Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль: Парашэнка і Пуцін абмеркавалі спыненьне агню


Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін па тэлефоне абмеркавалі магчымае прыпыненьне агню ў раёне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, паведамляе прэс-служба расейскага прэзыдэнта.

«Уладзімер Пуцін выказаў занепакоенасьць у сувязі з трагічнай гібельлю расейскіх журналістаў у раёне Луганску і акцэнтаваў увагу на неабходнасьці безумоўнага гарантаваньня бясьпекі прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць ва Ўкраіне ў зоне канфлікту», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Пятро Парашэнка выказаў спачуваньні ў сувязі з гібельлю прадстаўнікоў расейскіх СМІ і запэўніў прэзыдэнта Расеі ў тым, што па ягоным указаньні будзе праведзенае адпаведнае расьследаваньне, а таксама будуць прынятыя адпаведныя меры ў дачыненьні да гарантый бясьпекі журналістаў», — дадае прэс-служба.

Прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта паведамляе, што падчас размовы быў абмеркаваны мірны плян украінскага прэзыдэнта, у тым ліку і ў дачыненьні дээскаляцыі сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях.

Пятро Парашэнка заклікаў Уладзімера Пуціна спрыяць вызваленьню ўсіх затрыманых журналістаў і актывістаў.

17 чэрвеня пад Луганскам загінуў спэцыяльны карэспандэнт тэлеканалу «Россия» Ігар Карнялюк.

Кіраўнік Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук заявіў, што расейскія журналісты трапілі на тэрыторыю Ўкраіны нелегальна, не былі акрэдытаваныя пры штабе Антытэрарыстычнай апэрацыі і ажыцьцяўлялі інфармацыйнае суправаджэньне дзейнасьці адной з тэрарыстычных груп.

Прэзыдэнт Украіны выказаў спачуваньне ў сувязі з гібельлю журналістаў і заявіў, што на запыт АБСЭ даручыў правесьці дэтальнае расьсьледаваньне гэтай справы.
XS
SM
MD
LG