Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыйны суд мае спыніць дыскрымінацыю беларускамоўных


Асамблея НДА заклікае бараніць беларускую мову праз Канстытуцыйны суд

Рабочая група Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі падтрымала ініцыятыву юрыста Гары Паганяйлы зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусі наконт хібаў у моўным заканадаўстве, што дазваляюць дыскрымінаваць беларускую мову.

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Зьмены ў заканадаўстве аб Канстытуцыйным судзе цяпер даюць магчымасьць зьвяртацца ў яго і грамадзкім арганізацыям, і грамадзянам з мэтай паказаць і ўхіліць супярэчнасьці у наяўным заканадаўстве. Як гэта зрабіць?

Сябра Рабочай групы Асамблеі НДА Вінцук Вячорка апавёў Свабодзе:
«Кожны з нас, беларускамоўных, сутыкаўся з стандартнай сытуацыяй: нашым дзецям не даюць вучыцца па-беларуску побач з домам; натарыюс адмаўляецца па-беларуску засьведчыць дакумэнт; у банку патрабуюць пісаць па-расейску прозьвішча і г. д. Аргумэнтацыя ў чыноўнікаў, што дыскрымінуюць беларускую: «У нас дзьве дзяржаўныя мовы». Але ж апошняе павінна азначаць, што акурат грамадзяне выбіраюць мову, а чыноўнік (дзяржава) забясьпечвае ім права выбару. Аднак марна шукаць у заканадаўстве адпаведныя тлумачэньні і гарантыі.

Як зазначае Вячорка, Гары Паганяйла з Хэльсынскага камітэту зьвярнуў увагу, што ад нядаўна ня толькі дзяржаўныя органы, але грамадзяне і грамадзкія арганізацыі могуць зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, калі ў законах ёсьць прабелы, калізіі ды няпэўнасьць. І сам праявіў ініцыятыву, напісаўшы зварот у Канстытуцыйны суд пра нявызначанасьць рэальнага статусу беларускай мовы, і заклікаў іншых зрабіць тое самае.
Гары Паганяйла

Гары Паганяйла


Паводле Вячоркі, Асамблея няўрадавых арганізацыяў падтрымала справу, бо зьнявага беларускае мовы баліць шмат каму з актыўных людзей:
«Калі ў Канстытуцыйны суд паступяць дзясяткі, а лепш сотні зваротаў з канкрэтнымі прыкладамі парушэньня моўных правоў грамадзянаў, уладзе ня будзе як рабіць выгляд, што „беларускую мову ніхто не ўшчамляе“, а Канстытуцыйны суд змушаны будзе рэагаваць. Трэба выкарыстоўваць усе спосабы дамаганьня нашых беларускіх правоў».

Звароты могуць быць як пісьмовыя, так і электронныя. Арганізатары прапануюць дасылаць копіі зваротаў у СМІ, а таксама ў Выканаўчае бюро Асамблеі НДА для прыцягненьня шырокай грамадзкай увагі.
Асамблея НДА — гэта найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднаньне няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў, якое спрыяе разьвіцьцю дэмакратычнай праўнай дзяржавы й уплывае на зьмены ў грамадзтве. Заснаваная ў 1997 годзе, асацыяцыя на сёняшні момант налічвае болей за 300 сябраў. Асамблея працуе таксама з НДА, якія не ўваходзяць у яе склад, але прыярытэтная ўвага аддаецца сваім сябрам — як зарэгістраваным арганізацыям, так і незарэгістраваным ініцыятывам.

Асамблея спрабавала тройчы атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі, аднак, з розных прычынаў, Міністэрства юстыцыі адмаўляла у рэгістрацыі. У склад Асамблеі ўваходзяць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя ініцыятывы. У ліпені 2011 году Асамблея НДА была зарэгістраваная ў Літве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG