Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжкі лёс кнігі пра рэжым Уладзімера Пуціна: унівэрсытэцкае выдавецтва пабаялася пазову з боку расейскай улады.

Выдавецтва Кембрыджскага ўнівэрсытэту адмовілася апублікаваць кнігу сваёй даўняй аўтаркі Карэн Давіша пад назвай «Пуцінская клептакратыя: каму належыць Расея?» Выдаўцы не сумняюцца ў навуковай добрасумленнасьці дасьледчыка, але асьцерагаюцца магчымых судовых пазоваў з боку расейскіх уладаў.

Давіша зьбірала матэрыял для сваёй кнігі на працягу пяці гадоў. Яе галоўнай мэтай было прасачыць вытокі і станаўленьне рэжыму, які яна называе «пуцінскай клептакратыяй». Аўтар імкнулася паказаць, як у прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і яго атачэньня магла зьявіцца ідэя выкарыстоўваць магчымасьці высокіх дзяржаўных пасадаў для асабістага ўзбагачэньня. Кніга пачынаецца з аповеду аб дзейнасьці Пуціна ў рэзыдэнтуры КДБ у Дрэздэне і завяршаецца ста днямі яго першага прэзыдэнцкага тэрміну ў 2000 годзе. Завяршыўшы працу над кнігай, Карэн Давіша перадала рукапіс выдавецтву Кембрыджскага ўнівэрсытэту, якое апублікавала сем яе папярэдніх кніг, і была зьдзіўленая і расчараваная, калі атрымала ад рэдактара Джона Хэзлама ліст з адмовай апублікаваць яе восьмую кнігу.

Рэдактар піша, што пасьля кансультацый зь юрыстамі выдавецтва вымушана адмовіць свайму даўняму аўтару. Прычым справа ня ў якасьці працы, а ў рызыцы магчымага пазову па абароне гонару і годнасьці з боку адвакатаў расейскага прэзыдэнта. «У нас папросту няма сродкаў (а гэта дзясяткі тысяч фунтаў), каб дазволіць сабе такі дарагі і працяглы судовы працэс, – піша рэдактар. – Прэзыдэнт Расеі і людзі зь яго атачэньня ніколі не прыцягваліся да суду за дзейнасьць, якую вы апісваеце ў кнізе, і ў выпадку абвінавачваньня ў паклёпе нам будзе вельмі цяжка даказаць вашу правату ў ангельскім судзе». Паводле брытанскіх законаў, у выпадку пазову, зьвязанага з абвінавачваньнем у паклёпе, цяжар доказу ляжыць на адказчыку. Так што прычынай скандальнага рашэньня брытанскага выдавецтва стаў страх перад акцыяй у адказ прэзыдэнта Расеі. Карэн Давіша – прафэсарка паліталёгіі Ўнівэрсытэту Маямі і дырэктарка ўнівэрсытэцкага Цэнтру расейскіх і постсавецкіх дасьледаваньняў. У інтэрвію Радыё Свабода яна кажа пра створаную Ўладзімерам Пуціным палітычную сыстэму:

– Сыстэма, якую ён стварыў, дазваляе людзям зь яго атачэньня стаць мільярдэрамі, што, на мой погляд, відавочна. Пуцін знаходзіцца ў цэнтры гэтага кола і ўдзельнічае ў гэтым узбагачэньні. Ён забясьпечвае працу мэханізму сыстэмы, абараняючы ўласнасьць блізкага атачэньня, тады як уласнасьць за яе межамі ня мае гарантый захаванасьці. Каб быць у камандзе Пуціна, неабходна падзяляць яго палітычныя мэты і намеры. Расейскі прэзыдэнт сам зьяўляецца часткай гэтай сыстэмы. Яго нельга назваць бедным чалавекам, і, вядома, ён выкарыстоўвае ўсе перавагі і магчымасьці свайго становішча, што праяўляецца, у прыватнасьці, у будаўніцтве шэрагу прэзыдэнцкіх палацаў.

– Вы называеце цяперашні палітычны рэжым у Расеі клептакратыяй, гэта значыць у літаральным сэнсе «ўладай злодзеяў», якія выкарыстоўваюць перавагі ўлады для асабістага ўзбагачэньня. Якія ў вас для гэтага падставы?

– Я разглядаю гэты рэжым як палітычную сыстэму, пры якой фінансавыя рызыкі нацыяналізаваныя, а даходы прыватызаваныя. Прывяду прыклад. Калі ў 2008 годзе абрынуўся расейскі фондавы рынак і каціроўкі акцый упалі ніжэй, чым дзе-небудзь у сьвеце, амаль на 80 адсоткаў, дзяржава падтрымала тыя банкі і кампаніі, уладальнікі якіх ўваходзілі ў сяброўскае кола Пуціна. У ЗША дзяржава таксама выратавала «Джэнэрал мотарс» ад банкруцтва, аднак адрозьненьне ў тым, што ў Расеі крытэрыем выратаваньня былі блізкасьць і лаяльнасьць Крамлю, а ня важнасьць аб'екта для нацыянальнай эканомікі. Менавіта блізкасьць Крамлю зьяўляецца крыніцай даходаў і багацьця. Людзі, якія ўваходзяць ў блізкае кола Пуціна, карыстаюцца прывілеямі, уваходзяць у рады дырэктараў даходных кампаній, прызначаюцца іх кіраўнікамі, атрымліваюць дзяржаўныя кантракты і пры гэтым ніколі не рызыкуюць сваімі актывамі, паколькі дзяржава нацыяналізуе гэтыя рызыкі, бярэ іх на сябе. Калі вы паглядзіце на сьпіс фірм, якія атрымалі дзяржкантракты на будаўніцтва алімпійскіх аб'ектаў у Сочы, то ўбачыце, што яны не рызыкавалі страціць свае грошы і атрымалі значны даход, паколькі за іх сьпінай стаяла дзяржава. Пуцін можа запярэчыць, што ня меў дачыненьня да гэтых кампаній, аднак іх кантракты былі атрыманыя ад дзяржавы. Так што клептакратыя – гэта, перш за ўсё, сыстэма, пры якой фінансавыя рызыкі нацыяналізаваныя, а даходы прыватызаваныя.

– Тым ня менш Уладзімер Пуцін карыстаецца вялікай папулярнасьцю, яго рэйтынг высокі як ніколі. Чым вы гэта тлумачыце?

– На працягу першага тыдня пасьля абраньня прэзыдэнтам у 2000 годзе Пуцін прыняў пэўныя меры супраць мэдыяактываў алігархаў Уладзімера Гусінскага і Барыса Беразоўскага. Гэта была яго першая атака на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Барацьба са свабоднай прэсай з самага пачатку стала яго галоўнай палітычнай мэтай. Зацыкленасьць лідэра на гэтай мэце кажа пра многае. Характэрна, што яго галоўным прыярытэтам сталі не сацыяльныя праграмы, не разьвіцьцё дэмакратыі, а барацьба са свабоднай прэсай. Незалежныя сродкі інфармацыі вельмі важныя для разуменьня таго, што рэальна адбываецца ў краіне. І ў выніку пуцінскай палітыкі, праз 14 гадоў яго кіраваньня краінай, у Расеі зьніклі свабодныя СМІ. Мне могуць запярэчыць, што існуе «Новая газета» і жменька іншых незалежных выданьняў, але іх чытачы складаюць нязначную меншасьць. Калі вы кантралюеце тэлебачаньне, у вас ёсьць магчымасьць прымусіць людзей заставацца ў недасьведчанасьці адносна таго, што адбываецца ў сьвеце і ва ўласнай краіне. Ня варта недаацэньваць посьпех масіраванай прапаганды. Мэта, якую Пуцін паставіў сабе ў самым пачатку прэзыдэнцтва, была рэалізаваная. Зьнішчэньне вольнай прэсы было яму неабходна для пашырэньня палітычнага манэўру, – лічыць аўтар кнігі «Пуцінская клептакратыя: каму належыць Расея?» прафэсар Карэн Давіша.

Урэшце лёс рукапісу аказаўся шчасьлівым: амэрыканскае выдавецтва Simon & Schuster, ужо аб'явіла, што «Пуцінская клептакратыя» будзе апублікаваная 16 верасьня сёлета. У ЗША выданьне кнігі абароненае першай папраўкай да Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду слова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG