Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нецэнзурную песеньку пра Пуціна палюбілі мільёны — пісьменьнік Ігар Памяранцаў


Ігар Памяранцаў. Copyright Milena Findeis, www.zeitzug.com
Ігар Памяранцаў. Copyright Milena Findeis, www.zeitzug.com

Ігар Памяранцаў патлумачыў, чаму песенька пра Пуціна сталася такой папулярнай і што «зь песьні слоў ня выкінеш».

17 чэрвеня ў перадачы «Свабода бяз гальштукаў» абмяркоўвалі тэму «Калі палітыкі мацюкаюцца».

Журналісты Ігар Памяранцаў, Тацяна Ярмашчук, Юры Дракахруст і вядучая Ганна Соўсь размаўлялі, ці трэба караць палітыкаў за нецэнзурную лаянку і мат.

Нагодай стала відэа, зьмешчанае ў інтэрнэце, на якім міністар замежных справаў Украіны Андрэй Дзешчыца сьпявае нецэнзурную песеньку пра Пуціна «Ла-ла-ла-ла».

Вядучая Ганна Соўсь папрасіла журналіста расейскай службы Свабоды пракамэнтаваць, што ён думае пра «нецэнзурны гіт» пра Пуціна.
Міністар замежных справаў Украіны не гаварыў ад першай асобы — ён цытаваў.​
Ігар Памяранцаў

Соўсь: Гіт ўкраінскіх ультрас пра прэзыдэнта Расеі стаў у некаторай ступені народнай песьняй. Ёсьць нямецкая, мэксыканская, японская, амэрыканская, беларуская вэрсія(на канцэрце Ляпіса Трубяцкога ў Варшаве). Калі з аўтарытарных кіраўнікоў зьдзекуюцца ці сьмяюцца, што мацней — такая народная рэакцыя ці афіцыйныя заявы пра незадаволенасьць і санкцыі?

Памяранцаў: Я яшчэ ня вывучыў на памяць гэтую песьню. Але міністар замежных справаў Украіны не гаварыў ад першай асобы — ён цытаваў. Да таго ж, у гэтай песьні, акрамя прыпеву, толькі два словы. Калі выкінуць хаця б адно, песьня будзе разбураная. Так што міністар казаў не ад сябе, а ад прысутных і ад соцень мільёнаў людзей, якія палюбілі гэтую песьню ўсёй душою.
Калі палітыкаў называюць бацькамі нацыі, калі яны ўсталёўваюць гутарковыя стандарты, то яны павінны ўсьведамляць, што ад іх працы залежаць і стан мовы і настроі ў грамадзтве.

Але праблема шырэй. Ёсьць праблема хамства ў палітыцы. Скажам, ёсьць ідэалягічнае хамства, яно было зьвязанае з нацысцкай і камуністычнай ідэалёгіяй, калі зьневажалі цэлыя групы насельніцтва паводле нацыянальнасьці ці прыналежнасьці да пэўнага клясу. Гэтых людзей мяшалі з брудам — гэта ідэалягічнае хамства.

Ёсьць яшчэ дзяржаўнае хамства, калі ў мове палітыкаў выказваецца стаўленьне да маленькага чалавека, грэбаваньне ім. Я памятаю, як у першым расейскім парлямэнце яго старшыня з трыбуны казаў, калі яму не падабалася нечая прамова — не шморгайцеся. І гэта чула ўся краіна.

Усё ж такі палітыкі — гэта прафэсіяналы. Калі мы глядзім на манархічныя дамы, то здалёк здаецца, што яны купаюцца ў малацэ. Але прыгадайце прынцэсу Дыяну. Яна меркавала, што яе статус — гэта такая казка. А гэта праца. Прычым праца 24 гадзіны ў суткі. Гэта прамая сьпіна каралевы Лізаветы ІІ, гэты наведваньне часам непрыемных месцаў, гэта прыём паўкрымінальных палітыкаў. Да яе прыяжджалі такія людзі, як Булганін ці Чаўшэску з жонкай. Гэта непрыемныя людзі. Гэта праца часам непрыемная. Калі палітыкаў называюць бацькамі нацыі, калі яны ўсталёўваюць гутарковыя стандарты, то яны павінны ўсьведамляць, што ад іх працы залежаць і стан мовы і настроі ў грамадзтве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG