Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праганялі русалку


Русальле ў Вялікім Бары
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:37 0:00

15 чэрвеня ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёну ладзілі старадаўні летні абрад — Русальле. Традыцыя трымаецца найперш на жанках сталага веку. Людзі здавён верылі, што цэлы тыдзень пасьля Сёмухі Русалка жыве на зямлі — такая мітычная істота з тварам прыгажуні, доўгімі валасамі і рыбіным хвастом. І зьвязаная яна з вадаёмамі, жытнёвым полем і лесам.

Велікаборцы ведаюць, што Русалка можа й шкоды гаспадарцы нарабіць: гароды й палеткі стаптаць, градам пабіць, смаляную цыцку дзіцяці даць, а то й мужыка зьвесьці. Таму ў Русальны тыдзень жанкі гарод не палолі, не рыхлілі, бо па сьвежым сьледзе Русалка хутка гаспадароў знаходзіць. А рыхтаваліся выправадзіць Русалку зь вёскі.

Апавядае 63-гадовая Галіна Харошка, галасістая сьпявачка, выдатная знаўца прыгожага мясцовага абраду-фэнтэзі:
Галіна Харошка
Галіна Харошка
«Русалкі — яны ж і шкоду робяць. Калі мы прагонім іх, ніхто ніякай шкоды тут нам ня будзе рабіць, і ўсё будзе ў нас добра. Мы чакаем Русальля! Ведаем: мінула Ўшэсьце, потым Сёмуха — і вось яна, Русалка. І, ведаеце, імкнёмся не чапаць дома зямлю. Ня трэба чапаць зямлю на Русальным тыдні. Ня ведаю, як хто, але я прытрымліваюся: не варушу зямлю анідзе. І вось бачыце, і дождж да нас бяз граду прыйшоў. Кажуць, што акурат да Русальля — градавы тыдзень. Калі будзеш рыхліць зямлю, то можа пайсьці град і пабіць усё».

Прыгожы народны рытуал з магіяй абярэгу ўраджаю, добрых людзкіх стасункаў і выхаваньня дзятвы традыцыйна пачынаецца з пляценьня вялікага абрадавага вянка і малых вяночкаў для кожнай удзельніцы. Зёлкамі аздабляюць і саму Русалку — гэтым разам дзевяціклясьніцу Жану Харошку. Яе ахоўнікі — маладыя хлапцы з ладнымі букетамі крапівы — сьцерагуць Русалку, каб хто, крый божа, дачасна не скубануў у вёсцы яе жывое зялёнае ўбраньне. Такая своеасаблівая дыпляматычная недатыкальнасьць, ажно пакуль не давядуць Русалку да жытнёвага поля.


Пад адмысловыя русальныя песьні грамада рушыць вуліцаю наўскрай сяла, дзе на ўзьмежку гарыць сакральнае вогнішча.

Вакол вогнішча вяскоўцы водзяць разам з Русалкаю карагоды, а потым адпускаюць яе ў жытнёвае поле. Маладзейшыя пускаюцца за Русалкай у пагоню, зрываюць з Русалкі чароўны зялёны ўбор і асьвячаюць пасьля над вогнішчам. І самі скачуць праз агонь, каб ачысьціцца ад магічнай сілы Русалкі.

І вянкі русальныя асьвячаюць над вогнішчам, каб адразу пасьля сьвята пакласьці іх у гародах на грады. Русалку выправілі — радзі, зямля, усё, што вяскоўцы пасеялі! Калі ж якая гаспадыня цэлы вянок на каліва капусты надзене, то й качаны вырастуць акурат пад акружнасьць вянка.
Асьвячэньне вянкоў над вогнішчам
Асьвячэньне вянкоў над вогнішчам


Вяскоўцы зь Вялікага Бору лічаць, што іхняму абраду сама меней сто гадоў. У Галіны Аляксееўны з трывогай і надзеяй цікаўлюся: а як захаваць Русальле на новае стагодзьдзе? Каб і празь дзесяць, і празь пяцьдзясят гадоў у вёсцы гэтаксама чакалі Русальля, вадзілі карагоды і з радаснымі воклічамі адпускалі Русалку ў жыта.

Харошка: «На маю думку, калі ня будзе такіх людзей, як я, як Жана Ўладзіміраўна, то гэты абрад можа прапасьці. Трэба вучыць дзяцей, каб дзеці хадзілі на заняткі. Навучыць песьням, каб ішлі, падпявалі. Гэтак, як студэнткі, якія прыехалі з Унівэрсытэту культуры. Яны перапісалі ўсе гэтыя нашы песьні — і мы ў мяне дома сьпявалі. Яны так хораша падпяваюць. А калі не вучыць, то прападзе наш абрад. Прападзе».
Анатоль Харошка з Русалкай унучкай Жанай
Анатоль Харошка з Русалкай унучкай Жанай


Усе апошнія гады Русальле ладзілася з ініцыятывы сямейнай пары Жаны і Анатоля Харошкаў, мясцовых ураджэнцаў і культработнікаў. Праз пару тыдняў яны абое сыходзяць на пэнсію. І як там яно далей будзе, у Вялікім Бары толькі гадаюць.

Сама Жана Ўладзіміраўна кажа, што нездарма ж вяскоўцы абаранілі свой абрад — у Міністэрства культуры зьвярнуліся, а міністэрства, у сваю чаргу, зьвярнулася ў Саўмін з прапановай надаць абраду «Русальле» статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасьці. Ня зьнікне Русальле ў бліжэйшае дзесяцігодзьдзе:

«Я думаю, што абрад „Русальле“ не памрэ, бо мы, старэйшыя. яшчэ будзем у ім удзельнічаць — кожны год, пакуль будзем жыць. Нашы дзеці, унукі таксама цягнуцца да гэтага абраду. Унучка мая ўдзельнічае ў праводзінах Русалкі — яна гэтым разам за Русалку. Мы радня, і да гэтага яе прызвычайваем. Мая бабуля, Праскоўя Харошка, на Русальле са сваімі старэнькімі жанкамі хадзіла й сьпявала. Мы за імі беглі, прыглядаліся, як яны што рабілі й сьпявалі. Ад бабулі гэта мне перадалося. І маці мая ўдзельнічала, вадзіла Русалку. Цяпер яна прыхварэла, а так вадзіла. І вось гэта ў нас так ідзе і ідзе».


Студэнты ўнівэрсітэту культуры
Студэнты ўнівэрсітэту культуры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG