Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы для Беларусі новай «газавай вайны» паміж Расеяй і Ўкраінай?


Расейска-ўкраінскі газавы канфлікт перайшоў у стадыю абвастрэньня. У чым сутнасьць рознагалосьсяў між бакамі? Якія наступствы ён цягне за сабой для эўрапейскіх спажыўцоў? Ці павялічыцца транзыт газу празь Беларусь?

Удзельнікі: журналіст Юры Сьвірко з Кіева і эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак зь Менску.

У чым сутнасьць рознагалосьсяў між бакамі?


Валер Карбалевіч: «Доўгія перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасярэдніцтве ЭЗ скончыліся правалам. „Газпром“ увёў перадаплату за газ, які пастаўляецца Ўкраіне. Што фактычна азначае прыпыненьне паставак.

Супярэчнасьці ў газавым пытаньні паміж Расеяй і Ўкраінай існуюць увесь час, прычым пры любых рэжымах, якія існавалі ва Ўкраіне. Цяпер канфлікт разьвіваецца на тле грамадзянскай вайны ва Ўкраіне, у якой актыўна ўдзельнічае Расея. „Газавая вайна“ — гэта дадатак да той рэальнай вайны, якая адбываецца на ўкраінскім Усходзе? Ці гэта нейкі самастойны, аўтаномны працэс?»
Юры Сьвірко

Юры Сьвірко

Юры Сьвірко: «Безумоўна, газавая вайна — гэта дадатак, гэта частка агульнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай. Пра гэта сёньня з трыбуны Вярхоўнай Рады заявіў украінскі прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк.

Насамрэч, газавая праблема паміж дзьвюма краінамі зьявілася з моманту ўтварэньня незалежнай Украіны. Пазыцыя Кіева палягае ў тым, што з 2009 году, калі пачаў дзейнічаць цяперашні, так званы „цімашэнкаўскі“, кантракт, Украіна заплаціла Расеі 50 млрд даляраў. І ўкраінскі ўрад лічыць, што Ўкраіна пераплаціла, бо ўмовы кантракту вельмі нявыгадныя для яе.

Расея ж лічыць, што Ўкраіна ня плаціць і завінавацілася „Газпрому“ вялікую суму — пакуль 4,5 млрд даляраў, а ўвогуле, як кажа кіраўнік расейскай кампаніі Мілер, за Ўкраінай 11 млрд даляраў недаплаты. Украіна такіх грошай ня мае і плаціць ваеннаму агрэсару ня хоча».
Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Тацьцяна Манёнак: «Для Расеі газ — палітычны інструмэнт. Калі пры ўладзе ва Ўкраіне быў Януковіч, Масква панізіла цану за газ, калі прыйшла новая ўлада ў Кіеве — то падвысіла.

Стратэгічнай мэтай „Газпрому“ было купіць газатранспартную сыстэму Ўкраіны. Кіеву тлумачылі, што калі ён прадасьць Расеі сваю газатранспартную сыстэму, то Ўкраіна атрымае такі ж танны газ, як Беларусь.

Вось Беларусь яшчэ ў 2010 годзе купляла расейскі газ па цане 250 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў. А пасьля таго як прадала „Газпрому“ свой „Белтрансгаз“, уступіла ў Мытны саюз, Адзіную эканамічную прастору, то ўжо тры гады атрымлівае газ па цане 167 даляраў за 1 тыс. кубічных мэтраў.

Украіна хоча перагледзець „палітычны“, як яна лічыць, газавы кантракт, перайсьці на рынкавы кошт, празрыстую формулу фармаваньня цаны, як у Эўропе.

Ня думаю, што Расея хоча ствараць нейкі прэцэдэнт, калі спрэчкі па газавых кантрактах разглядае Стакгольмскі міжнародны арбітраж. Бо Літва падала пазоў на „Газпром“ у гэты арбітраж, і ў выніку Расея пайшла на саступкі, зьнізіла для Літвы кошт газу на 20%».

Пэрспэктывы вырашэньня канфлікту


Карбалевіч: «Суд, арбітраж — гэта ж доўгі працэс. Ці будуць усе чакаць яго вынікаў? Эўропу цікавіць больш такое пытаньне: ці прывядзе „газавая вайна“ паміж Расеяй і Ўкраінай да прыпыненьня паставак расейскага газу ў Эўропу?»

Сьвірко: «Думаю, расейскі газ будзе пастаўляцца і ў Эўропу, і ва Ўкраіну. Пытаньне ў тым, на якіх умовах. Кіеў імкнецца да таго, каб Эўропа купляла расейскі газ на мяжы Ўкраіны і Эўразьвязу. Яцанюк прапаноўвае перадаць украінскую газатранспартную сыстэму ў супольную ўласнасьць Украіны і ЭЗ. Каб ціснуць разам на Расею.

Трэба мець на ўвазе, што Ўкраіна сама выпрацоўвае каля 20 млрд кубамэтраў газу ў год. Гэта прыкладна палова патрэбаў краіны. Яшчэ палову Ўкраіна можа купіць у ЭЗ. Пастаўкі з Вугоршчыны — гэта „малы рэвэрс“, а пастаўкі з Славаччыны — „вялікі рэвэрс“. І ўсе патрэбы Ўкраіны ў газе могуць быць забясьпечаныя без Расеі».
Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «А вось гэты „рэвэрсны газ“ з Вугоршчыны і Славаччыны — гэта чый газ?»

Сьвірко: «Там розныя крыніцы паходжаньня, у тым ліку і расейскі газ, які Славаччына атрымлівае празь Беларусь. Калі краіна купляе газ, то гэта яе ўласнасьць, і ня мае значэньне, якога ён паходжаньня. Таму гэта славацкі і вугорскі газ. Напрыклад, Украіна купляла туркмэнскі газ, але насамрэч атрымлівала расейскі, бо РФ купляла туркмэнскі газ, спажывала яго сама, а пастаўкі ва Ўкраіну замяшчала сваім газам.

Увогуле, „Газпрому“ нявыгадна губляць украінскі рынак з эканамічнага гледзішча. Бо для яго гэта трэці рынак па аб’ёме пасьля Нямеччыны і Турэччыны».

Манёнак: «Цяпер прыпыненыя толькі пастаўкі газу непасрэдна ва Ўкраіну. Транзыт расейскага газу ў Эўропу праз украінскую тэрыторыю працягваецца.

Дзякуй богу, цяпер лета, і Ўкраіна мае магчымасьць пратрымацца без расейскіх паставак. Прэм’ер Украіны Яцанюк кажа — Украіна можа абысьціся без расейскага газу да канца году. Але ж у сховішчах ёсьць толькі 14 млрд кубамэтраў газу. А экспэрты кажуць, што ў восеньскі і зімовы пэрыяд трэба, каб у сховішчах знаходзілася каля 17–18 млрд кубамэтраў газу. Пры такім аб’ёме можна бесьперабойна пастаўляць газ у Эўропу. Але час для дасягненьня кампрамісу ёсьць. А Эўропа занепакоеная, яна ня хоча паўтарэньня 2009 году, калі пастаўкі газу ў Эўропу былі прыпыненыя.

Тут варта мець ва ўвазе яшчэ адзін чыньнік. Цяпер Расея пачала будаваць газаправод „Паўднёвая плынь“ праз Чорнае мора. Але на тле канфлікту паміж ЭЗ і Расеяй з-за Ўкраіны Эўразьвяз прыпыніў рэалізацыю гэтага праекту. І цяперашняе абвастрэньне расейска-ўкраінскага канфлікту вакол паставак газу — на карысьць Маскве. Гэта сыгнал Эўропе. Маўляў, глядзіце, Украіна — нядобрасумленны транзытэр, таму гэта дадатковы аргумэнт, што „Паўднёвую плынь“ будаваць трэба. Праблема ў тым, што сур’ёзных магчымасьцяў у Расеі паставіць значныя аб’ёмы газу ў Эўропу ў абыход Украіны няма».


Ці павялічыцца транзыт газу празь Беларусь?


Карбалевіч: «Пагаворым пра беларускі аспэкт гэтага канфлікту. Якія наступствы для Беларусі будзе мець гэты канфлікт? Транзыт газу празь Беларусь павялічыцца? Гэта выгадна Беларусі?»

Манёнак: «Пакуль транзыт украінскага газу праз украінскую тэрыторыю ідзе бесьперашкодна, увогуле няма падставаў гаварыць пра нейкі выйгрыш Беларусі.

Па-другое, ня вельмі шмат можна нарасьціць паставак газу празь беларускую тэрыторыю. Паводле ацэнак расейскіх экспэртаў, можна дадаткова паставіць 2 млрд кубамэтраў. І праз газаправод „Паўночная плынь“ таксама няма магчымасьці значна падвысіць пастаўкі. Таму ў поўнай меры замяніць транзыт праз Украіну немагчыма. І куды Расеі дзяваць лішні прыродны газ, які плянавалася прадаць Украіне? То бок, „Газпром“ і Расея нясуць ня толькі іміджавыя, але і эканамічныя страты. Таму бакі будуць шукаць кампраміс».

Сьвірко: «З Кіева Беларусь успрымаюць як частку расейскай газавай сыстэмы. Бо Расея валодае беларускай газатранспартнай сыстэмай. То бок Беларусь не ўспрымаюць як самастойнага суб’екта на газавай сцэне Эўропы.

Але Кіеў хацеў бы дамаўляцца зь Менскам наконт супольных дзеяньняў у газавай сфэры. Каб стрымліваць імпэрскія памкненьні Расеі. Масква пазьбягае адначасова газавых канфліктаў і з Украінай, і з Расеяй. Калі б Менск і Кіеў каардынавалі свае дзеяньні, яны б атрымлівалі значна больш прыбытку».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG