Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі міністар: асноўная вэрсія выбуху на газаправодзе — тэракт


Ключавая вэрсія прычын выбуху на газаправодзе «Урэнгой-Памары-Ужгарад» ў Палтаўскай вобласьці — тэракт, сьледчае упраўленьне пачало крымінальную справу.

Пра гэта заявіў міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакоў, якога са спасылкай на сайт МУС Украіны цытуе УНІАН:

«Разглядаецца некалькі вэрсіяў здарэньня, у тым ліку, ключавая вэрсія — тэрарыстычны акт. Па словах мясцовых жыхароў, непасрэдна перад узгараньнем, яны чулі два моцных пляску, што можа сьведчыць аб наўмысных выбухах. На дадзены момант сьледчым упраўленьнем адкрыта крымінальная вытворчасьць па ч. 3 арт. 292 Крымінальнага кодэкса Ўкраіны. У выпадку пацьверджаньня ключавой вэрсіі, справа будзе перакваліфікавана па артыкуле «тэрарызм», — сказаў міністар унутраных спраў Украіны.

17 чэрвеня ў дзяжурныя часткі Дзяржслужбы па надзвычайных сытуацыях і МУС Украіны паступіла паведамленьне аб выбуху на ўчастку газаправода «Урэнгой-Памары-Ужгарад». Паводле папярэдніх дадзеных, плошча распаўсюджваньня агню дасягала кілямэтра, а слуп агню — 200 мэтраў у вышыню.
XS
SM
MD
LG