Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Я ўпэўнены ў сваёй камандзе


Перад тэледэбатамі на прэзыдэнцкіх выбарах: Уладзімер Заблоцкі, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Вінцук Вячорка. Чэрвень 1994 г. Фота С. Навумчыка

Перад тэледэбатамі на прэзыдэнцкіх выбарах: Уладзімер Заблоцкі, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Вінцук Вячорка. Чэрвень 1994 г. Фота С. Навумчыка

Міт пра тое, што ў БНФ нібыта не было эканамічнай праграмы (яшчэ адзін варыянт — «БНФ займаўся мовай, а не эканомікай») напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў быў адным з найбольш устойлівых.

Зрэшты, гэты міт існаваў заўсёды.

Але рэальнасьць бясконца далёкая ад гэтага міту.
Дзясяткі заканадаўчых палажэньняў былі ўнесеныя дэпутатамі-фронтаўцамі ў законапраекты, якія былі падрыхтаваныя камісіямі Вярхоўнага Савету.


Неяк для ўдзелу ў дыскусіі спатрэбілася мне якая-небудзь цытата дэпутата-фронтаўца (не істотна, каго менавіта) у абарону беларускай мовы. Я прагледзеў дзясяткі даступных мне стэнаграмаў сэсіяў Вярхоўнага Савету — рынкавыя рэформы, бюджэт, падатковая сыстэма, інвэстыцыйны клімат, словам, дзясяткі выступаў на эканамічныя тэмы — перш чым знайшоў патрэбны мне выступ. Эканамічная рэформа была адным з прыярытэтаў і палітычнай, і законатворчай дзейнасьці Апазыцыі БНФ.

Вось няпоўны пералік толькі эканамічных законапраектаў, якія падрыхтавалі дэпутаты Апазыцыі БНФ разам з экспэртамі з 1990 году да моманту прэзыдэнцкіх выбараў у 94-ым (выкарыстоўваю мэмарандум, зроблены Лявонам Баршчэўскім).
«Эканамічная праграма — канцэпцыя пераходу Беларусі на рынкавую эканоміку» (кастрычнік 1990). Дапрацаваны варыянт канцэпцыі быў прадстаўлены ў красавіку 1992 году;

Закон «Аб уласнасьці», дзе ўпершыню ў БССР прызнавалася права на прыватнае валоданьне зямлёй і закладаўся мэханізм прыватызацыі;
Кодэкс «Аб зямлі»;

Закон «Аб банках і банкаўскай дзейнасьці», які вызначаў асновы банкаўскай сыстэмы Беларусі з улікам пераходу на нацыянальную валюту;

Закон «Аб арэндзе», ён вызначаў мэханізм арэнды ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, сфэры абслугоўваньня, прававыя асновы выкупу арэндаваных дзяржаўных аб’ектаў (усе вышэйназваныя законапраекты былі прадстаўленыя на 2-ю сэсію ВС у кастрычніку 1990 году);

Закон «Аб фэрмэрскай (сялянскай) гаспадарцы» (сьнежань 1990);

Закон «Аб замежных інвэстыцыях на тэрыторыі Беларусі» (прыняты ў чэрвені 1991);

Пастанова ВС «Аб прызнаньні права прыватнай уласнасьці на зямлю» (верасень 1991);

Закон «Аб падаткаабкладаньні», прадугледжваў стварэньне сыстэмы падаткаабкладаньня на ўзор краінаў з рынкавай эканомікай (кастрычнік 1991);

Закон «Аб Кантрольнай палаце», у якім, сярод іншага, прадугледжваўся мэханізм супрацьдзеяньня карупцыі (сьнежань 1991);

Закон «Аб барацьбе з карупцыяй і эканамічнай злачыннасьцю» (красавік 1992);

Закон «Аб праве ўласнасьці на зямлю», быў распрацаваны сумесна зь Сялянскай партыяй (сакавік 1992, апублікаваны ў «Народнай газэце» 30 ліпеня 1992);

Закон «Аб асновах навукова-тэхнічнай палітыкі» (прыняты ў студзені 1993).

Закон «Аб нетрах» (пачатак 1994 г.).

У гэтым пераліку — толькі эканамічны блёк законапраектаў, падрыхтаваных дэпутатамі Апазыцыі БНФ.

Дзясяткі заканадаўчых палажэньняў былі ўнесеныя дэпутатамі-фронтаўцамі ў законапраекты, якія былі падрыхтаваныя камісіямі Вярхоўнага Савету.

І хаця значная частка нашых законапраектаў спачатку камуністычнай, а потым пракебічаўскай большасьцю, адкідалася, нам удалося правесьці шмат якія асобныя палажэньні, якія стварылі заканадаўчую аснову для рэфармацыі эканомікі (пра паўнавартасную рэформу пры тым Вярхоўным Савеце і тым урадзе казаць не даводзілася).
Пройдзе зусім няшмат часу, і гэтая дзейнасьць будзе прадстаўленая ў цалкам скажоным выглядзе.


Зь лета 1990 году — фактычна, зь першых месяцаў існаваньня Апазыцыі БНФ, — працавала эканамічная група, у якую ўвайшлі ня толькі дэпутаты, але і адмыслоўцы. Быў створаны Ценявы кабінэт (прэм’ер — Уладзімер Заблоцкі). Працаваў Ценявы Кабінэт пад кіраўніцтвам Зянон Пазьняка.

Пройдзе зусім няшмат часу, і гэтая дзейнасьць будзе прадстаўленая ў цалкам скажоным выглядзе.

«Лідэр БНФ Зянон Пазьняк сыстэматычна выступаў з трыбуны Вярхоўнага Савету супраць якога б ні было супрацоўніцтва як са старой намэнклятурай, гэтак і з канструктыўна стрыманымі незалежнымі дэпутатамі, ня маючы ў самім руху БНФ ніводнага „гаспадарніка“ з досьведам кіруючай дзейнасьці ня толькі на рэспубліканскім, але і на абласным і нават раённым ўзроўні». (Станислав Шушкевич, «Неокоммунизм в Беларуси», Смаленск, 2002, стар. 39).
Менавіта Зянон Пазьняк, на маю думку, самы варты з усіх магчымых кандыдатаў.

Калі ўжо казаць пра супрацоўніцтва, дык сам Шушкевіч як сьпікер парлямэнту валодаў для гэтага несувымерна большымі магчымасьцямі, чым кіраўнік апазыцыі, якая складала дзясятую частку дэпутацкага корпусу. І як сьпікер ён ня мог ня ведаць, што ўсе гады Пазьняк якраз і заклікаў намэнклятуру да супрацоўніцтва ў справе будаўніцтва незалежнай дзяржавы (тады, калі мог гэта рабіць — бо сьпікер Шушкевіч сыстэматычна адключаў мікрафоны дэпутатам Апазыцыі). Прычым ужо празь некалькі дзён пасьля дасягненьня Незалежнасьці, у канцы жніўня 1991-га, Апазыцыя БНФ прыняла зварот да былых камуністаў («Уключайцеся ў дэмакратычны працэс, у рух адраджэньня вольнай, сувэрэннай Беларусі. У нашай культурнай, дэмакратычнай Бацькаўшчыне ніхто не павінен і ня будзе перасьледаваць чалавека толькі за членства ў камуністычнай партыі ці камсамоле»). Шмат якія дасягненьні Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце (прыняцьце распрацаваных намі законапраектаў) якраз былі вынікам дамоўленасьцяў і кампрамісаў з намэнклятурнай большасьцю (у чым, падкрэсьлю, Шушкевіч як старшыня ВС за ўсе гады паспрыяў нам толькі аднойчы — калі ў верасьні 1991-га прымалі дзяржаўную сымболіку).

Пра супрацоўніцтва з «канструктыўна-стрыманымі незалежнымі дэпутатамі» сьведчыць хоць бы тое, што менавіта Апазыцыя БНФ была ядром даволі аморфнага Дэмакратычнага клюбу і заўсёды прыцягвала дэпутатаў да распрацоўкі законапраектаў (у 1994-м многія са «стрыманых», як ён іх называе, дэпутатаў увайшлі ў каманду Пазьняка). Адносна ж «гаспадарнікаў з досьведам кіруючай дзейнасьці» трапна заўважыў Васіль Быкаў — перавага паплечнікаў Пазьняка, казаў Быкаў, яшчэ і ў тым, што сярод іх няма людзей абцяжараных заганным вопытам старых, стэрэатыпных, скампрамэтаваўшых сябе кіроўных мэханізмаў «сацыялістычнай плянавай эканомікі».
І ў тыя дні, і праз гады мне даводзілася чуць, што той эфір зрабіў моцнае ўражаньне кваліфікаванасьцю каманды кандыдата БНФ.


Хаця асобы з глыбокім веданьнем эканомікі ў БНФ былі, і людзей такіх быў не адзін дзясятак, і некаторыя зь іх былі прадстаўленыя ў часе прамога тэлевізійнага эфіру кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Пазьняка.

Усім кандыдатам была дадзеная роўная колькасьць радыё і тэлевізійных эфіраў. Адзін зь іх мы вырашылі скарыстаць для прадстаўленьня эканамічнай групы кандыдата БНФ, хаця у ім узялі ўдзел і некалькі паплечнікаў лідэра БНФ, якія непасрэдна не займаліся эканомікай.

І ў тыя дні, і праз гады мне даводзілася чуць, што той эфір зрабіў моцнае ўражаньне кваліфікаванасьцю каманды кандыдата БНФ.

Перад эфірам я зрабіў здымак — ён застаўся адзіным фотаздымкам падрыхтоўкі да эфіру ў студыі. Але захаваўся відэазапіс з экрану.

Удзел у тым тэлевізійным эфіры ўзяў і Васіль Быкаў, які патлумачыў, чаму на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымлівае менавіта Зянона Пазьняка.


Быкаў: «Матывы вельмі простыя. Менавіта Зянон Пазьняк, на маю думку, самы варты з усіх магчымых кандыдатаў. Варты ён у многіх якасьцях. Таму што найперш сваёй дзейнасьцю ў Народным Фронце ў якасьці лідэра ён засьведчыў свае палітычныя магчымасьці, сваю грамадзянскую сумленнасьць. Апроч таго, свой патрыятызм у адносінах да беларускага народа. Я думаю, што хаця ў нас, канешне, людзей вартых заўсёды хапала, яны ёсьць, яны былі і яшчэ будуць, але на даным этапе, на даным гістарычным этапе, калі краіна апынулася ў такім цяжкім становішчы, іменна ўратаваць з гэтага становішча можа толькі Зянон Пазьняк і яго прэзыдэнцкая палітыка».

Напачатку Пазьняк прадставіў сваю каманду.

Пазьняк: «Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі. Уладзімер Заблоцкі, кандыдат тэхнічных навук, намесьнік старшыні камісіі ВС па навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу. Спадар Заблоцкі займаецца сыстэмным аналізам, вывучэньнем звышмоцнай зброі, падтрымлівае пастаянныя сувязі з вучонымі Расеі і іншых краін. Павінен сказаць, што гэта адзіны эканаміст зь Беларусі, які быў запрошаны Клінтанам на інаўгурацыю. Валянцін Голубеў, кандыдат гістарычных навук, сакратар Камісіі ВС па міжнародных справах. Анатоль Станкевіч, кандыдат эканамічных навук, дыплямант Міжнароднага конкурсу па праблемах канвэртуемасьці рубля (ЗША, 1990 год). Уладзімер Тарасаў, доктар эканамічных навук, намесьнік дырэктара інстытута эканомікі Акадэміі навук. Радзім Гарэцкі, акадэмік АН Беларусі і Расеі, ляўрэат дзяржаўных прэміяў СССР. Юры Беленькі, эканаміст, народны дэпутат Беларусі. Іван Нікітчанка, доктар сельскагаспадарчых навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, віцэ-прэзыдэнт Цэнтра стратэгічных дасьледаваньняў. Аляксандар Сасноў, кандыдат эканамічных навук, член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі. Станіслаў Гусак, інжынэр-энэргетык, намесьнік старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Віталь Масквіч, доктар геоляга-мінэралягічных навук, член-карэспандэнт Міжнароднай энэргетычнай акадэміі. Вінцук Вячорка, сакратар Управы Сойму Народнага Фронту. Сяргей Антончык, народны дэпутат Беларусі, арганізатар Свабоднага прафсаюзу. Пятро Герасімовіч, дырэктар навукова-вытворчага аб’яднаньня «Вэктар».

У тэлестудыі былі тэлефоны, па якіх тэлегледачы маглі задаваць пытаньні. Зачытваў іх Вінцук Вячорка.

Вячорка: «Галіна Нічыпаровіч, Менск: «Калі чытаеш урадавую прэсу, ствараецца ўражаньне, што Народны Фронт — нейкая падпольная арганізацыя. Але мы бачым, што ў Вашую каманду ўваходзяць аўтарытэтныя людзі, выдатныя навукоўцы. Як Вам удалося падабраць такую каманду?»

Пазьняк: «Каманда не падбіралася спэцыяльна пад прэзыдэнцкую кампанію. Гэтая кампанія ўтваралася на працягу шасьці год. Як толькі ўтварыўся Народны Фронт, стваралася гэтая каманда. Таму і прагнозы Народнага Фронту, і распрацоўкі эканамічныя, у іншых галінах, яны былі на дастаткова моцным узроўні. Таму што тут працуюць прафэсіяналы і спэцыялісты сусьветнага ўзроўню. Так што гэта каманда — вынік дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту, які паставіў задачу ратаваць наш народ ад Чарнобыля, ад генацыду, ад карупцыі, абараняць і дапамагаць нашаму народу. Чэсныя, сумленныя людзі, прафэсіяналы пайшлі ў гэтую каманду, пайшлі ў Народны Фронт. Частку эканамічнай групы я вам прадставіў».

Адной з найбольш вострых тэмаў лета 1994 году была інфляцыя. У свой час урад Кебіча адмовіўся ад прапановы Апазыцыі БНФ увесьці паўнавартасную нацыянальную валюту — зь вясны 1992 году ў Беларусі нароўні з расейскімі рублямі хадзілі разьліковыя білеты Нацыянальнага банку, гэтак званыя «зайцы». І Вярхоўны Савет, і Саўмін упарта не пагаджаліся з нашай прапановай увесьці паўнавартасную нацыянальную валюту.
Пазьняк добра адчуваў «нэрв» эфіру і ветліва карэктаваў хаду дыскусіі.


Станкевіч: «Інфляцыя — гэта рабаваньне ўсіх людзей, якія на гэтай справе проста не зарабляюць. І асабліва абрабаваньне пэнсіянэраў, інвалідаў, людзей, у якіх няма ніякай іншай магчымасьці жыць, чым як атрымаць пэнсію. Як можна спыніць інфляцыю? Вопыт цудоўна распрацаваны шмат у якіх краінах сьвету. Эстонія, Літва, Латвія, Чэхія, Славакія. Зараз Расея пачынае памалу займацца інфляцыяй, бачыце, яшчэ курс даляра не падышоў да двух тысячаў. Пра што гэта кажа? Там думаюць, што рабіць. Інфляцыя — гэта бюджэт, расходная частка і даходная. Трэба збалянсаваць гэтыя часткі. А што такое даходная частка бюджэту? Гэта магчымасьць праз расходную частку выплаціць пэнсіі, даць датацыі таваравытворцам...»

У студыі былі высокакваліфікаваныя адмыслоўцы, але не ва ўсіх быў досьвед тэлевізійных выступаў, дзе гаварыць трэба было часам больш спрошчана, чым у асяродку спэцыялістаў, і да таго ж — максымальна каротка. Пазьняк добра адчуваў «нэрв» эфіру і ветліва карэктаваў хаду дыскусіі.

Пазьняк: «Шаноўны Анатоль, усё правільна, што Вы кажаце. Але ў мэтах эканоміі часу дазволь мне назваць пункты. Па пунктах. Першае, каб спыніць інфляцыю — мы павінны ўвесьці нацыянальную валюту. Другое. Мы павінны праводзіць манэтарную палітыку. Трэцяе. Мы павінны праводзіць эканамічныя рэформы, каб падтрымаць нашыя грошы, інакш яны ператворацца ў пустыя паперкі. Далей, мы павінны навесьці парадак у падаткавай сыстэме. Вось чатыры асноўныя складальнікі, якія абавязкова прывядуць да спыненьня інфляцыі, гэта паказвае вопыт іншых краін. Увогуле, спыніць інфляцыю ня так складана, павінна быць толькі дзяржаўная палітычная воля, павінны быць людзі, якія хочуць гэта рабіць. Спадар Тарасаў, прашу Вас».

Тарасаў: «Будучы прэзыдэнт практычна сказаў пра асноўныя мерапрыемствы, якія будзе ажыцьцяўляць яго каманда. Я хацеў бы сказаць, што на падставе ўвядзеньня нацыянальнай валюты мы здолеем таксама вырашыць тую праблему, пра якую кажуць усе іншыя кандыдаты ў прэзыдэнты — праблему кампэнсацыі ўкладаў. Мы здолеем вырашыць гэтую праблему, абапіраючыся на сваю нацыянальную грашовую адзінку. Цяпер жа, калі мы фактычна выкарыстоўваем грашовую адзінку Расейскай Фэдэрацыі, мы гэтага ня здолеем зрабіць. Я хацеў бы сказаць яшчэ, што мы здолеем вырашыць праблему інфляцыі толькі шляхам радыкальнага перагляду фінансавай сыстэмы. Для гэтага будуць унесеныя карэнныя зьмены ў падаткаабкладаньне ў бок карэннага зьмяншэньня ставак падаходнага і іншых падаткаў. Мы будзем таксама уводзіць у абарот нетрадыцыйныя віды тавараў, гэта нерухомасьць, правядзем актыўную працу з разьвіцьцём рынку каштоўных папераў, якога фактычна ў цяперашні час няма, мы зможам ўвесьці (у першы час абмежаваны) абарот і зямлі. І вось такім шляхам, увёўшы сваю нацыянальную грашовую адзінку, мы здолеем у той жа час абмяжоўваць яе масу».

Заблоцкі: «Справа ў тым, што мы падрыхтавалі цэльную праграму, каб правесьці антыінфляцыйную палітыку. І таму будзе праводзіцца новая бюджэтная палітыка, якая будзе пабудаваная на тым, што перш за ўсё будзе адмоўлена ў датацыях вытворцам. І будуць падтрымлівацца тыя, хто ня можа сабе купіць самае неабходнае. Такім чынам будзе падтрымлівацца пакупніцкая здольнасьць насельніцтва, асабліва таго, хто ня можа сябе забясьпечыць».

Бадай што самым галоўным тэзісам афіцыйнай прапаганды адразу пасьля здабыцьця Незалежнасьці было — «Без России нам не прожить» (большасьць расейскамоўных цытатаў у маіх нататках перакладаю на беларускую, а вось гэту фразу пакідаю на мове арыгіналу). І як тлумачэньне: у нас няма нафты (у 94-м менавіта нафта была галоўным эканамічным, а значыць, і палітычным аргумэнтам Масквы, пазьней ім зрабіўся газ).

Увосень 1990-га Пазьняк прапанаваў ідэю стварэньня Балта-Чарнаморскай садружнасьці, тады ж у Менску была праведзеная канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Латвіі і Літвы. Летам 1993-га БНФ у Менску сабраў адмыслоўцаў ужо ў справе канкрэтнага праекту — Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектару, ідэя якога належала Станіславу Гусаку.


Гусак: «Вы ведаеце, што ў нас рынак на паліва манапольны і ён цалкам належыць Расеі. Гандлёвы абмен у нас па клірынгу ішоў з Расеяй, мы атрымлівалі з Расеі нафту і газ, туды накіроўвалі мяса, трактары, калійныя солі, лядоўні, тэлевізары і гэтак далей. У што абыходзіўся нам гэты клірынг? Мы ў Расеі набывалі нафту, дапусьцім, за мяса, і гандлёвы абмен ішоў такі: за тону нафты мы аддавалі Расеі 130 кіляграмаў мяса. На міжнародным рынку эквівалент цаны адной тоны нафты — 25 кіляграмаў мяса. Гэта значыць, мы пераплочвалі Расеі за адну тону нафты пяць сусьветных коштаў, практычна. Таму сёньня ў нас склалася сытуацыя, калі ўнутраная запазычанасьць прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі склала амаль 8 трыльёнаў рублёў на нашай энэргетыцы. Якія мы бачым выхады ў гэтым? Немагчыма будаваць рынкавыя адносіны ва ўмовах манапольнасьці некага ў пытаньнях пастаўкі».

Заблоцкі: «Я хацеў бы дадаць, што, перш за ўсё, трэба праводзіць адпаведную тарыфную палітыку. Дзяржава яе павінна мець. Тое, што сёньня робіцца — гэта дрэнна арыентуе і вытворцаў, і спажыўцоў. І таму пачынаць трэба з эканамічных мэтадаў, з тарыфнай палітыкі. Акрамя таго, мы прапануем вырашыць пытаньне энэргетычнай праграмы, гэта пабудова энэргетычных магутнасьцяў. Я лічу, што трэба тое, што ўжо казалі — ліквідаваць манапалізм у пастаўках».

Многія рэчы, якія праз дваццаць гадоў пададуцца банальнасьцю, тады былі сказаныя ўпершыню. Так, менавіта Пазьняк ўпершыню выказаў меркаваньне, што Беларусь мае выгаднае геапалітычнае становішча і магла б мець значны даход ад транзыту энэргарэсурсаў і тавараў па сваёй тэрыторыі. Гэта гучала ня проста нязвыкла — рэвалюцыйна.
Рэалізацыя праекту Балта-Чанраморскага калектару істотна зьмяншала паліўную залежнасьць Беларусі і Ўкраіны ад Расеі


Пазьняк: «Я павінен дадаць, шаноўныя тэлеслухачы, што калі б нармальна паставіць справу, мы маглі б добра жыць за кошт нашых нафтаперагонных заводаў. Іх трэба мадэрнізаваць. Цяпер яны састарэлі. Гэта першае. Па-другое. На ўтрыманьне расейскай арміі мы кожны год выдаткоўваем адзін мільярд 900 мільёнаў даляраў. І губляем на транзыце мільярд 300 мільёнаў даляраў. Гэта больш трох мільярдаў даляраў. Давайце падзелім гэтыя тры мільярды даляраў на цану адной тоны нафты. 35 мільёнаў тонаў нафты нам забясьпечана. Акрамя таго, мы будзем будаваць Балтыйска-Чарнаморскі нафтавы калектар. Яго пачалі ўжо будаваць (праектныя работы пачалі) Украіна і Літва, прыступае Латвія. Яго будаўніцтва — паўтара года. Каб пачалі раней, мы б яго ўжо мелі. Акрамя таго, гэта 380 мільёнаў даляраў, каб пусьціць яго ў ход. Гэта выдатная ідэя, Станіслаў Гусак зьяўляецца аўтарам гэтай ідэі, і гэта ў значнай ступені палепшыць пытаньне. Акрамя таго, трэба ўлічыць, што 72 працэнтамі нафты ў Расеі зараз распараджаюцца камэрцыйныя структуры. Такім чынам, мы павінны — ган-для-ваць (Пазьняк гэтае слова вымавіў па частках — С. Н.). І нам будзе выгадна гандляваць нафтай з тымі краінамі і з тымі пастаўшчыкамі, дзе нафта больш танная. І цяпер складваецца сытуацыя, што больш танная нафта на Ротэрдамскай біржы ў Савудаўскай Арабіі, чым у Расеі. Такім чынам, калектар дасьць магчымасьць збалянсаваць гэты гандаль».

Станіслаў Гусак прынёс у студыю мапу, на якой быў пазначаны нафтавы калектар.
Многія рэчы, якія праз дваццаць гадоў пададуцца банальнасьцю, тады былі сказаныя ўпершыню.​

Гусак: «Вось тлустай чырвонай лініяй пазначаная частка калектару, якая ўжо сёньня існуе, гэта дзейныя нафтапровады, якія зьвязваюць Вентспілс з Наваполацкам і далей ідзе гэтая магістраль на паўднёвы ўсход Беларусі. І таксама з поўдня існуе дзейсны нафтаправод, ад Адэсы да Крэменчуга. Пункцірам на мапе абазначаная частка магістралі, якую неабходна пракласьці, ад Крэменчуга і на поўнач Украіны. Там ізноў пайшла тлустая чырвоная лінія, гэта дзейны нафтаправод, і далей яна злучаецца яшчэ з адной часткай нафтаправоду, таксама пункцірная лінія, паміж Гомелем і Касьцюковічамі. Па тэрыторыі Беларусі ўсяго толькі 70 кілямэтраў трэба пракласьці, каб задзейнічаць увесь калектар».

Да гэтага варта дадаць, рэалізацыя праекту Балта-Чанраморскага калектару істотна зьмяншала паліўную залежнасьць Беларусі і Ўкраіны ад Расеі. І рэзка зьніжала магчымасьці Масквы. 15 студзеня 1994 году намесьнік старшыні Народнага Руху Ўкраіны Мікола Байчышын бясьследна зьнік. Зь імі былі і дакумэнты-распрацоўкі нафтавага калектару.

Афіцыйная прапаганда сьцьвярджала, што ў Беларусі няма ня толькі нафты — няма ўсяго іншага, патрэбнага для функцыянаваньня вытворчасьці.

Што гэта ня так — сказаў ў часе прамога эфіру доктар навук Віктар Масквіч.

Масквіч: «Ніводная дзяржава ня ў стане забясьпечыць сама сябе ўласнымі рэсурсамі. Як правіла, гэтыя рэсурсы ў большай ці ў меншай ступені набываюцца. Ну ўзяць хаця б высокаразьвітыя капіталістычныя краіны, узяць тую ж Японію. Амаль 100% рэсурсаў сыравіны завозяцца зь іншых краінаў. І таму Беларусі ня трэба баяцца імпарту — імпарту нафты, імпарту энэрганосьбітаў, імпарту іншай неабходнай для прамысловасьці сыравіны. Я павінен падкрэсьліць, што Беларусь сама валодае двума адносна буйнымі радовішчамі жалеза. Агульныя запасы жалезнарудных радовішчаў перавышаюць 500 мільёнаў тон. Калі вы прыкінеце на патрэбы Беларусі, дык распрацоўкі такіх радовішчаў будзе дастаткова для 100% забесьпячэньня прамысловасьці Беларусі мэталам цягам дзясяткаў гадоў. Акрамя таго, беларускія нетры валодаюць шэрагам багатых радовішчаў, узяць хаця б калійныя солі, каменныя солі, так званыя вадкасныя руды з полемэталічным зьместам. Ёсьць цэлы шэраг радовішчаў знойдзеных, але не распрацаваных, гэта рэдкія мэталы. Па кошце яны нашмат перавышаюць золата. Што тычыцца самога золата, дык я вам афіцыйна заяўляю, што Беларусь у самы бліжэйшы час будзе адной з золатаздабываючых краінаў у Эўропе, дзе будзе забясьпечвацца валютная частка нашай эканамічнай праграмы».

Пазьняк: «Я толькі хачу сказаць тэлегледачам, што Віталь Масквіч узначальвае групу, якая распрацавала ў Беларусі новую тэхналёгію здабычы золата. Гэтая тэхналёгія ўжо два гады прымяняецца, і першае золата ў Беларусі ўжо здабыта. Пытаньне валютнага запасу —гэта пытаньне часу».

Яшчэ ў 1992 годзе на пасяджэньне Апазыцыі БНФ прыйшоў віцэ-прэзыдэнт акадэміі навук, акадэмік Радзім Гарэцкі і зрабіў канспэктыўны даклад пра карысныя выкапні ў Беларусі. Інфармацыя Гарэцкага нас уразіла: Беларусь — зусім ня бедная. Пра гэта акадэмік Гарэцкі сказаў і ў часе прамога эфіру зь камандай Зянона Пазьняка.
У нас была яшчэ адна мэта: разбурыць імідж Пазьняка, які стварыла яму ў значнай часткі насельніцтва афіцыйная прапаганда.​


Гарэцкі: «Разумееце, мы не нагэтулькі бедныя, як лічылася да гэтага часу. У нас ёсьць ня толькі карысныя выкапні, пра якія казаў тут Віталь Андрэевіч, ёсьць і іншыя. Гэта і фасфарыты, цыяліты, вугалі, гаручыя сланцы і гэтак далей. Але я хачу падкрэсьліць, што, канешне, самае галоўнае — гэта нармальнае прыродакарыстаньне. І ўжо зараз мы маглі б ня толькі самі карыстацца гэтымі карыснымі выкапнямі, але і вывозіць, гандляваць такімі, напрыклад, мінэральнымі рэсурсамі, ня толькі калійнымі солямі, але каменнымі, гэта — харчовыя солі. Прычым, мы яе столькі маем, што можам накарміць палову сьвету!».

Пазьняк: «Дзякуй, калега Гарэцкі. Мы ня толькі можам, а мы будзем гэта рабіць. Таму што мы не дазволім, каб нашымі нетрамі распараджалася мафія і распараджаліся розныя дзялкі, на шкоду нашаму народу. Заканадаўства падрыхтавана, праектнае заканадаўства. Калега Масквіч зьяўляецца адным м з распрацоўшчыкаў Закону аб нетрах, у Апазыцыі гэты закон ёсьць. Павінен сказаць, што Апазыцыя распрацавала каля 40 законапраектаў, ня кажучы пра канцэпцыі і гэтак далей».
З карупцыяй будуць ісьці самыя жорсткія меры. Вось гэта я як прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта гарантую. І я ўпэўнены ў сваёй камандзе​


Вячорка: «Спадар Анціпчык, Магілёў: Дзе гарантыі таго, што Ваша каманда і Вы пасьля таго, як станеце прэзыдэнтам, зьдзейсьніце тое, пра што гаворыце?»

Пазьняк. «Я павінен сказаць вельмі коратка, таму што мала часу. Толькі Народны Фронт такімі гарантыямі валодае. Я назаву некалькі гарантый. Першае. Гэта правільны навуковы прагноз. Успомніце: усё, што гаварыў Народны Фронт тры-чатыры гады назад аб тым, да чаго прывядзе палітыка гэтага Саўміну і гэтага Вярхоўнага Савету, гэта і карупцыя, гэта і інфляцыя, гэта і разбалянсаваньне цэнаў, гэта і спыненьне вытворчасьці, — аб усім было сказана. Усё так сталася. Гэта гаворыць аб тым, што Народны Фронт валодае навуковым прагнозам. У дзяржаўнай дзейнасьці гэта вельмі важна. Калі дзяржаўны дзяяч ня можа прадугледзець, што будзе зь яго плянам — ня трэба займацца дзяржаўнай палітыкай. Другая гарантыя. Па нашых канцэпцыях, распрацаваных тры гады, чатыры гады назад, фактычна правяла рэформы Эстонія. Асабліва ў фінансава-крэдытнай сфэры. Гэта амаль адзін да аднаго праграма Беларускага Народнага Фронту. Вынік у Эстоніі выдатны. З гэтага году пачаўся прырост вытворчасьці, інфляцыя спыненая ў 92-м. Таварны рынак насычаны, і гэтак далей. Значыць, гэта праверка практыкай. Такім чынам, гэта гарантыя, што нашыя праграмы — гэта ня мыльныя бурбалкі. І трэцяя гарантыя — гэта тое, што Народны Фронт валодае вялікай групай спэцыялістаў сусьветнага клясу. І што самае важнае, гэтыя спэцыялісты ніколі не працавалі ў гэтай карумпаванай сыстэме, яны не навучаныя красьці. Яны не зьвязаныя з карупцыяй. Гэта сумленныя людзі, якія сваё здароўе, як спадар Нікітчанка, гатовыя былі пакласьці на алтар Бацькаўшчыны. І нідзе пра гэта не казалі. Я, напрыклад, упершыню сёньня, у тэлеэфіры, расказаў аб тым, што спадар Нікітчанка прайшоў усю гэтую (чарнобыльскую) зону і што вакол яго паміраюць людзі. Нам патрэбна чацьвёртая гарантыя. І гэтую чацьвёртую гарантыю мы можам толькі здабыць разам з вамі. Гэта — давер народа. Мы разумеем, што гэта двухбаковы працэс. Але са свайго боку мы можам толькі зрабіць заяву, што мы, уся наша каманда, зробіць дэклярацыі аб сваіх даходах. Акрамя таго, я гарантую, што як толькі будзе заўважана ў сфэры дзяржаўнай дзейнасьці, у сфэры апарату, сувязі з карупцыяй — гэтыя людзі будуць адразу звольненыя і справа будзе перададзеная ў суд. Закон будзе выконвацца. З карупцыяй будуць ісьці самыя жорсткія меры. Вось гэта я як прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта гарантую. І я ўпэўнены ў сваёй камандзе».

На прамым тэлеэфіры з камандай Зянона Пазьняка была прадстаўленая эканамічная канцэпцыя. Гаварылася і пра Чарнобыль, і пра калгасы, і пра расейскую мову. У нас была яшчэ адна мэта: разбурыць імідж Пазьняка, які стварыла яму ў значнай часткі насельніцтва афіцыйная прапаганда. Як гэта рабілася — пра гэта наступным разам.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG