Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харчовыя наборы ня трапілі вэтэранам АК — мытня забрала


Веранікі Сэбасьцяновіч

Веранікі Сэбасьцяновіч

Сёньня ў Горадні быў працяг судовага разбору адносна Веранікі Сэбасьцяновіч — кіраўніка арганізацыі вэтэранаў Арміі Краёвай пры неафіцыйным Саюзе палякаў.

Адміністрацыйная справа тычыцца 71 прадуктовага набору для вэтэранаў, агульным коштам 12 мільёнаў рублёў. Ініцыятар працэсу — Гарадзенская рэгіянальная мытня. Там лічаць, што прадукты былі дастаўленыя з-за мяжы без аплаты пошліны.

Справа разглядаецца ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні. Судзьдзя Тацяна Гергель заслухала саму Вераніку Сэбасьцяновіч (1931 году нараджэньня), прадстаўніка мытні Ўладзіміра Дзьмітрыева, а таксама сьведак, у прыватнасьці, шафёра генэральнага консульства РП у Горадні Андрэя Казукевіча.

Працяг слуханьняў — 20 чэрвеня а 12 гадзіне.

Судзьдзя Гергель паведаміла, што, згодна з пратаколам, Вераніка Сэбасьцяновіч зьдзейсьніла наступнае супрацьпраўнае дзеяньне: «2 красавіка 2014 году неўстаноўленая асоба, знаходзячыся ў Рэспубліцы Польшча, набыла і раздавала неўстаноўленым грамадзянам прадукты харчаваньня». І што рабіла яна гэта «для наступнага ўвозу гэтага тавару гэтымі грамадзянамі на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь». Як завезены пад выглядам «для асабістага карыстаньня», гэты тавар не дэкляраваўся.

На мытні лічаць, што тым самым былі парушаныя частка 5 артыкула 24 і частка 2 артыкула 14.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Шафёр генконсульства Андрэй Казукевіч распавядаў у судзе, што даставіў 71 запячатаную скрынку з прадуктамі дадому Вераніцы Сэбасьцяновіч, якая жыве ў Скідзелі, за трыццаць кілямэтраў ад Горадні. Апэратыўнікі з мытні назіралі за выгрузкай скрынак, пасьля чаго ў прысутнасьці панятых пералічылі ўсё і сканфіскавалі.

Сьведкі дапаўнялі ў судзе сьпіс прадуктаў (кожны запомніў нешта сваё): алей, мука, рыс, кава, гарбата, шакалядкі, супы хуткага прыгатаваньня.

Дарэчы, Вераніка Сэбасьцяновіч абвергла, што яны былі пратэрмінаваныя: толькі ў некаторых тэрмін прыдатнасьці заканчваўся ў канцы 2014 году, астатнія былі да 2015–16 гадоў, сказала яна.

Няцяжка падлічыць, што адзін прадуктовы набор каштаваў адносна нядорага — прыблізна 170 тысяч рублёў. Але, як кажуць, тут важная ўвага — прэзэнты прызначаліся да велікодных сьвятаў.

Слуханьне ў Кастрычніцкім судзе прыцягнула падвышаную ўвагу, па-першае, людзей у цывільным, па-другое, журналістаў дзяржаўных СМІ. Прадстаўнік тэлебачаньня нават хацеў задаць пытаньні генконсулу РП Анджэю Хадкевічу. Апэратыўнікі забаранілі іншым журналістам рабіць відэаздымку перад судом, а ў карэспандэнта Польскага Радыё Ўладзіміра Паца спраўдзілі акрэдытацыю і зьвярнулі ўвагу журналіста на тое, што празь некалькі месяцаў яна скончыцца.

Прадстаўнік мытні прапанаваў выклікаць і заслухаць у судзе польскага генэральнага консула. Аднак судзьдзя адмовіла, патлумачыўшы, што, па-першае, той мае імунітэт, а па-другое, працэс нават не крымінальны, а адміністрацыйны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG