты. Цяпер такой магчымасьці няма, і трымаць тут такія самалёты таксама няма сэнсу, мяркуе экспэрт.

Аляксандар Алесін нагадаў, што ў Расеі таксама ёсьць бамбавікі «ТУ-22М3», распрацаваныя яшчэ ў савецкія часы якраз дзеля баявых палётаў на Эўропу. Але і зьяўленьне гэтых бамбавікоў на аэрадромах Беларусі назіральнік лічыць малаверагодным:

«ТУ-22М3» могуць дастаць цэлі і ў Балтыі, і ў Польшчы, і далей, у Нямеччыне. У іх у наборы ўзбраеньня ёсьць і супрацькарабельныя ракеты. Калі Расея сапраўды захоча павялічыць тут авіяцыйную групоўку, то, у прынцыпе, яны могуць тут разьмясьціць «ТУ-22М3». Але збольшага ваеннай мэтазгоднасьці ў гэтым няма. Усё ж «СУ-34», іхнія новыя франтавыя бамбавікі, значна больш падыходзяць дзеля забесьпячэньня тут задач — прыкладам, запалохваньня, патэнцыйнай падтрымкі войскаў і гэтак далей«.
Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў
Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў таксама сумняваецца ў зьяўленьні на доўгі час у Беларусі расейскіх ядзерных бамбавозаў «ТУ-160». Паводле Андрэя Паротнікава, узьлётна-пасадачная паласа бабруйскага вайсковага аэрадрома, дзе раней маглі сесьці такія самалёты, часткова разабраная. «Ёсьць вялікая праблема, дзе іх дысьлякаваць у Беларусі, калі такі намер нават ёсьць», — лічыць назіральнік. Пры гэтым Андрэй Паротнікаў не выключае, што ў будучыні ў Беларусі могуць зьявіцца расейскія бамбавікі меншай магутнасьці — «ТУ-22» і «ТУ-16», для якіх наяўная інфраструктура больш прыдатная.

Зьвесткі пра тое, што стратэгічныя бамбавікі ТУ-160, здольныя несьці ядзерную зброю, ужо прыляталі ў Беларусь раней, у прэсавай службе Мінабароны не пацьвердзілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG