Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтаэкспэрт: Дзяржава робіць усё, каб вярнуць «шэры» рынак


Палітыка імпартазамяшчэньня можа прывесьці да зьнікненьня дылераў, якія займаюцца пастаўкамі ў Беларусь аўтамабіляў ня толькі замежнай вытворчасьці, а і вырабленых у рамках Мытнага саюзу.

У Савеце міністраў распрацаваны праект указу, згодна зь якім ад 1 ліпеня на паўгода ўводзіцца выключнае права дзяржавы на імпарт тавараў, аналягі якіх вырабляюцца ў Беларусі. Сярод іншага, істотна абмяжоўваецца правы незалежных аўтапастаўшчыкоў, месца якіх зойме Менскі аўтазавод.

Адной з мэтаў дакумэнту абвяшчаецца «абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы». У дадзеным выпадку — гэта, мяркуючы па ўсім, клопат пра беларуска-кітайскі брэнд «БелДжы» — попыт на вырабленыя ў Барысаве кітайскія аўто досыць сьціплы, а ў плянах значыцца выхад больш як на 100 тысяч машын штогод. Згодна з праектам указу, на акрэсьлены тэрмін імпартэрам усіх новых аўтамабіляў будзе вытворца грузавых машынаў МАЗ. Прычым гаворка тут пра імпарт як велікагрузных, так і легкавых аўто.

Экспэрт у аўтамабільнай галіне, заснавальнік і галоўны рэдактар газэты «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка перакананы: пры падобным падыходзе ўлады калі чаго і дамогуцца, то выключна вяртаньня шэрых схемаў:
Анатоль Шаўчэнка

Анатоль Шаўчэнка

«Зразумела, што заклапаціліся лёсам МАЗа і „БелДжы“. А ўсё астатняе, што тут езьдзіць — „Шкоды“, „Форды“ — ужо непатрэбна? Нейкі прымітыўны падыход. Думаю, што будзе вялізны скандал, калі гэта насамрэч будзе рэалізавана. Бо як кампаніям забароняць працаваць, непазьбежна вернецца шэры рынак. Фізычным асобам не забароніш жа набываць самастойна? Людзі паедуць і будуць самі прыганяць машыны. Зноў жа, гэта вываз валюты за межы краіны.

Больш за тое, не сумняюся, што фірмы прыдумаюць абходныя шляхі, каб гэтаксама ўвозіць машыны для фізычных асобаў, але іншым чынам — ня плацячы ні падаткаў, ні збораў, нічога. А тое, што вялізная колькасьць людзей застанецца бяз працы — аўтакрамы, сэрвіс і г.д. — то гэта ўвогуле нейкі маразм. Таму што гэта рэальная пэрспэктыва: калі няма чаго абслугоўваць, навошта ўтрымліваць людзей? Гэта ж усё стратна! Будуць зачыняцца, будзе расьці беспрацоўе — як наступства такіх вось рэвалюцыйных навацыяў, правільна?»

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя ўжо накіравала лісты ў Савет міністраў і адміністрацыю прэзыдэнта з уласным бачаньнем таго, як абараніць мясцовых вытворцаў эканамічнымі мэтадамі. Пры гэтым адмыслоўцы зьдзіўленыя, што падчас распрацоўкі ўказу ніякіх перамоваў з зацікаўленымі асобамі не вялося, а падрыхтаваны тэкст трапіў да кіраўніцтва асацыяцыі выпадкова. Аўтаэкспэрт Анатоль Шаўчэнка лічыць, што апошнія навацыі на аўтамабільным рынку могуць справакаваць выбух, ад якога пацерпіць найперш дзяржава:
«Зразумела, што каманда разгрузіць склады была даўно. А паколькі міністры ніяк ня могуць з гэтым справіцца, ідуць на такія схемы. Тады, выглядае, для трактароў таксама павінен быць адзіны пастаўшчык. То бок — „купляйце беларускае“, але праз мэтад удушэньня. А ў выніку застанецца толькі шэры рынак, людзі будуць выяжджаць за мяжу, каб нешта купіць, замяніць. Ня думаю, што гэта будзе прынцыпова выгадна для самой дзяржавы. Вядома, у нейкім працэнтным эквіваленце сваё, можа, будзе набываць народу і больш — калі, умоўна кажучы, куплялі беларускае 20%, то будуць купляць, магчыма, на 5–10% больш. Хоць бы таму, што ня кожны можа выехаць і г.д.

Але ўсе больш-менш нармальныя людзі, якія маюць такую магчымасьць, будуць выяжджаць. Хіба што забароняць выезд за мяжу ці ўвядуць вялізнае мыта на ўвоз фізычнымі асобамі? Ну, тады далёка пойдуць. Украіна ўжо паказала: калі значнае незадавальненьне дзяржавай, усё можа выплюхнуцца і на вуліцу. Чаго ня вельмі б хацелася. Народ сёньня і так галодны і злы, а калі яшчэ прымуць і гэта, думаю, будзе абсалютна няправільнае рашэньне».

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч нагадвае, што за апошнія некалькі гадоў дзяржава зрабіла цэлы шэраг непапулярных крокаў, якія па аналёгіі з савецкім часам зноў ператвараюць машыну ў раскошу. Да ўзроўню расейскага ўніфікавалі мыта, увялі так званы транспартны падатак. Цяпер — новы выклік:
Алег Маркевіч

Алег Маркевіч

«Чыноўнікі сваімі ініцыятывамі паставілі свой імідж пад вялікае-вялікае пытаньне. А паколькі праз год зь невялікім адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, то гэта, перакананы, ня пройдзе незаўважаным. Ад таго, што яны нібыта запалохалі аўтамабілістаў за папярэднія акцыі пратэсту — так, свая кашуля бліжэй да цела. Але ж крыўда на ўлады засталася, яна нікуды ня дзелася. Калі вас у краме хочуць „разьвесьці“ на нейкія грошы, вы будзеце абурацца. Тут жа да вас залезьлі ў кішэню і бесцырымонна там шурудзяць. Тым больш калі справа тычыцца фактычна кожнага трэцяга чалавека ў краіне, ладзіць такія экспэрымэнты досыць небясьпечна. Падрастае маладое пакаленьне, якому няма чаго губляць. Моладзь і так даволі актыўная, я проста гляджу нават па аднагодках свайго сына. І гэта ня тое пакаленьне, якое будзе цярпець зьдзек. Пару гадоў — і гэта будзе абсалютна іншая краіна, таго сумна вядомага памяркоўнага беларуса больш ня будзе».

Да імпартазамяшчальнага экспэрымэнту мяркуецца прыцягнуць тузін буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія найперш зацікаўленыя ў нэўтралізацыі замежных канкурэнтаў. Калі аўтарынак хочуць перадаць МАЗу, то Менскі трактарны завод будзе адзіным імпартэрам сельгастэхнікі і абсталяваньня, «Белшына» — шынаў і пакрышак, «Гарызонт» — тэлевізійнай і бытавой апаратуры, «Атлант» — лядоўняў ды іншай буйнагабарытнай тэхнікі.
XS
SM
MD
LG