Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ заклікае Менск адмяніць акрэдытацыю для журналістаў: «Акрэдытацыя — не ліцэнзія!»


Дуня Міятавіч

Дуня Міятавіч

Прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць у сувязі з павелічэньнем колькасьці штрафаў, накладзеных у апошнія месяцы ў Беларусі на журналістаў, якія не атрымалі афіцыйнай акрэдытацыі.
«Я занепакоеная, таму што гэтая практыка насамрэч можа эфэктыўна забараніць журналістам асьвятляць падзеі. Учорашняе судовае рашэньне адносна Андрэя Мялешкі падкрэсьлівае неабходнасьць вырашэньня гэтага пытаньня цяпер» — заявіла Міятавіч.

Журналіста-фрылансэра Радыё Рацыя Андрэя Мялешку суд у Горадні 16 чэрвеня аштрафаваў на 4,5 мільёна рублёў, паставіўшы яму ў віну супрацоўніцтва з замежным СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.

Раней сёлета падобныя штрафы атрымалі Алесь Залеўскі і Аляксандар Дзянісаў зь Белсату.
«Акрэдытацыя не павiнна быць ліцэнзіяй на працу, і яе адсутнасьць не павінна абмяжоўваць журналістаў у іхнай магчымасьці працаваць і свабодна выказваць сваё меркаваньне. Усе журналісты павінны мець такія самыя прафэсійныя правы, як журналісты зарэгістраваных СМІ, уключна з правам на пошук і распаўсюд інфармацыі» — сказала Дуня Міятавіч.

Міятавіч таксама адзначыла, што 5 чэрвеня яна напісала Ўладзімеру Макею, міністру замежных спраў Беларусі, заклікаючы Менск рэфармаваць патрабаваньне акрэдытацыі для прадстаўнікоў СМІ ў краіне.
XS
SM
MD
LG