Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Палякі зноў баяцца паразуменьня Бэрліну з Масквой


25-годзьдзе палітычнага пералому ў Польшчы, які давёў да падзеньня камуністычнай сыстэмы і ўсталяваньня дэмакратыі ў краіне, суправаджаецца відавочным неспакоем палякаў.

Пра гэта ў апошнім выданьні The Financial Times піша Мэт’ю Камінскі, сябра рэдакцыйнай калегіі гэтай газэты:

«На ўсходзе маршыруе Расея. Пасьля кульмінацыі гвалту ва ўсходняй Украіне на мінулых выходных Крэмль у панядзелак абмежаваў пастаўкі газу ва Ўкраіну, выкарыстоўваючы эканамічную дубінку побач з вайсковай. Дрэнныя сцэнары разьвіцьця сытуацыі на гэтым накірунку – Югаславія 1990-х, адроджаная протасавецкая імпэрыя або адно і другое разам.

Аднак яшчэ большым сюрпрызам сакавіцкага крызысу, выкліканага анэксіяй Крыму, стала невыразная рэакцыя Бэрліну на расейскую агрэсію і адхіленьне заклікаў Польшчы, каб НАТО зрэагавала мацней на гэтую агрэсію» – адзначае Камінскі.

Мэт’ю Камінскі прыгадвае, што ў нямецкім палітычным лексыконе апошнім часам зьявіўся тэрмін «Russlandversteher» – «той, хто разумее Расею». У Нямеччыне, працягвае аўтар, больш чым палова жыхароў «разумее», чаму Расея забрала Крым, і прыблізна гэтулькі ж немцаў ня хоча далейшых санкцыяў Захаду супраць Расеі, абвінавачваючы часткова ЗША за тое, што яны нібыта правакуюць Кіеў на супрацьстаяньне з Масквою.

«Нямеччына гандлюе з Польшчай і інвэстуе ў Польшчы больш, чым у Расеі. Аднак цяперашні падыход Бэрліну прымушае ўспомніць пра Нямеччыну, якая некалі разам з Расеяй перакроіла Сярэднюю Эўропу. Ніхто ня кажа аб чарговым падзеле Польшчы, аднак той факт, што польскія ўлады выказваюць большыя прэтэнзіі на адрас Бэрліну, чым Масквы, дапамагае цьвяроза глянуць на сытуацыю» – адзначае аўтар.

«Палякі зьвязваюць сваю будучую бясьпеку з НАТО і ЗША і павялічваюць выдаткі на абарону ў якасьці своеасаблівай перадаплаты. Хада іхнай думкі такая: пасьля Ўкраіны трэба забыцца пра веру ў абсалютна заходнюю Нямеччыну. Вярніце вызначэньне НАТО часоў халоднай вайны: альянс, які ўтрымлівае расейцаў па-за Эўропай, немцаў на іхным месцы, а амэрыканцаў – у Эўропе» – заключае Мэт’ю Камінскі.
XS
SM
MD
LG