Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьмяніўся стан беларускіх дарог пасьля таго, як у краіне ўвялі спэцыяльны збор з уладальнікаў аўтатранспартных сродкаў? Такое пытаньне сёньня задалі ў Палаце прадстаўнікоў намесьніку міністра фінансаў Беларусі Максіму Ермаловічу. Намесьнік міністра сказаў, што пакуль немагчыма адказаць на гэтае пытаньне.

«Зімой новыя дарогі не пракладаюць, дый старыя імкнуцца не рамантаваць. Я думаю, рэальна на гэтую тэму можна будзе размаўляць толькі пасьля заканчэньня трэцяга кварталу», — сказаў Максім Ермаловіч.

Аўтападатак уводзіўся ў Беларусі менавіта з мэтай паляпшэньня якасьці дарог. Падчас дыскусіі высьветлілася, што сабраныя грошы паміж абласьцямі падзялілі толькі па заканчэньні першага кварталу, а ў канкрэтныя рэгіёны яны дайшлі ў лепшым выпадку толькі ў траўні. Атрымліваецца, што будаваць дарогі да нядаўняга часу не было за што.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ўладзімер Андрэйчанка таксама закрануў гэтую тэму: ён паведаміў дэпутатам, што пры прэзыдэнце створаная спэцыяльная група, якая вывучае магчымасьць вярнуць дарожны фонд. У гэты фонд раней пераводзіліся адмысловыя адлічэньні на падвышэньне якасьці старых дарог і будаўніцтва новых. Калі дзейнічаў дарожны фонд, ніякага аўтападатку з уладальнікаў машын не зьбіралі.

У перапынку паседжаньня Палаты прадстаўнікоў Максім Ермаловіч паведаміў журналістам, што Міністэрства фінансаў пачало вывучаць магчымасьць увядзеньня зьніжак для пэўных катэгорыяў асобаў на аўтападатак. «Што тычыцца канкрэтных катэгорыяў, дык пра гэта пакуль казаць абсалютна рана, — сказаў намесьнік міністра, — але найбольш верагодна, што першымі ў гэтым сьпісе будуць пэнсіянэры. Ёсьць пэўная катэгорыя людзей, якія карыстаюцца аўтамабілем выключна ў дачны пэрыяд і езьдзяць на лецішча і назад на сваё сталае месца жыхарства».
XS
SM
MD
LG